Сьцісла:
- Любыя выбары – гэта агульнанацыянальная дыскусія пра шляхі краіны
- Асаблівыя ўмовы выбарчай кампаніі робяць альтэрнатыўнае бачаньне вядомым усёй краіне, а ня толькі вузкаму колу актывістаў
- Дзьве меншасьці – «толькі Лукашэнка» і «абы не Лукашэнка», а паміж імі – беларуская большасьць
- СМІ ня могуць не асьвятляць выбары, пакуль яны цікавыя грамадзтву
- Удзел у выбарах, вынік якіх перадвызначаны, прад'яўляе альтэрнатыву – ня больш, але і ня менш
Характар выбараў, якія праводзяцца ў Беларусі, вядомы. З прычыны спосабаў фармаваньня выбарчых камісіяў і падліку галасоў іх вынік перадвызначаны. Іншым гэты вынік можа быць толькі дзякуючы цуду. Цуды ў жыцьці часам здараюцца, але даволі рэдка.
Выбары як нацыянальная дыскусія
Але чаму важныя нават тыя выбары, вынік якіх перадвызначаны? Таму што любыя выбары – гэта агульнанацыянальная дыскусія пра шляхі краіны. Выбары могуць быць і несапраўднымі ў сэнсе працэдуры вызначэньня асобаў, якія будуць кіраваць дзяржавай, але сапраўднымі як дыскусія пра тое, як вырашаць самыя балючыя праблемы грамадзтва.
Зразумела, нікому не забаронена весьці гэтую дыскусію ў любы час, а ня толькі падчас афіцыйных выбарчых кампаніяў.
Але хто чуе яе ў звычайны час, на каго ўплывае вынік той дыскусіі ў звычайны час?
Падчас выбарчай кампаніі менавіта ў сэнсе спаборніцтва ідэяў, плянаў, праграмаў дзейны кіраўнік і яго апанэнты роўныя. У звычайны час апанэнты ўлады могуць абмяжоўвацца крытыкай. Падчас выбарчай кампаніі апанэнты аўтарытарнага ўладара, хай і рытарычна, але прымяраюць на сябе цяжар адказнасьці першай у дзяржаве асобы.
Rendez-vous палітыкаў з народам
Выбарчая кампанія — сустрэча народу з палітыкамі, якая часам дае нечаканасьці. Прычым, часам для абодвух бакоў. Народ даведваецца адказ на пытаньне «Хто, калі ня ён?»
Але і палітыкі з прычыны асаблівасьцяў сытуацыі выходзяць са звыклага ім кола прыхільнікаў і аднадумцаў, у якім яны ў звычайны час пераважна варацца.
Адносна таго ці іншага кроку, які адпавядае поглядам палітыка, у коле паплечнікаў ён можа казаць — любой цаной. Падчас выбарчай кампаніі даводзіцца сутыкацца з тымі, хто не гатовы плаціць за любімыя ідэі палітыка любую цану, а тое і ніякую. І на гэта ў сытуацыі выбарчай кампаніі даводзіцца неяк рэагаваць. Неабавязкова згаджацца, неабавязкова кожнаму казаць тое, што ён хоча пачуць, але неяк рэагаваць, выходзіць зь ўтульнай «бурбалкі», дзе ўсе з табой згодныя і нікога ня трэба пераконваць.
Ізноў жа — ніхто не перашкаджае рабіць гэта ў любы час. Але ў звычайны час гэта патрабуе адмысловых высілкаў, падчас выбарчай кампаніі гэта адбываецца аўтаматычна. Хіба гэта непатрэбна самім палітыкам?
Што б вы рабілі на месцы Лукашэнкі?
Уладар, у выпадку Беларусі – Лукашэнка, робіць гэтак, вырашае праблемы, якія стаяць перад грамадзтвам гэтак. А як вырашалі б вы, калі б апынуліся на яго месцы, у вас ёсьць пра гэта нейкае ўяўленьне? На гэтае пытаньне ўдзельнікі кампаніі мусяць даваць нейкі адказ, прычым адказ, грунтаваны на існых рэаліях грамадзтва.
У звычайны час адказ можа быць – зладзім рэвалюцыю і памяняем усё. Рамка выбарчай кампаніі прымушае даваць свае абяцаньні і прапаноўваць рашэньні з улікам кантэксту, разуменьня таго, што Беларусь і пасьля зьмены ўлады прачнецца з той жа дэмаграфіяй, з той жа структурай эканомікі, з тымі ж суседзямі.
Асаблівыя ўмовы выбарчай кампаніі зробяць гэтыя прапановы, гэтае альтэрнатыўнае бачаньне, вядомымі ўсёй краіне, а ня толькі вузкаму колу актывістаў.
У цяперашніх умовах яны не перамогуць, не ўвасобяцца ў жыцьцё – скажа чытач. Так, інакш Беларусь была б дэмакратыяй, а не аўтарытарнай краінай. Але людзі даведаюцца, якія ёсьць альтэрнатывы – хто можа прапанаваць іншы шлях і які менавіта.
«Толькі Лукашэнка», «абы не Лукашэнка» і беларуская большасьць
Кепска, што гэтыя прапановы ў сучаснай Беларусі немагчыма рэалізаваць у прынцыпе. Але хіба ня горш, калі ніякіх уцямных прапановаў і няма, акрамя «Далоў Лукашэнку».
Ёсьць дзьве меншасьці. Для адной – толькі Лукашэнка, для іншай – абы ня Лукашэнка. А паміж імі – беларуская большасьць, для якой ён – у нечым кепскі, у нечым добры, у нечым (для некаторых) сапсаваўся, у нечым (для іншых) – нават і палепшыўся. Вось гэтая большасьць – і ёсьць адрасат альтэрнатывы, якая прадʼяўляецца падчас выбарчай кампаніі.
Альтэрнатывы і пэрсанальнай, і ідэйнай, альтэрнатывы ў разуменьні, у досьведзе, у волі, у красамоўстве, нарэшце. Словам, у гэтым сэнсе – як і на сапраўдных выбарах.
Ну а калі альтэрнатывы незаўважныя, невядомыя – то з кім, пад чыім кіраўніцтвам адбудуцца хоць калі-небудзь зьмены хоць на свабодных выбарах, хоць якім іншым шляхам?
Асаблівасьць выбарчых кампаніяў палягае ў тым, што пераважна яны факусуюць грамадзкую ўвагу на альтэрнатывах. Часам гучаць прапановы – а хай СМІ не асьвятляюць гэты выбарчы фарс. Хай. Але асьвятляць усё роўна будуць. Бо наіўнае ўяўленьне, што СМІ аўтаномна ад грамадзтва вызначаюць інфармацыйны парадак дня. СМІ паведамляюць пра тое, што цікава грамадзтву. Калі яны пішуць пра выбары (якія нават і нявыбары), значыць, грамадзтву гэта цікава.
Ну і іншы паказьнік, які тычыцца ўжо грамадзкай думкі – гэта тое, што з палітыкаў памятаюць тых, хто ўдзельнічаў у выбарах. Ня тое, каб надта, але іншых і настолькі ня памятаюць.
Ня больш, але і ня менш чым альтэрнатыва
Выбарчыя кампаніі ў адсутнасьці сапраўдных выбараў – не адзіны шлях прадʼяўленьня альтэрнатывы. Так, не адзіны. Але адзін з магчымых.
Альтэрнатыва, прадʼяўленая падчас выбарчай кампаніі, ня мае шанцаў перамагчы на выбарах. Так, ня мае, калі не ўлічваць выпадак цуду. Але яе можа і запомняць. Яе можа і прыгадаюць у нейкай будучыні, у сытуацыі іншага выкліку, з сёлетнімі выбарамі ніяк не зьвязанай.
Можа запомняць, можа прыгадаюць – ну так, ніякіх гарантыяў на посьпех ані зараз, ані ў будучыні ўдзел у выбарах не дае. Дык іх нічога не дае.
Удзел у выбарах, вынік якіх перадвызначаны, прадʼяўляе альтэрнатыву. Ня больш. Але і ня менш.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.