Судзьдзя Аршанскага суду Кацярына Мажэйка прызнала Дзьмітрыя Казлова вінаватым у закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 15 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менску. І аштрафвала яго на 510 рублёў (20 базавых велічыняў).
Да суду блогер больш за двое сутак правёў у аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Там ён апынуўся 30 лістапада, пасьля таго як яго выклікалі позвай у Аршанскае раённае ўпраўленьне міліцыі.
Хто такі Дзьмітры Казлоў
- 31 год. Жыве ў пасёлку Барань, што за 10 кілямэтраў ад Воршы.
- Вядзе відэаблог «Серый кот».
- Вылучаўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў як актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь», каб «дагрукацца да людзей, якія не глядзяць палітычныя каналы ў інтэрнэце».
- За лёзунг «Фальшывым выбарам — баста» яму скасавалі статус кандыдата ў дэпутаты. Выбарчая камісія палічыла, што ён заклікаў да байкоту выбараў.
- 8 лістапада яго некалькі разоў затрымлівала міліцыя, каб не пусьціць у Менск на акцыю блогераў.
«Чаму мы ў свабоднай краіне ня можам сабрацца на Кастрычніцкай плошчы?»
Дзьмітры ў судзе прызнаў, што запісаў і выклаў на Youtube відэаролік, у якім прасіў людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу на пікет кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», каб «пагаварыць зь імі пра сытуацыю ў краіне». Паводле яго, гэты ролік маглі паглядзець да 5 тысяч чалавек.
«Чаму мы ў свабоднай краіне ня можам сабрацца на Кастрычніцкай плошчы?» — адказаў Дзьмітры на пытаньне судзьдзі, ці ведаў ён, што акцыя не санкцыянаваная менскімі ўладамі.
Вырак судзьдзя агучыла, не выходзячы з судовай залі. Разгляд справы доўжыўся паўгадзіны.
Пасьля суду Дзьмітры сказаў, што чакаў штрафу, але не выключаў і адміністрацыйнага арышту, бо, на ягоную думку, перад акцыяй 7 лістапада ў Менску «ўлады зьбіраюцца „закрыць“ усіх патэнцыйна актыўных удзельнікаў».
«Патрэбы ў прэвэнтыўным затрыманьні не было»
Двое сутак у ізалятары Дзьмітры назваў «добрым досьведам». Умовы — «даволі камфортнымі». Ён сказаў, што сустрэў там цікавых людзей і паслухаў цікавых гісторый. «Там было даволі ўтульна. Чакаў, што будзе значна горш». «Вошай і клапоў не было», — дадаў ён.
Дзьмітры назваў затрыманьне перад судом спробай ціску на яго.
Пачатак суду чакалі цэлы дзень
Тыя, хто прыйшоў падтрымаць Дзьмітрыя Казлова, чакалі разгляду яго справы 8 гадзін. Спачатку ў прыёмнай суду заявілі, што працэс адбудзецца ў раённым упраўленьні міліцыі. Праз 5 гадзін высьветлілася, што справу ўсё ж разгледзяць у судзе. Тут актывісты апазыцыі, журналісты і блогеры прабылі яшчэ 3 гадзіны.
«Мяне на суд выклікалі з самай раніцы, — расказаў Дзьмітры. — Асудзілі ўсіх, хто быў у маёй камэры, потым у іншых. Пачаўся абед, і нас вярнулі назад у камэру, дзе сядзелі дэпартанты: індусы, пакістанцы. Так мне давялося сядзець у чаканьні суду, які ўсё адкладаўся».
Працэс пачаўся за гадзіну да заканчэньня працы суду. Блогера ў залю прывялі 8 міліцыянтаў, якія сядзелі вакол яго да канца працэсу.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.