Аўтар: Эймас Чэпл
30 лістапада 1939 году амаль паўмільёнае савецкае войска напала на Фінляндыю, распачаўшы так званую Зімовую вайну. Нечаканы напад адбыўся пасьля доўгіх і настойлівых патрабаваньняў Крамля, які баяўся магчымага нямецкага наступу празь Фінляндыю, правесьці абмен тэрыторыямі, каб адсунуць фінскую мяжу далей ад Ленінграду. Насьцярожаны савецкімі намерамі, фінскі ўрад у гэтым адмовіў.
Савецкае камандаваньне спадзявалася на лёгкую перамогу і плянавала завяршыць апэрацыю да 60-годзьдзя Сталіна 21 сьнежня. Але выйшла іначай.
Хоць Чырвоная армія ўрэшце выйграла гэтую вайну, перамагчы краіну з насельніцтвам усяго 3,7 млн чалавек удалося толькі празь некалькі месяцаў — і жахлівым коштам.
Гэта толькі нямногія з прыблізна 7000 фатаграфіяў Зімовай вайны з архіву Фінскіх узброеных сілаў, якія былі дыгіталізаваныя і адкрытыя для публікі ў 2013 годзе.
У адказ на пратэсты сусьветнай супольнасьці супраць неабвешчанага нападу на Фінляндыю савецкі міністар замежных справаў Вячаслаў Молатаў заявіў, выступаючы ў радыё, што савецкія самалёты скідваюць ня бомбы, а пакеты з харчаваньнем для галодных фінаў.
З своеасаблівым чорным гумарам фінскія салдаты назвалі ўжываныя супраць танкаў бутэлькі з запальнай сумесьсю імем савецкага міністра, намякаючы на яго фразу пра «пакункі з харчаваньнем для галодных фінаў». Назва «кактэйль Молатава» з тых часоў прыжылася ва ўсім сьвеце.
Шмат ужыванага фінамі ўзбраеньня было захоплена ў саветаў.
Байцы Чырвонай арміі напачатку мелі цёмную ўніформу, таму былі лёгка заўважнай мішэньню для фінскіх снайпэраў.
Селянін і паляўнічы Сіма Хяйхя, забіў больш за 500 савецкіх салдатаў, першы чым савецкі снайпэр цяжка параніў яго стрэлам у твар. Пазьней, калі ў яго спыталіся, ці ён шкадуе, што забіў столькі маладых людзей, ён адказаў: «Я проста рабіў, што мне казалі рабіць, так добра, як умеў». Хяйхя памёр у 2002 годзе, на помніку над яго магілай напісана «Дом — Вера — Айчына».
Затое савецкую вайсковую тэхніку было чуваць за кілямэтры, яна магла перасоўвацца толькі па некалькіх дарогах, пракладзеных празь фінскую дзікую прыроду.
Пакуль калёны савецкіх войскаў і тэхнікі выцягваліся на лясных дарогах, фінскія лыжнікі ціха падкрадаліся да іх і падрывалі тэхніку сьпераду і ззаду, а пасьля зьнішчалі заблякаваныя савецкія калёны.
У гады, што папярэднічалі савецкай агрэсіі, чыстка камандаваньня Чырвонай арміі падчас Вялікага Тэрору нанесла арміі вялікія страты.
У студзені 1940 году брытанскі прэм'ер Ўінстан Чэрчыль выказаўся пра Зімовую вайну так: «Фінляндыя паказвае, на што здольны свабодны чалавек... Кожны можа бачыць, як камунізм разьядае душу народу; як яго душа ў мірным часе робіцца жалю годнай і галоднай, а ў вайне — подлай і агіднай. Мы ня ведаем, якім можа быць лёс ФІнляндыі, але нельга ўявіць сабе больш змрочную карціну, чым тую, што гэты велічны паўночны народ будзе ўрэшце зламаны і даведзены да рабства горашага за сьмерць грубай сілай пераважных лічбаў».
Тэмпэратура ў Фінляндыі ў часе вайны ўпала да 40 градусаў марозу. Чырвоная армія паводле сваіх інструкцыяў не праводзіла вучэньняў пры тэмпэратурах ніжэйшых за мінус 15.
Група савецкіх салдатаў, якія трапілі ў акрыжэньне, паслала ліст свайму камандаваньню: «Мы паміраем, калі ласка, выплаціце нашы сакавіцкія заробкі нашым сем’ям. Скажыце ўсім, што мы загінулі як героі і не здаліся ворагу».
Падчас допыту адзін палонны ўспомніў, як яму казалі, што ён прыйшоў «вызваліць фінскіх рабочых ад капіталізму». Пасьля ён зразумеў, што яго падманулі: «Я адчуў на сваёй скуры, як прынялі нас тыя, каго мы прыйшлі „вызваляць“».
Пасьля тыдняў цяжкіх стратаў на ўсходняй мяжы Фінляндыі савецкае камандаваньне ўрэшце зьмяніла тактыку і засяродзілася на захопе Хэльсынкі на добра абароненым поўдні краіны.
Запальныя касэтныя бомбы, якія саветы скідвалі на драўляную забудову фінскіх населеных пунктаў.
Пераважнаю колькасьцю жывой сілы саветы пачалі адцясьняць вычарпаных фінаў. У сакавіку 1940 году савецкія сілы ўвайшлі ў прадмесьці Выбаргу, фінам не заставалася нічога іншага, як пагадзіцца на жорсткія савецкія ўмовы замірэньня.
Пагадзіўшыся на замірэньне, Фінляндыя страціла 11 працэнтаў сваёй тэрыторыі, у тым ліку другой паводле велічыні горад Выбарг. Зімовая вайна забрала жыцьці 25 904 фінаў. Саветы страцілі як найменей 126 875 салдатаў.
Савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пазьней прыгадваў: «Усе мы — і ў першую чаргу Сталін — адчувалі ў нашай перамозе над фінамі элемэнт паразы. Вельмі небясьпечнай паразы, якая ўмацоўвае нашых ворагаў ва ўпэўненасьці, што Савецкі Саюз — калёс на гліняных нагах».
Крыху больш чым праз год пасьля заканчэньня Зімовай вайны Фінляндыя прыняла згубнае рашэньне далучыцца да нацысцкай агрэсіі супраць СССР