Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хабары на мільёны даляраў і «дах» намесьніка кіраўніка ГУБАЗіК. БТ паказала расьсьледаваньне «Цукровая мафія»


Дробны расейскі бізнэсовец даваў хабар кіраўнікам усіх цукровых заводаў Беларусі, а былы кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй іх пакрываў — так, на думку аўтараў расьследаваньня на БТ, дзейнічала «беларуская цукровая мафія».​


У праграме «Панарама» паказалі расьсьледаваньне Андрэя Крывашэева «Цукровая мафія» з удзелам начальніка аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака і з выкарыстаньнем апэратыўных здымкаў. Тлумачым галоўнае.

Як працавала схема

Паводле сьледзтва, у Расеі стварылі фірму-«пракладку» для пастаўкі сыравіны «Палімір», а ў Беларусі завод-манапаліст вытворчасьці мяхоў для цукру «Эўратарэкс». Нібыта мясцовы завод неўзабаве пачынае працаваць «у нуль», а ўвесь прыбытак застаецца на рахунках расейскага пасярэдніка, пераводзіцца ў гатоўку і разьмяркоўваецца паміж хаўрусьнікамі.

Як сьцьвярджае ў рэпартажы сьледчы Канстанцін Бычак, менавіта дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Крыштаповіч прапанаваў расейскаму бізнэсоўцу Кананенку і дырэктару «Беларускай цукровай кампаніі» Кірылаву арганізаваць бізнэс для вытворчасьці ўпакоўкі цукру.

Ён кажа, што ў «Паліміру», да якога меў дачыненьне расеец Кананенка, куплялі сыравіну для «Эўратарэксу» па завышаных цэнах.

«Выдаткі „Эўратарэксу“ расьлі, таксама як і сумы на рахунках „Паліміру“. Грашовыя сродкі на рахунках „Паліміру“ пры дапамозе расейскіх ілжэпрадпрымальніцкіх структураў пераводзіліся ў наяўныя і дзяліліся паміж трыма ўдзельнікамі злачыннай схемы ў роўных долях», — кажа Бычак.

Дырэктары трох іншых беларускіх прадпрыемстваў нібыта атрымлівалі ўзнагароджаньне да 3 цэнтаў за кожны куплены мех цукру.

Аўтар расьсьледаваньня Андрэй Крывашэеў сьцьвярджае, што ценевы даход сягаў сотняў тысяч даляраў. І наўпрост абвінавачвае дырэктараў у стратах прадпрыемстваў, а іхную дзейнасьць параўноўвае з марадэрствам.

«Беларускую цукровую кампанію» (БЦК), якая дзейнічала ў Маскве, называюць «шырмай для карупцыйнай схемы».

«Злачынныя прыбыткі ў мільёны даляраў»

Сьледчы Бычак сьцьвярджае, што дырэктары ўсіх 4 цукровых заводаў уступілі ў злачынную змову з Кананенкам і дырэктарам БЦК Кірылавым. Яны сыстэматычна атрымлівалі хабар за арганізацыю адгрузкі беларускага цукру ад БЦК на адрас камэрцыйных структураў.

«4 заводы адгружалі ўвесь экспартны абʼём БЦК. Далей значная частка ішла падкантрольным пасярэднікам», — сьцьвярджае Крывашэеў.

Сьледчы кажа, што дырэктары заводаў за гэтую схему атрымлівалі ад Кананенкі хабары ў памеры ад 1 да 2,5 даляраў ЗША за кожную тону. Паводле яго, агульная сума налічвае сотні тысяч даляраў штогод.

Крывашэеў, спасылаючыся на апэратыўныя зьвесткі, кажа, што незаконны прыбытак налічваў мільёны даляраў.

«Салодкі бізнэс цаной зьнішчэньня ўласных прадпрыемстваў», — заяўляе Крывашэеў.

У рэпартажы прадэманстравалі кадры з апэратыўнага сачэньня. На іх нібыта паказана, як дырэктар Жабінкаўскага заводу Віктар Міронаў забірае хабар у офісе «Паліміру». Такія ж здымкі паказаныя з удзелам дырэктараў Скідзельскага і Слуцкага камбінатаў. Хабар нібыта перадавалі раз на тры тыдні.


Сьледчы Бычак сьцьвярджае, што нумары купюраў, якімі давалі хабар, фіксавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Нібыта тыя ж купюры знайшлі падчас ператрусаў у фігурантаў справы.

Ціхіня пакрываў «цукровы бізнэс»

У матэрыяле сьцьвярджаюць, што пакрываў схему былы намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Уладзімер Ціхіня.

У рэпартажы паказалі відэакадры, на якіх Ціхіня нібыта атрымлівае хабар ад бізнэсоўца Кананенкі.

Сьледчы Бычак кажа, што Ціхіня паведамляў удзельнікам схемы інфармацыю пра дзейнасьць у дачыненьні да іх праваахоўных органаў, даваў парады наконт кансьпірацыі і гарантаваў спыненьне праверак МУС.

Нібыта ён таксама задбаў, каб на пост дырэктара канцэрну «Белдзяржхарчпрам» ня быў прызначаны нязручны для ўдзельнікаў схемы чалавек, пры якім яна не магла б дзейнічаць.

Ціхіню затрымалі першым. Таксама затрыманыя:

  • дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,
  • дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,
  • дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,
  • дырэктар Скідзельскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,
  • дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,
  • расейскі бізнэсовец Кананенка
  • і некалькі фігурантаў «меншага маштабу».

КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» у дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» ў дачыненьні да бізнэсоўцаў. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў.

Расьсьледаваньне працягваецца. Сьледчы Канстанцін Бычак сьцьвярджае, што фігуранты даюць паказаньні з прызнаньнямі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.

«Будзе справядліва, калі давядзецца нясалодка ўсім фігурантам гэтай гучнай цукровай справы», — завяршае сюжэт Андрэй Крывашэеў.

Фінальныя кадры сюжэту на БТ
Фінальныя кадры сюжэту на БТ

Што казаў пра «цукровую справу» Аляксандр Лукашэнка

4 лютага Аляксандар Лукашэнка раскрыў падрабязнасьці «цукровай справы».

«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па заніжаных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў».

Лукашэнка дадаў, што яго гэта абурыла. Справа, сьцьвярджае ён, даўно была на кантролі спэцслужбаў.

«Мне даклалі, што за бесцань прадавалі гандлёваму дому гэты цукар, а частка па нейкай там павялічанай цане вярталася ў Беларусь, — сказаў ён. — Можа, цукар нават не вывозілі ў Маскву і назад не завозілі. А дакумэнты ішлі туды, пераафармлялі, і тут проста з заводаў на наш рынак пастаўлялі гэты цукар з маржай. А потым гэтую маржу дзялілі на хабары».

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ён асабіста загадаў зьняць дырэктараў цукровых заводаў Мікалая Прудніка і Міхаіла Крыштаповіча з самалёта і зьмясьціць у сьледчы ізалятар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG