ЭКА ці экстракарпаральнае апладненьне выкарыстоўваюць у сьвеце больш за 40 гадоў. Больш за 8 мільёнаў дзяцей у сьвеце нарадзіліся дзякуючы ЭКА. Гэта насельніцтва Аўстрыі ці Швайцарыі. У Даніі каля 10% дзяцей нараджаюцца праз ЭКА.
У 2018 годзе ў Беларусі каля 1000 дзяцей нарадзіліся з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналёгій, у тым ліку ЭКА.
Першае дзіця нарадзілася праз ЭКА 43 гады таму ў Вялікабрытаніі. Вынаходнік мэтаду Робэрт Эдвардз атрымаў за гэта Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне ў 2010 годзе.
ЭКА дазваляе мець дзяцей у выпадках бясплодзьдзя. Яйкаклетку здабываюць з арганізму жанчыны і апладняюць штучна ва ўмовах «in vitro», атрыманы эмбрыён утрымліваюць ва ўмовах інкубатара, дзе ён разьвіваецца на працягу 2-5 дзён, пасьля чаго перасаджваюць у матку жанчыны для далейшага разьвіцьця.
Ва Ўкраіне, Расеі, Чэхіі, ды іншых краінах ЭКА робіцца бясплатна пры пэўных умовах. У Беларусі адна спроба ЭКА каштуе ў сярэднім каля 5 тысяч рублёў, у залежнасьці ад мэдыкамэнтаў, абсталяваньня і мэдычнага цэнтру.
Беларускія ўлады зьбіраліся зрабіць бясплатнай першую працэдуру ЭКА. Супраць выступіла каталіцкая царква. У Беларусі каля 14% сем’яў ня могуць зачаць дзяцей самастойна.