Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо прыбыў у суботу ў казахстанскую сталіцу, дзе абмяркуе з кіраўніцтвам краіны пытаньні двухбаковага і рэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама глябальныя выклікі.
Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Казахстану Айбэк Смадыяраў.
«Пампэо прыбыў у Казахстан», — сказаў ён журналістам.
У рамках візыту прадугледжаны сустрэчы Пампэо з кіраўніком дзяржавы Касым-Жамартам Такаевым, першым прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым, а таксама міністрам замежных справаў Казахстану Мухтарам Тлеубэрды. Падчас іх будуць абмяркоўвацца аспэкты двухбаковага і рэгіянальнага супрацоўніцтва, а таксама актуальныя пытаньні глабальнага парадку.
У Нур-Султан амэрыканскі дзяржаўны сакратар прыбыў зь Менску пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком беларускага МЗС Уладзімерам Макеем.
Ад 2 да 3 лютага Пампэо наведае Ўзбэкістан, дзе сустрэнецца з прэзыдэнтам Шаўкатам Мірзіёевым і міністрам замежных справаў Абдулазізам Камілавым. Акрамя таго, кіраўнік амэрыканскага вонкавапалітычнага ведамства возьме ўдзел у міністэрскай сустрэчы ў фармаце «Цэнтральная Азія — ЗША», якая пройдзе ў Ташкенце.
Раней заплянаваная на 3-7 студзеня паездка дзяржсакратара ЗША ва Ўкраіну, у Беларусь, Казахстан, Узбэкістан і на Кіпр была адкладзеная з прычыны абвастрэньня сытуацыі ў Іраку, дзе каля амэрыканскай амбасады праходзілі акцыі пратэсту.