Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў абвясьціў, што краіна плянуе цалкам адмяніць сьмяротнае пакараньне і будзе далучацца да Другога факультатыўнага пратаколу ў рамках Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэты дакумэнт накіраваны на скасаваньне сьмяротнага пакараньня.
«Надышоў час для вырашэньня пытаньняў, якія актыўна падымаліся нашымі праваабаронцамі. Міністэрству замежных справаў даручаецца пачаць працэдуру далучэньня да Другога факультатыўнага пратаколу ў рамках Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах», — абвясьціў Такаеў 20 сьнежня на пасяджэньні нацыянальнай рады грамадзкага даверу пры прэзыдэнце Казахстана.
У Казахстане з 2003 года дзейнічае мараторый на сьмяротнае пакараньне: максымальнае пакараньне зараз — пажыцьцёвае пазбаўленьне волі. Але пры гэтым сьмяротная кара як від крымінальнага пакараньня мараторыем не скасаваная і можа быць выкананая — праз год пасьля таго, як мараторый будзе скасаваны.
З моманту абвяшчэньня незалежнасьці Казахстана ў выкананьне было прыведзена 536 сьмяротных прысудаў.