Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка назваў колькасьць узгодненых дарожных мапаў па «паглыбленьні інтэграцыі» ў так званай «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі.
Сямашка, як перадае БелТА, заявіў, што на раніцу 19 лістапада, да перамоваў прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі, былі зацьверджаныя 16 такіх дакумэнтаў з плянамі інтэграцыі, а падчас сустрэчы Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў зацьвердзілі яшчэ пяць і «далі даручэньне міністрам, каб яны да канца бягучага тыдня паклалі гэтыя ўзгодненыя дарожныя мапы на стол». Агулам плянавалася падпісаць 31 дарожную мапу.
Але, дадаў Сямашка, застаюцца няўзгодненымі пытаньні энэргетыкі, доступу на рынкі, мытнага і падатковага заканадаўства — паводле яго, гэта «прынцыповыя, сыстэмаўтваральныя пытаньні».
Амбасадар заявіў, што верыць: яны ў рэшце рэшт будуць вырашаныя. У беларуска-расейскіх стасунках, нагадаў ён, ужо бывалі гарачыя спрэчкі, але «разважлівасьць перамагала».
Падпісаньне ключавых дакумэнтаў плянуецца на асабістай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў — Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Мяркуецца, што гэтая сустрэча пройдзе на пачатку сьнежня.
***
Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.
Расея ж настойвае, што падатковы манэўр — гэта ейнае «сувэрэннае права», а патрабаваньне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыі за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.