Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй выклікаюць у міліцыю

абноўлена

Шэсьце супраць інтэграцыі з Расеяй па праспэкце Незалежнасьці ў Менску, 7 сьнежня
Шэсьце супраць інтэграцыі з Расеяй па праспэкце Незалежнасьці ў Менску, 7 сьнежня

Пачалі выклікаць у міліцыю ўдзельнікаў акцыі супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі з Расеяй, якая прайшла 7 сьнежня. Пра гэта напісаў у фэйсбуку арганізатар пратэсту Павал Севярынец.

Каго выклікалі?

  • Сустаршыню БХД Вольгу Кавалькову;
  • Блогера Зьмітра Казлова (Шэры Кот);
  • Андрэя Кудзіка;
  • Леаніда Кулакова.

Леанід Кулакоў і Зьміцер Казлоў паведамілі Свабодзе, што іх выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёну Менску на 9 раніцы 16 сьнежня. Зьміцер Казлоў жыве ў Воршы, і праз тэлефон яму далі зразумець, што калі ён ня зьявіцца, пратакол складуць і безь яго.

Што пагражае? Кавалькову выклікаюць у міліцыю па адміністрацыйнай справе за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Паводле арт. 23.34 ёй можа пагражаць арышт ці штраф.

7 сьнежня ў Менску адбылася акцыя пратэсту супроць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Пратэстоўцы зладзілі шэсьці па цэнтральных вуліцах і мітынгі на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасьці і Свабоды і Якуба Коласа, у сквэры Янкі Купалы. Акцыя доўжылася каля 5 гадзінаў, у ёй узялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Удзельнікаў не затрымлівалі.

На наступны дзень, 8 сьнежня, акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй паўтарылася. Гэтым разам пасьля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы больш за тысячу пратэстоўцаў прайшлі да амбасады Расеі, куды перадалі пэтыцыю супраць інтэграцыі. Тады таксама абышлося без затрыманьняў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG