Пэтыцыя за адстаўку прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іна за памылкі ў змаганьні з COVID-19 набрала на раніцу 26 лютага больш як 400 тысяч подпісаў, піша The Korea Herald.
Паводле законаў Рэспублікі Карэі, улады мусяць адказаць на пэтыцыю цягам месяца, калі яна зьбярэ 200 тысяч подпісаў.
Карэйцы крытыкуюць прэзыдэнта за тое, што ўрад не забараніў уезду іншаземцаў з Кітаю. Таксама адзначаюць недахоп мэдыцынскіх масак у Паўднёвай Карэі і адпраўку 3 мільёнаў масак у Кітай.
Акрамя таго, больш за паўмільёна чалавек падпісалі іншую пэтыцыю — аб прымусовым роспуску царквы «Храм скініі сьведчаньня Шынь-чонджы». Успышку каранавірусу ў Паўднёвай Карэі зьвязваюць з гэтай царквой, якую называюць сэктай (прыхільнікі якой вераць, што яе заснавальнік — «увасабленьне другога прышэсьця Хрыста»), бо каля 60% зафіксаваных выпадкаў COVID-19 былі сярод прыхільнікаў царквы.
Цяпер Паўднёвая Карэя — другая пасьля Кітаю ў распасюджанасьці COVID-19 (у Кітаі звыш 78,1 тысячы выпадкаў, у Паўднёвай Карэі — 1146 выпадкаў) і трэцяя ў сьмерцях ад наступстваў інфэкцыі (2717 у Кітаі, 16 у Іране, 12 у Паўднёвай Карэі, 11 у Італіі).
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ