Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма чалавека — няма праблемы». Куды вывезьлі парэшткі расстраляных у магілёўскіх Курапатах?


Крыж памяці на ўскрайку кар’ера Давыдаўка, дзе ў 1987 годзе знайшлі чалавечыя парэшткі
Крыж памяці на ўскрайку кар’ера Давыдаўка, дзе ў 1987 годзе знайшлі чалавечыя парэшткі

30 гадоў таму зьявіліся першыя публікацыі пра чалавечыя парэшткі, знойдзеныя ў магілёўскім кар’еры «Давыдаўка». Афіцыйнага пацьверджаньня, што яны належаць расстраляным у часы сталінскіх рэпрэсій, няма. Разам з тым не абвяргаюцца знойдзеныя дасьледчыкамі рэпрэсій факты, якія гэта пацьвярджаюць.

Сьцісла пра магілёўскія Курапаты

  • Першыя публікацыі пра іх зьявіліся ў студзені 1990 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» ды друкаваным органе абкаму камуністычнай партыі «Магілёўская праўда».
  • Нагодай стала тое, што ў 1987 годзе ў кар’еры «Давыдаўка» выявілі парэшткі 100 чалавек. Кастрычніцкі райвыканкам Магілёва стварыў камісію, якая мелася разабрацца ў гэтым, але яна «працу да канца не давяла».
  • У 1990 годзе пракуратура Кастрычніцкага раёну паведамляла, што расьсьледуецца крымінальная справа па факце расстрэлаў грамадзян у 1934–39 гадах.
  • Знойдзеныя ў кар’еры Давыдаўка парэшткі зьвезьлі, паводле публікацыі «Магілёўскай праўды», на «Паўночныя могілкі».
  • 29 кастрычніка 1989 году з ініцыятывы магілёўскай філіі «Мартыралёгу Беларусі» на ўскрайку кар’ера Давыдаўка ўсталявалі крыж у памяць пра расстраляных.

«Ямы, запоўненыя чалавечымі астанкамі»

Першай пра магілёўскія Курапаты на праспэкце Дзімітрова (паўгадзіны грамадзкім транспартам ад цэнтру гораду) напісала «Літаратура і мастацтва». На пачатку 1990 году газэта апублікавала артыкул старшыні Магілёўскай філіі Таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралёг Беларусі» Тамары Раманьковай (памерла ў 1999 годзе) з вынікамі грамадзкага расьсьледаваньня сытуацыі ў кар’еры Давыдаўка. Дасьледаваньне грунтуецца на аповедах сьведак масавых расстрэлаў у гэтай мясьціне.

Адна зь першых публікацый пра магілёўскія Курапаты ў газэце «Магілёўская праўда»
Адна зь першых публікацый пра магілёўскія Курапаты ў газэце «Магілёўская праўда»

Паводле іх, чалавечыя парэшткі з кулявымі адтулінамі ў чарапах, а таксама абутак, рэшткі адзеньня ў кар’еры знаходзілі яшчэ ў 1960-х гадах, але значэньня гэтаму не надавалі.

«Чалавечыя парэшткі знаходзіліся неглыбока, менш за мэтар, — піша Раманькова, спасылаючыся на аповед экскаватаршчыка Дзівічынскага. — Аднойчы экскаватары зьнялі верхні пласт зямлі і адкрылі некалькі ямінаў, запоўненых чалавечымі астанкамі».

Як вынікае з публікацыі, пакуль грамадзкасьць не запатрабавала спыніць працы ў кар’еры, чалавечыя косткі развозілі разам зь пяском на будоўлі.

Экспэрт: гэта ахвяры сталінскіх рэпрэсій

У інтэрвію газэце «Магілёўская праўда» ў студзені 1990 году супрацоўнік абласнога судова-мэдычнага бюро і чалец камісіі пры Кастрычніцкім райвыканкаме Валеры Манышаў казаў: падчас раскопак выявілі парэшткі «з пашкоджаньнямі ў выглядзе дзірчастых пераломаў на касьцях чарапоў» ня менш як 100 чалавек. Па ягоных словах, работнікі камунальнай гаспадаркі вялі непрафэсійныя пошукавыя працы цягам трох дзён.

«Дзірчастыя пераломы, мноства гумавага абутку, маркіраванага 1937 годам, масавасьць захараненьня, — казаў ён, — і дазволілі мне зрабіць вывад, што гэта — ахвяры сталінскіх рэпрэсій».

Уезд на гэтак званыя Паўночныя могілкі — месца, куды вывезьлі знойдзеныя ў кар’еры Давыдаўка парэшткі расстраляных
Уезд на гэтак званыя Паўночныя могілкі — месца, куды вывезьлі знойдзеныя ў кар’еры Давыдаўка парэшткі расстраляных

Пазыцыю Манышава калегі па камісіі назвалі «прыватным меркаваньнем». Ягоную прапанову распачаць крымінальную справу не падтрымалі ні ў райвыканкаме, ні ў пракуратуры. Экспэрт прызнае, што праца камісіі скончылася нічым, бо «нікому гэта было не патрэбна».

Паводле Манышава, раскапаныя парэшткі «пахавалі на Паўночных могілках».

Кастрычніцкі райвыканкам: дакумэнтаў няма, могілак не існуе

На просьбу Свабоды даць азнаёміцца з матэрыяламі камісіі з Кастрычніцкага райвыканкаму адказалі, што ў дакумэнтах архіўнага фонду за 1987 год зьвестак пра стварэньне такой камісіі няма.

Адмоўны адказ Свабода атрымала і на пытаньне пра месца, куды вывезьлі парэшткі расстраляных.

«На тэрыторыі Магілёва адсутнічаюць месцы пахаваньня з найменьнем Паўночныя могілкі», — гаворыцца ў лісьце з Кастрычніцкага райвыканкаму.

Дарога на могілкі за прамінулыя дзесяцігодзьдзі зарасла, але яшчэ бачная
Дарога на могілкі за прамінулыя дзесяцігодзьдзі зарасла, але яшчэ бачная

Цяпер у Магілёве сапраўды няма могілак з такой назвай.

Магілёўскі краязнаўца Віктар Кірэеў мяркуе, што Паўночныя могілкі «схаваныя» ў лесе на паўночным ускрайку Магілёва. Гэта 15 хвілін тралейбусам ад цэнтру гораду. Сасоньнік цягнецца ўздоўж Шклоўскай шашы. Краязнаўца кажа: убачыўшы ўпершыню сярод векавога лесу магілы, быў зьдзіўлены, бо, на ягоную думку, гэтая мясьціна не прыдатная для пахаваньняў.

Лясныя клады з жывёльным могільнікам

Пра гэтыя могілкі мясцовая прэса апошні раз згадвала два дзясяткі гадоў таму. У публікацыях іх называлі Шклоўскімі, альбо — могілкавым комплексам за пераездам. Прызнавалася, што хаваць там нябожчыкаў гараджане не хацелі, бо побач — жывёльны могільнік, а каб выкапаць магілку, трэба было выкарчаваць дрэва.

Ад могілак засталіся тры магілы
Ад могілак засталіся тры магілы

Паводле мясцовых газэт, закласьці ў шчыльным ельніку новыя гарадзкія могілкі на плошчы 28 гектараў дазволіў урад БССР у 1970 годзе. У энцыкляпэдычным даведніку 1990 году «Магілёў» пазначана: на могілках блізу Шклоўскай шашы пачалі хаваць у 1978 годзе.

У газэтных публікацыях гаворыцца, што на падрыхтоўку мясьціны пад могілкі выдзелілі 10 мільёнаў савецкіх рублёў. Пляцоўку абгарадзілі цагляным плотам, праклалі дарогу і ўмацавалі яе натуральным шчэбенем.

Адна з магіл
Адна з магіл

Магілы бязродных

У гушчары лесу, які Віктар Кірэеў называе Гаёвым, тры магілы. На дзьвюх помнікі ў выглядзе ветразя, яшчэ на адной — жалезны крыж. Сярод паўмэтровых у абхваце сасонак ледзьве прыкметныя курганкі іншых пахаваньняў. Лес спаласаваны акопамі і глыбокімі варонкамі.

«Тут хавалі бязродных нябожчыкаў, бадзягаў ды адзінокіх пэнсіянэраў. Хавалі іх без асаблівых цырымоній», — кажуць жыхары дамоў, што насупраць Гаёвага лесу.

Паўночны ўскраек Магілёва — Шклоўская шаша і дамы, жыхары якіх пратэставалі супраць могілак у лесе
Паўночны ўскраек Магілёва — Шклоўская шаша і дамы, жыхары якіх пратэставалі супраць могілак у лесе

Па іхных словах, да 1990 году на невялікай пляцоўцы было пад 30 магіл з драўлянымі крыжамі, якія згнілі. На адметнасьці пахаваньняў яны не зьвярталі ўвагі. Кажуць, што пратэставалі, каб у лесе былі могілкі, бо ўпадабалі яго для адпачынку, а «па зьяўленьні ў ім магіл пачалі высякацца дрэвы».

У другой палове 1980-х найбольш актыўныя зь незадаволеных напісалі скаргу ў Менск. Прыяжджала камісія, пасьля якой хаваць у лесе перасталі.

Дасьледчык сталінскіх рэпрэсій: уладныя структуры зрабілі ўсё, каб схаваць сьляды сваіх злачынстваў

Дасьледчык сталінскіх рэпрэсій Міхась Булавацкі лічыць, што месца, куды зьвезьлі адшуканыя ў 1987 годзе чалавечыя парэшткі, наўрад ці калі назавуць афіцыйна. Ён кажа, што ў канцы 80-х гадоў камуністычныя ўладныя структуры зрабілі ўсё, каб схаваць сьляды сваіх злачынстваў.

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі

«Гістарычны пэрыяд і факт зьнішчэньня людзей ня выяўлены», — цытуе суразмоўца выніковы акт камісіі, якая мелася разабрацца з тым, што адбывалася ў кар’еры Давыдаўка. Па ягоных словах, яе высновы падпісаў старшыня Кастрычніцкага райвыканкаму Мартыненка.

Міхась Булавацкі лічыць, што партфункцыянэр цудоўна разумеў і вельмі хацеў схаваць косткі расстраляных, таму і перавезьлі іх у лес, на закінутыя могілкі, і закапалі таемна.

«Закінутыя старыя могілкі, парослыя лесам, — дзеліцца суразмоўца. — Хто на іх пахаваны, цяпер не разьведаеш. Глядзіш на гэты лес і чуеш голас: «Няма чалавека — няма праблемы».

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаныя публікацыі газэт «Літаратура і мастацтва», «Магілёўская праўда», «Вечерний Могилёв», «Веснік Магілёва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG