У Гомлі на пляцоўцы каля супэрмаркету «Эўраопт» па вуліцы Хатаевіча прайшоў агітацыйны пікет, на якім прысутнічалі восем кандыдатаў у дэпутаты. Аднаго зь іх, фэрмэра Юрыя Ганцэвіча, перад пікетам затрымалі.
На пляцоўцы перад супэрмаркетам адключылі вулічнае асьвятленьне — як і ва ўсім квартале. Ліхтары не гарэлі ні на ажыўленым мосьце, ні каля самой крамы. Таму арганізатары пікету не змаглі падключыць гукаўзмацняльную апаратуру і запусьціць музыку.
На пікет сабраліся восем кандыдатаў — з Гомля, Жлобіна і Сьветлагорску. Сход анансаваў блогер Сяргей Ціханоўскі (Youtube-канал «Краіна для жыцьця»). Яго падтрымаў менскі блогер «МозгОN». Яны і былі асноўнымі прамоўцамі на пікеце.
Сабраліся каля «Эўраопту» па стане на 17.00 каля 300 чалавек. Потым шэрагі слухачоў значна парадзелі.
Удзельнікі пікету хадзілі ў краму пісаць скаргі на адключэньне вулічнага асьвятленьня, але адміністрацыя супэрмаркету адмаўляла сваю датычнасьць да адключэньня.
На пікеце выступіў кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Няпомняшчых, які ў цёплую пару году ходзіць у майцы «Лукашенко, уходи. Хватит, достал». Ён паўтарыў свой першы пункт праграмы — «Імпічмэнт Лукашэнку». За гэтыя словы яго выступ не пусьцілі ў эфір.
Кандыдат у дэпутаты Тацяна Канеўская расказвала пра праблемы тых, хто трапіў пад жорсткія прысуды па «наркатычным» артыкуле 328. Сьветлагорскі кандыдат Андрэй Смалянчук — пра крытычную сытуацыю на «сьмярдзючым» кітайскім заводзе, які, па яго словах, труціць жыхароў райцэнтру. Кандыдат у дэпутаты Юлія Ганісеўская абуралася, што ў новым мікрараёне «Хутар» няма ані школ, ані дзіцячых садкоў, затое ёсьць пляны пабудаваць «раскошны суд». На пікеце зьбіралі подпісы за дзіцячы сад і школу ў мікрараёне «Хутар».
На пікеце стала вядома, што кандыдата-фэрмэра Юрыя Ганцэвіча міліцыя завезла ў гарадзкі шпіталь № 4 — зь невядомай прычыны. Разам зь ім у шпіталь завезьлі Юрыя Ўласава і Аляксея Елісеева, якія паехалі бараніць фэрмэра ад ДАІ. Іх лёс пакуль невядомы.
Найбольш на пікеце крытыкавалі дзейную ўладу, казалі пра адсутнасьць справядлівых выбараў, эканамічныя праблемы.
«Мяне не задавальняе тое, што адбываецца ў нашым Гомлі. У мяне блізкія людзі памерлі ад анкалёгіі, прыяцелька захварэла на рак крыві. Улады маўчаць — ім усё добра. Пра выбары я наогул маўчу — гэта ўжо хранічная хвароба. Я адключыў дома тэлебачаньне, каб ня бачыць вось гэтага кіраўніка дзяржавы там, абрыдла ўсё гэта. Я не хачу яго бачыць, і сын мой, яму 11 гадоў, — ня хоча», — патлумачыў, чаму прыйшоў на пікет, жыхар Гомля Сяргей.
Ягонага прыяцеля, 39-гадовага бацьку чатырох дзяцей Андрэя хвалюе тое, «як можна выжыць на заробак з такімі цэнамі, як у нас». «У краіне шмат трэба зьмен, але самае галоўнае, я так лічу, — сапраўдныя выбары. Будуць сапраўдныя выбары — будуць і зьмены», — лічыць Андрэй.
Пэнсіянэрка Галіна прыйшла на пікет са сваім мужам Аляксандрам. «Я падтрымліваю кандыдата Ўладзімера Няпомняшчых. Я хачу канкрэтныя зьмены — прэзыдэнт павінен сысьці. Чэсных выбараў у нас ніколі не было», — выказалася жыхарка Гомля.
Яе муж лічыць, што цяперашняя ўлада за 25 гадоў нічога не зрабіла для народу. «Мы ня хочам гэтага прэзыдэнта», — дадаў Аляксандар.
Жыхарку Гомля Сьвятлану хвалюе лёс беларускай мовы і беларускасьці. «Я за адраджэньне нацыі. Таму прыйшла сюды паслухаць людзей. Дзеля нашай беларускай мовы і дзеля разумнага сэнсу я тут», — сказала Сьвятлана.
На пляцоўцы каля «Эўраопту» прысутнічала шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Блогеры скардзіліся на благую сувязь і выказвалі меркаваньне, што яе «глушылі» зь некалькіх мікрааўтобусаў, якія стаялі непадалёк.
Пікет прайшоў без інцыдэнтаў.