Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая апублікавала законапраект аб гарантыях былому прэзыдэнту Беларусі і чальцам яго сямʼі.
Сьцісла: былога прэзыдэнта нельга будзе асудзіць за злачынствы і правапарушэньні, учыненыя ў час прэзыдэнцтва. Ён атрымае пажыцьцёвую пэнсію і зможа карыстацца адной з рэзыдэнцый.
Калі праект будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, Канапацкая не пракамэнтавала Свабодзе.
Што ў законапраекце?
- Закон будзе ўжывацца пасьля сканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну і датэрмінова праз адстаўку ці хваробу.
- Былы прэзыдэнт атрымае дзяржаўную ахову і адну зь дзяржаўных рэзыдэнцый у карыстаньне.
- Былы кіраўнік дзяржавы і чальцы яго сямʼі захаваюць мэдычнае абслугоўваньне, якім яны карысталіся на момант спыненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Як будуць аказвацца паслугі — платна ці задарма, не ўдакладняецца.
- Былы прэзыдэнт будзе мець прававую недатыкальнасьць, яго нельга будзе асудзіць за злачынствы і правапарушэньні, зьдзейсьненыя ў час прэзыдэнцтва.
- Пазбавіць прававой недатыкальнасьці экс-прэзыдэнта можна будзе толькі пасьля завядзеньня супраць яго крымінальнай справы за цяжкое злачынства. Тэрмін даўнасьці ў законапраекце не ўдакладняецца.
- Пэнсія былому прэзыдэнту складзе 75% месячнага заробку дзеючага кіраўніка дзяржавы і будзе выплачвацца пажыцьцёва. «Прэзыдэнцкая пэнсія» ня будзе выплачвацца ў час, калі былы кіраўнік дзяржавы будзе займаць іншую дзяржаўную пасаду.
- Былы прэзыдэнт зможа бясплатна карыстацца ўрадавай і іншай сувязьзю, а таксама ўрадавымі залямі на чыгуначных вакзалах і ў аэрапортах.
- Экс-прэзыдэнт зможа ўтрымліваць штат памочнікаў за кошт дзяржаўнага бюджэту.
- Пасьля сьмерці былога кіраўніка дзяржавы чальцы яго сямʼі змогуць атрымаць сацыяльную пэнсію. Таксама яны змогуць карыстацца службовымі машынамі і захаваюць права на мэдычнае абслугоўваньне.