Швайцарыя спадзяецца, што Беларусь будзе ісьці шляхам дэмакратызацыі, і гатовая дапамагчы ў гэтым, сказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства гэтай краіны Іньняцыё Касіс пасьля перамоваў са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем.
Як паведамляе сайт МЗС Беларусі, 13 лютага ў Менску адкрылася амбасада Швайцарыі.
Касіс: «Лічым, што кірунак руху Беларусі правільны»
«Мы разьлічваем, што Беларусь будзе ісьці па шляху дэмакратызацыі, захаваньня правоў чалавека. Хоць разумеем, што гэты шлях нялёгкі і досыць доўгі, але лічым, што кірунак руху Беларусі правільны. Як любы дэмакратычны працэс, ён патрабуе часу і высілкаў», — сказаў Іньняцыё Касіс.
Ён нагадаў, што Швайцарыя выступае супраць сьмяротнага пакараньня, таму гэтую тэму ўзьняў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. І лічыць важным крокам беларускага боку ў гэтым напрамку дзейнасьць парлямэнцкай рабочай групы ў пытаньні адмены вышэйшай меры.
Як паведаміла прэзыдэнцкая прэс-служба, на сустрэчы з Касісам Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі са Швейцарыяй заўсёды былі добрыя адносіны, але ёсьць куды расьці, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сфэры.
Падчас сустрэчы Іньняцыё Касіс запрасіў кіраўніка Беларусі на хакейны чэмпіянат, які мае прайсьці ў Швайцарыі сёлета ў траўні.
«Я хацеў бы запрасіць вас наведаць адзін з матчаў чэмпіянату. Гэта быў бы першы, такі неафіцыйны, але вельмі важны крок» — сказаў ён падчас сустрэчы з Лукашэнкам. Відэа размовы апублікаваў блізкі да прэсавай службы Лукашэнкі Телеграм-канал «Пул Первога».
Лукашэнка падзякаваў Касісу і адзначыў, што «калі так здарыцца, мы даручым Пэтэру Шпулеру (уладальніку кампаніі Stadler Rail Group) арганізацыю гэтага візыту».
Макей: «Нельга ўзяць Беларусь і перанесьці ў камфортнае месца»
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, як піша БелТА, адмоўна адказаў на пытаньне журналістаў аб тым, ці можа Беларусь выйсьці з-пад расейскага ўплыву.
«Беларусь, як і Швайцарыя, ня можа выйсьці са сфэры чыіхсьці інтарэсаў, са сфэры інтарэсаў вялікіх суседзяў, — сказаў ён. — На жаль, нельга ўзяць Беларусь і Швайцарыю і перанесьці ў нейкае іншае, больш камфортнае месца».
Пры гэтым Макей адзначыў, што Беларусь і Швайцарыя заўсёды будуць мець шмат агульных інтарэсаў, якім бы ня быў уплыў большых геапалітычных сілаў.