Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трымаў расьцяжку пра голага караля». У Маскоўскім судзе Менску аднавіліся суды над удзельнікамі перадвыбарных сходаў


Маскоўскі раённы суд, ілюстрацыйнае фота
Маскоўскі раённы суд, ілюстрацыйнае фота

6 сьнежня ў Маскоўскім раённым судзе першымі разгледзелі справы актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля і Арцёма Чарняка. Актывістаў судзілі за «Сход вольных людзей-2» і шэсьце да плошчы Незалежнасьці, якія прайшлі ў межах выбарчай кампаніі 16 лістапада.

У суд сябры «Эўрапейскай Беларусі» не зьявіліся і працэсы над імі прайшлі меней як за паўгадзіны. Максім Вінярскі і Арцём Чарняк атрымалі штрафы па 1275 рублёў. Вырак Яўгену Афнагелю пакуль невядомы, супрацоўнікі суду гэтых зьвестак не паведамляюць.

Гэтак жа хутка быў аштрафаваны актывіст зь Берасьця Андрэй Шарэнда. Яго штрафам у 1275 рублёў пакараў судзьдзя Юры Машкетаў і адразу пачаў разглядаць справу блогера з Воршы Дзьмітрыя Казлова.

Як праходзіць суд у пустой залі

«Трымаў расьцяжку „А кароль жа голы“ разам з Чарняком і Мікалайчык» — так, паводле матэрыялаў справы, 16 лістапада Дзьмітры Казлоў удзельнічаў у сходзе на плошчы Свабоды і шэсьці да Цэнтрвыбаркаму, дзе на знак пратэсту супраць «фальшывых выбараў» спалілі пасьведчаньні кандыдатаў у дэпутаты.

Падчас акцыі 16 лістапада
Падчас акцыі 16 лістапада

На вывучэньне матэрыялаў справы ў судзьдзі пайшло 10 хвілін. Сьведак-міліцыянтаў у суд так і ня выклікалі, судзьдзя толькі агучыў іх паказаньні і пайшоў раіцца. Яшчэ праз 15 хвілін ён вярнуўся і прагучала пастанова: 637 рублёў штрафу.

Працэс адклалі, бо абвінавачаны ўжо за кратамі

Пакуль ішоў працэс над Дзьмітрыем Казловым, стала вядома пра выракі іншым актывістам: Насьце Гусевай — 765 рублёў, Дзянісу Ўрбановічу — 1275 рублёў штрафу.

Пасьля абеду, у 14.15, у Маскоўскім раённым судзе будуць судзіць актывістаў Натальлю Саматыю і Андрэя Войніча.

Разгляд адміністрацыйнай справы актывіста Алеся Круткіна зь Віцебску зьбіраліся пачаць, у залю ўжо прыйшоў судзьдзя, а сакратарка на калідоры пыталася ў наведнікаў, ці ёсьць сярод іх Круткін. Разгляд справы адклалі — толькі ад праваабаронцаў «Вясны» судзьдзя Віктар Казак даведаўся, што Алесь Круткін ужо адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG