Асноўнай ударнай сілай ЗША на Блізкім Усходзе лічыцца Пяты флёт, якім камандуе віцэ-адмірал Джэймс Малай. У зону адказнасьці флёту ўваходзіць Пэрсыдзкая затока, Чырвонае і Арабійскае моры і частка Індыйскага акіяна.
Флёт месьціцца ў Бахрэйне, ня мае пастаяннага складу караблёў і фармуецца па меры неабходнасьці.
Адносіны паміж ЗША і Іранам рэзка абвастрыліся пасьля забойства ў Іраку іранскага генэрала Касэма Сулеймані. Сулеймані, які камандаваў спэцназам у складзе Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, быў забіты ўдарам з дрона ў раёне багдадзкага аэрапорту 3 студзеня. Удар быў нанесены па распараджэньні прэзыдэнта ЗША. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку.
Празь некалькі гадзін пасьля пахаваньня іранскага генэрала Касэма Сулеймані, забітага ў выніку авіяўдару ЗША 3 студзеня, Іран зрабіў атаку ў адказ на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Іраку.
8 студзеня Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум двух ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША, паведамілі ўвечары ў аўторак у Пэнтагоне.
ЗША пачалі ацэнкі пашкоджаньняў на вайсковых базах, якія трапілі пад атаку,— Айн Асад і Эрбіл.