Сьмяротны вырак вынес Магілёўскі абласны суд двум жыхарам Чэрыкава, 21-гадоваму Ільлю і 19-гадоваму Станіславу Косьцевым, за жорсткае забойства мясцовай настаўніцы Натальлі Кастрыцы.
Рэзанансную справу, якая была пад кантролем Аляксандра Лукашэнкі, разглядала судовая калегія пад старшынствам Міхаіла Мельнікава на выязным пасяджэньні ў Чэрыкаве, дзе адбылося злачынства.
На сьмяротным прысудзе настойвала дзяржаўная абвінаваўца Юлія Бокая.
Абвінавачаныя сваю віну прызналі. У апошнім слове яны раскаяліся ва ўчыненым злачынстве і папрасілі прабачэньня ў родных забітай.
Акрамя забойства, Косьцевых абвінавацілі ў крадзяжы і зьнішчэньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры, у групе асобаў.
Маці забітай настаўніцы пасьля агучваньня выраку заявіла журналістам, што задаволеная ім. Яна адзначыла, што не даруе забойцам дачкі ніколі. Прычыны таго, што нарабілі асуджаныя, яна бачыць у іх выхаваньні: «Яны расьлі ў асацыяльнай сямʼі».
«Яны забівалі яе ўсю ноч. Забітай перарэзалі горла. І шкадавалі, што не пасьпелі цела ўтапіць. Такім няма месца на зямлі», — сказала яна.
Слухачы, якія прыйшлі паслухаць вырак віталі прысуд воплескамі.
У абвінавачаных 10 дзён на абскарджаньне выраку. Адзін з братоў Косьцевых сказаў, што мажліва напіша маці забітай і будзе прасіць дараваньня. Прысуд успрынялі спакойна.
Жорсткае забойства ў Чэрыкаве
10 красавіка 2019 году ў Чэрыкаве ў доме на вуліцы Гагарына (ускраіна райцэнтру) пасьля пажару было знойдзена цела 47-гадовай жанчыны з шматлікімі нажавымі раненьнямі, мясцовай настаўніцы-дэфэктоляга Натальлі Кастрыцы. Неўзабаве затрымалі братоў Косьцевых 1998 і 2000 гадоў нараджэньня, якім і выставілі абвінавачаньне ў забойстве. Браты ў забойстве прызналіся. Раней іх ужо судзілі за крадзеж.
Якія былі матывы?
Паводле сьледзтва, адносіны паміж братамі і забітай былі непрыязныя. На допыце яны казалі, што настаўніца Натальля Кастрыца паведаміла ў міліцыю, што іхная сястра не выконвае належным чынам бацькоўскіх абавязкаў у дачыненьні да малалетніх дзяцей. За гэта сям’ю паставілі на прафіляктычны ўлік, прызнаўшы, што яна ў сацыяльна небясьпечным становішчы.
Пра гэта браты ўспомнілі, калі разам выпівалі, і пайшлі разьбірацца. Натальля Кастрыца ўпусьціла братоў у дом, і яны пачалі яе біць, а пасьля працяглага зьбіваньня ўзялі нажы і нанесьлі імі больш за 130 удараў у розныя часткі цела. Сьмерць настаўніцы наступіла ад гемарагічнага шоку.
Як устанавіла сьледзтва, дом пацярпелай падпалілі, каб схаваць сьляды злачынства.
Справа на кантролі ў Лукашэнкі
Аляксандар Лукашэнка згадаў гэтае забойства ў інтэрвію рэдактару расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву.
«Два падонкі, інакш іх не назавеш — ужо і разбоі былі, і каралі іх — забілі сваю настаўніцу, — казаў ён. — За тое, што яна бараніла дваіх дзетак іхнай сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемэнт».
Паводле каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэя Палуды, сястра абвінавачаных будзе абскарджваць вырак калегіі Магілёўскага абласнога суду.
«Стаўленьне да сьмяротнага прысуду нэгатыўнае, — камэнтуе ён. — Словы Лукашэнкі на людзей маюць моцны ўплыў. У інтэрвію „Эху Москвы“ ён асабліва сфакусаваў увагу на чэрыкаўскай справе. Зь ягоных слоў вынікала, што акрамя як расстрэлу па гэтай справе чакаць не выпадае».
Больш за 400 сьмяротных прысудаў за 20 год
Беларусь — адзіная ў Эўропе дзяржава, дзе працягвае прымяняцца сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў у краіне расстралялі больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакараньня.
Эўрапейскія структуры і праваабарончыя міжнародныя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, а ў пэрспэктыве — адмяніць яго цалкам.
Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.