Адразу некалькі адміністрацыйных судоў над грамадзкімі актывістамі, якія бралі ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, пачаліся 2 сьнежня ў Першамайскім раённым судзе Менску.
Першым пачалі судзіць актывіста АГП Дзяніса Красачку за пікет, які прайшоў 8 лістапада на плошчы Свабоды. Напярэдадні сабрацца і абмеркаваць праблемы ў гэтым месцы заклікаў і блогер Nexta.
На плошчы Свабоды тады сабраліся каля 200 чалавек, сярод іх быў і сябра АГП Дзяніс Красачка. Пазьней стала вядома, што на актывіста склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванага пікету.
Дзяніс Красачка сьцьвярджае, што пікет праводзіўся ў межах перадвыбарчай кампаніі, яго заяўнікам быў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Мікалай Маслоўскі. Красачка перадаў суду адпаведныя дакумэнтальныя доказы. «А я ўдзельнічаў у пікеце як актывіст АГП, як давераная асоба іншых кандыдатаў», — сказаў суду Дзяніс Красачка.
Супраць актывіста сьведчылі два міліцыянты: Ільля Лемантовіч і Павал Асовік. Абодва пацьвердзілі, што 8 лістапада бачылі Дзяніса Красачку на пікеце каля Ратушы, але ў дэталях блыталіся.
«Ён выкрыкваў нешта, ня памятаю, што дакладна», — засьведчыў у судзе пра Дзяніса Красачку міліцыянт Лемантовіч.
Судзьдзя Анастасія Ляўкоўская нагадала сьведку пратакол, паводле якога актывіст выкрыкваў «Жыве Беларусь».
«Так і было», — пагадзіўся сьведка. Пасьля пытаньняў Красачкі сьведка прызнаў, што не падыходзіў да пікетоўцаў і не папярэджваў пра незаконнасьць акцыі. «Мая задача была толькі далажыць начальству», — сказаў сьведка.
Міліцыянт Павал Асовік таксама прызнаў, што не папярэджваў Красачку пра неабходнасьць спыніць несанкцыянаванае вулічнае мерапрыемства. Пры гэтым міліцыянт засьведчыў, што выступоўцы на пікеце абмяркоўвалі будучыя выбары.
Паводле хадайніцтва Дзяніса Красачкі суд апытаў былога кандыдата ў дэпутаты Мікалая Маслоўскага. Сьведка пацьвердзіў, што за два дні да пікету ён праінфармаваў Менгарвыканкам аб правядзеньні перадвыбарчай акцыі: кінуў ліст у адмысловую скрыню ў Менгарвыканкаме і прадубляваў уведамленьне праз электронную пошту.
«Я атрымаў уведамленьне, што мая заяўка прынятая. Месца было абрана законнае, парадак не парушаўся. Таму гэта быў цалкам законны пікет з абмеркаваньнем выбарчых праблем. Я быў там, там была і мая выбарчая сымболіка. За 20 крокаў ад мяне стаяла старшыня выбарчай камісіі, і ніякіх заўваг ні тады, ні пасьля акцыі я не атрымаў. Мы цалкам сьледавалі літары закону», — засьведчыў Мікалай Маслоўскі.
Суд прагледзеў відэазапіс пікету. «Выбараў у краіне няма», «Патрабуем сумленных выбараў», «Запісвайцеся ў назіральнікі», — гучаў з кампутара ў судзе голас Дзяніса Красачкі.
У выніку судзьдзя ня стала адразу агучваць рашэньне, а перанесла паседжаньне на 17 гадзіну дня. Дзяніс Красачка мяркуе, што ў Першамайскім судзе цяпер вырашаюць, што рабіць зь «відавочна незаконнай справай».
2 сьнежня ў Першамайскім раённым судзе Менску таксама заплянаваныя адміністрацыйныя працэсы над актывістамі Нінай Багінскай, Леанідам Кулаковым, Вольгай Мікалайчык. Леанід Кулакоў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ягоны працэс адбыўся, але пастанову абвесьцяць таксама а 17-й гадзіне. «Нешта ня складваецца ў іх. Замінка ў судовым канвэеры», — сказаў актывіст.