Падарожжа ў пошуках драўляных цэркваў можа быць доўгім. Асабліва шмат іх захавалася на Берасьцейшчыне. Там жа і найстарэйшыя прыклады культавага дойлідзтва з дрэва. Кожная са сьвятыняў унікальная па-свойму. Мае ўласную гісторыю, лёс і архітэктурнае аблічча, залежнае ад часу і ляндшафту, які зьмяняецца з поўдня на поўнач. Вось сем адметных драўляных цэркваў Беларусі, якія варта пабачыць.
1. Мікіцкая царква са званіцай у Зьдзітаве
Жабінкаўскі раён, Берасьцейская вобласьць
Мініятурная царква на правым беразе ракі Мухавец у Зьдзітаве — адна з найстарэйшых драўляных сьвятыняў краіны. Годам яе пабудовы называюць 1502.
Пабудаваная ў традыцыях заходнепалескага дойлідзтва, Мікіцкая царква ніколі не руйнаваліся і заставалася дзейнай. Яна неаднаразова, але нязначна перабудоўвалася. Аднак ня страціла свайго простага сылюэту. Асноўны зруб, дзядзінец і апсіда, абшаляваныя вэртыкальна і пафарбаваныя цяпер у сіні колер, накрытыя высокім вальмавым дахам. Уся сьвятыня не вышэйшая за шэсьць мэтраў.
Побач з царквой — двух’ярусная званіца пад шатром. Таксама драўляная. Іканастас унутры храма аздабляў абраз Божай маці Адзігітрыі, напісаны на дзьвюх сасновых дошках у першай палове XVI стагодзьдзя. Цяпер ён у музэі старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук. Мікіцкая царква — у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, прэтэндуе на ўключэньне ў фонд усясьветнай спадчыны UNESCO.
2. Траецкая царква ў Дабраслаўцы
Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць
Траецкая царква стаіць пры дарозе Ганцавічы — Лагішын у вёсцы Дабраслаўка, якая калісьці належала роду Друцкіх-Любецкіх.
Сьвятыню збудавалі ў 1758 годзе ў традыцыях палескай школы дойлідзтва. У адрозьненьне ад паўночных рэгіёнаў краіны, дзе драўляныя цэрквы цягнуліся ўверх сярод маляўнічых пагоркаў, на Палесьсі пераважалі гарызантальна выцягнутыя храмы. Яны адпавядалі тутэйшаму раўніннаму ляндшафту і нечым нагадвалі велічны карабель на марскіх прасторах.
Траецкая царква дадаткова адметная сваімі прапорцыямі. Ня выключана, што яна самая вузкая ў Беларусі. Шырыня апсіды ў царкве — 3,4 мэтра, а асноўны аб’ём не перавышае сямі.
3. Ільінская царква ў Гомлі
На беразе ракі Сож у гістарычным цэнтры Гомля стаіць помнік драўлянага дойлідзтва канца XVIII стагодзьдзя. Ільінская царква пабудаваная на месцы стараабрадніцкага Спасавага храму — гэты раён калісьці зваўся Спасавай Слабадой і быў заселены стараверамі.
Сьвятыня мае тры зрубы рознай формы, пастаўленыя адзін на адзін. Пры ўваходзе — зашклёная галерэя. Над уваходам — адкрыты балькон. Дадаткова сьвятыню аздабляе двух’ярусная званіца.
Царкву ня раз закрывалі. Пэўны час у ёй працавала трыкатажная фабрыка. Сьвятыня перажыла будаўніцтва шашы Санкт-Пецярбург — Кіеў і ваенныя ліхалецьці. Цяпер Ільінская царква ў Гомлі — найстарэйшая сярод стараабрадніцкіх храмаў, мае статус помніка рэспубліканскага значэньня.
4. Мікалаеўская царква ў Кажан-Гарадку
Лунінецкі раён, Берасьцейская вобласьць
Мікалаеўскую царкву відаць адусюль у Кажан-Гарадку — яна стаіць на самым высокім месцы ў ваколіцах. Храм збудавалі ў 1818 годзе мясцовыя майстры — безь цьвікоў і з размахам, уласьцівым барочнаму стылю.
Царква вялікая і сьветлая ад шматлікіх вокнаў. Яна мае пяць зрубаў, укладзеных у крыжова-цэнтрычную кампазыцыю. Кожны верх упрыгожаны фігурнай дэкаратыўнай вежачкай. Усярэдзіне царква багата аздобленая драўлянай скульптурай і разьбой рукі майстра ХІХ стагодзьдзя Ёсіфа Астапчыка, а таксама абразамі XVIII–XIX стагодзьдзяў.
Ад часу пабудовы сьвятыня не спыняла сваёй дзейнасьці. Пасьля няўдалай рэканструкцыі Мікалаеўскую царкву пачалі называць Пізанскай. Каб заліць фундамэнт, з-пад царквы прыбралі апорныя палі. Неўзабаве сьвятыня пачала прасядаць. Калі ўважліва прыгледзецца, ніводзін зь пяці купалаў царквы не глядзіць вэртыкальна ў неба.
5. Спаса-Праабражэнская царква зь вёскі Барань
Перавезеная з Аршанскага раёну, Віцебская вобласьць
Першапачаткова царква, збудаваная ў 1704 годзе, стаяла ў вёсцы Барань на Віцебшчыне. У 1989-м яе перавезьлі ў музэй народнай архітэктуры і побыту ў Азярцо. Яна складае частку скансэну, які дэманструе адметнасьці драўлянага дойлідзтва ў Падняпроўі.
Усім аб’ёмам сьвятыня цягнецца ўверх — мае квадратны высокі зруб, з трох бакоў абкружаны галерэяй, з вузкім барабанам і невялікім купалам. Канструкцыя высокіх і вузкіх зрубаў узьнікла ў старажытныя часы, калі храм быў галоўным будынкам сельскага навакольля. Высокая сьвятыня была прататыпам гарадзкой абарончай вежы. Зь цягам часу простыя формы падобных храмаў замяніліся ўзьнёслымі абрысамі, адпаведнымі бізантыйскім канонам. Бараньскую царкву называюць унікальнай для Беларусі — гэта рэдкі помнік драўлянай архітэктуры, у якім арганічна скарыстаныя прыёмы абарончага і культавага дойлідзтва. Пасьля рэканструкцыі Бараньская царква стала музэем.
Падобныя незвычайныя архітэктурныя формы мае і царква ў Смальянах.
6. Царква Сьвятога Спаса ў Смальянах
Аршанскі раён, Віцебская вобласьць
Адзіная дзейная старажытная славутасьць Смальянаў — царква Сьвятога Спаса. Будынак сьвятыні на каменным фундамэнце прызнаны творам архітэктуры драўлянага барока XVIII стагодзьдзя з элемэнтамі абарончага дойлідзтва. Апошнія грунтоўныя перабудовы царквы адбыліся на пачатку ХІХ стагодзьдзя.
У савецкія часы сьвятыня была зачыненая і прыстасаваная пад завод алькагольных напояў. Храм надзвычай выразны ў сваёй манумэнтальнасьці. Першы ярус з трох бакоў абкружаны абходнай галерэяй. Чатырохгранны аб’ём з трохкутнымі франтонамі завершаны сьветлавым барабанам, накрытым купалам. Дадаткова сьвятло трапляе ў сьвятыню праз вокны і паўкруглыя люкарны. З боку галоўнага фасаду — дзьве вежы-званіцы. Царква ўзвышаецца над смальянскімі краявідамі амаль на 22 мэтры. На ўнутраным баку купала захаваліся размалёўкі XVIII стагодзьдзя. На сінім фоне тэмпэрай на дошках намаляваныя 12 апосталаў у поўны рост. Іхнія строі — вохрыста-чырвонага, балотна-зялёнага, залаціста-карычневага колераў.
7. Міхайлаўская царква ў Слуцку
Слуцак, Менская вобласьць
Сярод некалькіх дзясяткаў праваслаўных храмаў Слуцку, які ў Вялікім княстве Літоўскім быў катэдральным цэнтрам, захавалася толькі Міхайлаўская царква.
Спачатку слуцкая сьвятыня існавала як Канстанцінаўская царква ў Старым горадзе. У канцы XVIII стагодзьдзя яе перанесьлі ў колішняе прадмесьце Востраў, што было па-за гарадзкімі ўмацаваньнямі. Тут яна стала называцца Міхайлаўскай царквой, як і тая, што пабудавалі тут некалькі соцень гадоў раней. Яе прыхаджанамі былі сяляне прадмесьця і навакольных вёсак. Пры ёй групаваліся рамесныя цэхі, якія трымалі ў храме свае харугвы.
Востраўская Міхайлаўская царква — таксама адзіны захаваны прыклад слуцкай школы драўлянага дойлідзтва, росквіт якой прыпаў на XVII–XVIII стагодзьдзі. Царква складаецца з трох шмат’ярусных зрубаў, завершаных 8-граннымі сьветлавымі барабанамі. Унізе храм узмоцнены закрытай галерэяй. Гарызантальна абшаляваныя сьцены цяпер маюць сіні колер. А гонту на даху замяніла мэталічнае пакрыцьцё. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя царкве надалі статус сабору.