Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожнага трэцяга назіральніка выдалілі з участка — Праваабаронцы падвялі вынікі выбараў


Галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах 17 лістапада
Галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах 17 лістапада

Актывісты Беларускага Хэльсынскага камітэту і «Вясны» у рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падрыхтавалі аналітычную справаздачу па выніках назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, парлямэнцкія выбары павінны былі адбыцца не пазьней за верасень наступнага году. Аднак Аляксандар Лукашэнка ў сёлетнім штогадовым пасланьні да беларускага народу заявіў, што парлямэнцкая кампанія пройдзе да канца 2019-га.

Паколькі падставаў для датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў дэпутатаў не было, прэзыдэнцкі ўказ № 294 парушае канстытуцыйную норму пра тэрмін паўнамоцтваў парлямэнта і зьяўляецца ўмяшаньнем у дзейнасьць органа заканадаўчай улады, перакананыя праваабаронцы.

Асноўныя праблемныя моманты, на якія зьвярнулі ўвагу экспэрты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Як працавалі выбарчыя камісіі

Назіральнікі адзначаюць, што ўчастковыя выбарчыя камісіі фармаваліся па «вытворчым» прынцыпе. У іх уваходзілі людзі, якія працуюць у адной арганізацыі, а старшынямі камісій прызначаліся непасрэдныя начальнікі гэтых арганізацый.

Выбарчае заканадаўства не гарантуе, што ў склад камісій увойдуць прадстаўнікі розных палітычных рухаў, якія бяруць удзел у выбарах. Гэта робіць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненьні да апазыцыйных рухаў, мяркуюць назіральнікі.

Асноўнымі арганізатарамі выбараў застаюцца пяць праўладных грамадзкіх аб’яднаньняў — «Белая Русь», БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў і афіцыйныя прафсаюзы.

Агулам у іх 92,8%, 93,6% і 95,9% прадстаўнікоў у тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых камісіях адпаведна. Доля трох апазыцыйных грамадзкіх аб’яднаньняў — БНФ «Адраджэньне», рух «За свабоду» і «Гавары праўду» — склала 0% у тэрытарыяльных і 2,8% у акруговых камісіях.

Як вылучаліся кандыдаты

Амаль усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя, аднак колькасьць месцаў для правядзеньня пікетаў па зборы подпісаў у некаторых рэгіёнах зьменшылася.

Як і падчас папярэдняй выбарчай кампаніі, ёсьць выпадкі, калі на карысьць праўладных кандыдатаў працаваў адміністрацыйны рэсурс. Гэтаму спрыяе і тое, што па заканадаўстве можна зьбіраць подпісы ў падтрымку кандыдата на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстановаў.

Вялікай колькасьці кандыдатаў у дэпутаты, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, адмовілі ў рэгістрацыі. Пры гэтым працэдура праверкі подпісаў непразрыстая і спраўдзіць, наколькі справядлівая адмова, немагчыма. Праваабаронцы адзначаюць, што былі і прыкметы злоўжываньня пры праверцы дакумэнтаў у асобных камісіях. Усё гэта, па меркаваньні праваабаронцаў, можа сьведчыць пра наўмыснае недапушчэньне дэмакратычных лідэраў да ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Як вялася перадвыбарчая агітацыя

Праўладныя вылучэнцы шырока карысталіся адміністрацыйным рэсурсам, а для шэрагу незалежных кандыдатаў ствараліся перашкоды.

Агітацыйныя выступы некаторых апазыцыянэраў не дапусьцілі да эфіра. Кіраўніцтва дзяржаўных СМІ шырока прымяняла абмежаваньні, што ў большасьці выпадкаў мела характар цэнзуры і недапушчальнага абмежаваньня свабоды выказваньня меркаваньняў. Беспадстаўна прымаліся рашэньні аб адмене рэгістрацыі кандыдатаў.

Нягледзячы на вялікую колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, адзначана іх невысокая актыўнасьць у выкарыстаньні магчымасьцяў вядзеньня перадвыбарчай агітацыі. Толькі 47,7% ад агульнай колькасьці зарэгістраваных удзельнічалі ў тэледэбатах; 58,9% апублікавалі свае перадвыбарчыя праграмы; 73,9% выступілі на тэлебачаньні, 68,4% скарысталіся радыёэфірам.

Як адбывалася галасаваньне на месцы

Спрыяе маніпуляцыі працэдура галасаваньня па месцы знаходжаньня выбарцаў. У такім выпадку назіральнікі ня могуць праверыць, ці сапраўды паступалі заяўкі аб арганізацыі выязнога галасаваньня.

На практыцы ж выглядае, што арганізаваць падобны фармат галасаваньня можна і без заявак. 60% назіральнікаў адзначылі факты ўнясеньня ў сьпіс для галасаваньня па месцы знаходжаньня асобаў, якія не зьвярталіся з такой просьбай.

На некаторых участках зафіксавана анамальна высокая колькасьць тых, хто прагаласаваў па месцы знаходжаньня.

Як лічылі галасы

Як і падчас папярэдніх кампаній, участковыя выбарчыя камісіі лічылі галасы сумесна і адначасова, не агалошваючы і не дэманструючы прысутным кожны бюлетэнь. Такая працэдура ня ёсьць празрыстай і не дазваляе суаднесьці вынікі назіраньня з дадзенымі, адлюстраванымі ў пратаколе аб выніках галасаваньня. 98,7% назіральнікаў кампаніі адзначылі, што працэдура падліку галасоў насіла непразрысты характар. Падчас назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі 2016 году лічба была крыху меншай — 95,31%.

Падчас назіраньня за працэдурай падліку галасоў адзначаліся і іншыя парушэньні. У 35% участковых камісій, дзе было назіраньне, не агалошваліся вынікі асобнага падліку галасоў. У 47% падлік бюлетэняў не ажыцьцяўляўся асобна за кожнага кандыдата. У 63,7% назіральнікі знаходзіліся ў месцы, нязручным для назіраньня за падлікам галасоў.

Насуперак стандартам

Выбары дэпутатаÿ Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня ў цэлым не адпавядалі ключавым міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Найперш гэтыя высновы абумоўленыя адсутнасьцю роўнага доступу да дзяржаўных СМІ для ўсіх кандыдатаў, фактамі выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць праўладных кандыдатаў, прымусам да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, закрытасьцю шэрагу выбарчых працэдураў для назіральнікаў.

Традыцыйна найбольш падставаў для крытыкі даюць непразрыстыя працэдуры падліку галасоў, што пакідае падставы для сур’ёзных сумневаў адносна адпаведнасьці вынікаў такога падліку рэальнаму волевыяўленьню выбарцаў, падсумоўваюць праваабаронцы.

***

У сваю чаргу кампанія «Права выбару», якая аб’ядноўвае восем палітычных партый і грамадзкіх рухаў, падвяла вынікі назіраньня ў 9 выбарчых акругах.

Паводле інфармацыі сакратарыяту, у пяці акругах выбары не адбыліся, а яшчэ ў двух інфармацыя ўдакладняецца, паколькі ў апошні момант назіральнікі былі выдаленыя з участкаў. У адной акрузе яўка максымальна наблізілася да 50%, але выбары не адбыліся.

Усяго назіральнікі кампаніі за час галасаваньня зафіксавалі 731 парушэньне і падалі 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі.

За час назіраньня з участкаў было выдаленае 97 назіральнікаў кампаніі, фактычна кожны трэці.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG