Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтая ўлада дазваляла забойствы». Што расказвае кніга вусных успамінаў пра ўзьяднаньне беларусаў


Кніга вусных успамінаў «За першымі саветамі»
Кніга вусных успамінаў «За першымі саветамі»

Нядаўна выйшла кніга вусных успамінаў «За першымі саветамі». Яе рэдактар прафэсар Алесь Смалянчук расказаў Свабодзе, якія міты разбурае выданьне, што было самым жахлівым і што лічылася галоўнай каштоўнасьцю ў час «узьяднаньня».

Кніга складаецца з успамінаў аб 1939–1941 гадах больш як сотні людзей з усёй Беларусі, але пераважна з заходняй часткі. Іх пачаў зьбіраць Беларускі архіў вуснай гісторыі ў 2001 годзе.

«Там няма радасьці ўзьяднаньня»

— Пра каго і пра што гэтая кніга?

— Гэта кніга пра беларусаў і палякаў, жыхароў Заходняй Беларусі, якія ў 1939 годзе нечакана апынуліся ў Савецкім Саюзе і два гады жылі «за першымі саветамі». Кніга пра тое, як сустракалі савецкую ўладу, як жылі, як ставіліся да яе, пра першапачатковую радасьць, хуткае расчараваньне, страх перад сталінскай дзяржавай, якая звалілася на галаву. Там няма радасьці ўзьяднаньня, няма радасьці вызваленьня. Там збольшага вельмі трагічныя ўспаміны тагачасных дзяцей, якія пасьпелі скончыць 1-2 клясы польскай школы, нехта быў у юнацкім узросьце.

Прафэсар Алесь Смалянчук, які рэдагаваў кнігу «За першымі саветамі»
Прафэсар Алесь Смалянчук, які рэдагаваў кнігу «За першымі саветамі»

— Ці зразумела з успамінаў, гэта былі палякі або спаланізаваныя беларусы?

— Гэта не галоўнае. Тут я ня бачу прынцыповай розьніцы. Палякі не віталі Чырвоную армію напачатку. Тут была розьніца: беларусы спадзяваліся на перамены да лепшага, палякі не спадзяваліся ні на што, іхная дзяржава развальвалася. Але празь месяц-два ўсе думалі аднолькава: «Калі гэта ўсё скончыцца?» Ёсьць толькі некалькі ўспамінаў, дзе прыйшлі саветы — і жыцьцё стала шчасьлівым. Але яны выбіваюцца з агульнага кантэксту — гэта бяда і трагедыя для ўсіх. Вельмі важны момант, калі людзі зразумелі, што ня проста «вызвалілі» — вайна пачалася.

— Ёсьць стэрэатып, што пасьля 17 верасьня 1939-га кепска было толькі багатым, якіх раскулачылі.

— У нейкім сэнсе так. Але хто быў багатым для саветаў? Калі чалавек меў карову, то ўжо быў багатым; у каго крыху больш зямлі за іншых. Вядома, абсалютную галоту і беднату не чапалі. Але сярэдні ўзровень жыхароў Заходняй Беларусі, у тым ліку вяскоўцаў, быў значна вышэйшы, чым у Савецкім Саюзе. Саветам здавалася, што кожны трэці або кожны другі — кулакі, зь якімі трэба змагацца.

Адзін з успамінаў, як нехта на ровары паехаў сустракаць Чырвоную армію. Апрануўся прыстойна. Пабілі, забралі ровар, бо пан нейкі едзе. Як ты беларус? На беларусах аруць зямлю, яны босыя, голыя ходзяць. І пайшоў шчасьлівы беларус. Сустрэча зь першымі саветамі запомнілася на ўсё жыцьцё.

— Ці людзі тады дакладна ўсьведамлялі, палякі яны або беларусы?

— Для большасьці гэта не было актуальнае пытаньне. Гэта было важна хутчэй для інтэлігенцыі. Асноўная маса гэтых успамінаў — сялянскія. Са 107 успамінаў — 23 «палякі». У польскай дзяржаве ім было лягчэй быць палякамі. Але там больш важнае было канфэсійнае вызначэньне, падзел на каталікоў і праваслаўных. Праваслаўны звычайны быў не беларус, а «рускі».

У кнізе сабраныя ўспаміны больш як сотні людзей, пераважна з Заходняй Беларусі
У кнізе сабраныя ўспаміны больш як сотні людзей, пераважна з Заходняй Беларусі

— Ці беларусы адчувалі сябе горш за палякаў пры польскай дзяржаве?

— Большасьць беларусаў радавалася [саветам] — нашыя прыйшлі. Яны не адчувалі сябе грамадзянамі, роўнымі палякам. Бо тая дзяржава была «заточаная» на палякаў і на Каталіцкую царкву. Нават Праваслаўная царква ў канцы 1930-х гадоў пачала пераходзіць на польскую мову. Беларусам трэба было цяжка працаваць, каб выжываць. Гэтая дзяржава не была ўтульнай для беларусаў. Для беларусаў увогуле няма ўтульнай дзяржавы.

«Найбольш уразіла людзей беззаконьне»

— Ці з успамінаў відаць пераломны момант, калі прайшла радасьць ад «нашыя прыйшлі»?

— Гэта адбывалася паступова, калі пачаліся рэпрэсіі. Некаторыя рэчы згадваюць са сьмехам, напрыклад як жонкі афіцэраў хадзілі ў пэньюарах. А рэпрэсіі — гэта калі арыштоўвалі людзей, і яны проста зьнікалі. Раніцай выйшлі, а суседняя кватэра апячатаная. Потым дэпартацыі, асабліва першая, якая адбылася ў лютым 1940 году, у вельмі моцны мароз: малых дзяцей загружалі ў вагоны-цялятнікі і адпраўлялі на сьмерць.

— Ці гэта было самым жахлівым у той пэрыяд?

— Калі абагульняць, тое, што найбольш уразіла людзей, — беззаконьне. Закон зьнік. Можна было забіць чалавека. Ніякай адказнасьці ніхто ня нёс за гэта. Гэтая ўлада дазваляла забойствы і расправы, рабаваньне. У вёсцы Саволеўцы захаваліся ўспаміны, як асаднікаў забівалі сякерамі мясцовыя беларускія крымінальнікі-камуністы. А потым, пасьля вайны, ён ужо ўчастковы міліцыянэр, але для мясцовых людзей — проста забойца.

Першапачатковая радасьць узьяднаньня мінула, калі пачаліся рэпрэсіі
Першапачатковая радасьць узьяднаньня мінула, калі пачаліся рэпрэсіі

— Ці быў гэты час за першымі саветамі толькі кепскім?

— Ва ўспамінах людзей практычна няма плюсаў. Потым, аналізуючы, нехта мог сказаць, што ў гэты час зьявіліся беларускія школы. Беларус мог атрымаць бясплатную адукацыю, сярэднюю і вышэйшую. Раней гэта было амаль немагчымым, бо каштавала вялікіх грошай, якіх звычайна ня мелі. Часта ствараліся школы для беларусаў на расейскай мове, для палякаў — на беларускай. Беларуская мова была сродкам русыфікацыі, пераходным этапам. Усіх адсаджвалі на год назад, каб вучылі мову.

Адзін з успамінаў, што тата знайшоў працу на чыгунцы, пачаў добра зарабляць, на стале зьявіліся цукеркі, цукар.

Але для большасьці гэта былі перамены на мінус. Тое, што адразу адчулі, — дэфіцыт прадуктаў. Бо тут жа [у Заходняй Беларусі] у крамах было ўсё, а там, у БССР, нічога. Саветы прыйшлі і прыраўнялі рубель да злотага, які рэальна быў мо дзесяць да аднаго. І на рублі, якія там нічога ня вартыя, пачалі скупляць усё што можна. І тут восень [1939 году] была страшная, таму што ўсё прапала. З ночы трэба было станавіцца ў чаргу ў краму, каб нешта купіць. У 1940 годзе ўлады зразумелі праблемы, пачалі займацца забесьпячэньнем і неяк сытуацыя стабілізавалася.

Многія ўспамінаюць пра выбары ў Народны сход, якія шакавалі беларусаў, бо ў бюлетэні было адно прозьвішча. Як выбіраць? Калі ўсё было захоплена, трэба было правесьці Народны сход у Беластоку, выбраць 900 зь нечым чалавек, якія б прагаласавалі за тое, каб Заходняя Беларусь далучылася да БССР.

«Мясцовая свалата стала саюзьнікамі першых саветаў»

— Ці людзі казалі, што, каб добра жыць за першымі саветамі, трэба было стаць несумленным чалавекам?

— Людзі выслужваліся тым, што ішлі і забівалі лесьнікоў, паноў. Спадзяваліся атрымаць за гэта ўзнагароду. Стваралі сялянскія рэвалюцыйныя камітэты, можна было станавіцца ўладай такім чынам. Не тое каб станавіцца здраднікам, а проста служыць новай уладзе, спакойна пераступаючы праз сумленьне, грамадзкія нормы жыцьця. Значная частка беднаты ўбачыла, што так можна. Тыя, хто забіваў, не працавалі, пілі. Такія людзі, якіх ніхто не паважаў, сталі на чале новай мясцовай улады. Мясцовая свалата стала саюзьнікамі першых саветаў.

— Ці адказвае кніга на пытаньне, што лепей: аб’яднацца беларусам такім шляхам або застацца ў складзе польскай дзяржавы?

— Так і пытаньне ставіць ня варта. Безумоўна, нам трэба быць у адной дзяржаве, таму вельмі важна, што аб’ядналіся. Але на гэтым ня варта ставіць кропку. Трэба працягваць, што гэта было аб’яднаньне ў межах таталітарнай дзяржавы, сталінскага лягеру, дзе жыцьцё чалавека нічога не каштавала, дзе людзі проста зьнікалі, іх зьнішчалі. Можа, і нашыя сёньняшнія праблемы ад таго, што мы так узьядналіся. Сталін з Гітлерам нас сабралі разам, і гэта дало штуршок на ўсю беларускую гісторыю. І сёньня гэта адчувальна. Інакш было б, калі б людзі самі ўзьняліся на гэтую барацьбу.

Так, з пазыцыі гісторыі беларускай дзяржавы гэта абсалютна пазытыўна, а з пазыцыі жыцьця простага чалавека пачынаеш думаць, што і як. Ідэальны варыянт — стварэньне сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе ты адчуваеш сябе гаспадаром.

Прэзэнтацыя кнігі
Прэзэнтацыя кнігі

Героі гэтай кнігі не жылі катэгорыямі беларускага нацыянальнага руху, гэта было сялянскае жыцьцё, для іх нацыянальнасьць была справай, якую яны не ўсьведамлялі. Важна было проста жыць, вось дзеці растуць, прыбытак, каб можна было ровар купіць.

Узьяднаньня ж не было адразу, захавалася мяжа да 1941 году. Нельга было набыць квіток і з Горадні паехаць у Менск. Былі ўспаміны, што толькі аднойчы ўзімку дазволілі сустрэцца [двум бакам] на лёдзе ракі Случ.

«Насуперак абставінам дэманстравалі вельмі чалавечы падыход»

— Якія эмоцыі герояў пераважаюць у гэтай кнізе?

— Найбольш успамінаў пра рэпрэсіі, дэпартацыі, забойства асаднікаў. У іх адна з галоўных каштоўнасьцяў не ідэя нацыянальнай дзяржавы, а каштоўнасьць чалавечага жыцьця — агульнахрысьціянскія, агульначалавечыя моманты. Яны асуджалі забойствы. Нельга ўратаваць сваё жыцьцё коштам жыцьця іншага. Кожны мае права на жыцьцё, ніхто ня мае права гэтае жыцьцё адабраць. Усё, што ставіць чалавечае жыцьцё пад пагрозу, асуджаецца.

— Ці было адрозьненьне ў стаўленьні да саветаў у залежнасьці ад рэгіёну, гораду?

— Адрозьненьне было на памежных тэрыторыях з БССР. Гэтая радасьць, пра якую казалі, прысутнічала далей ад мяжы. На памежжы ведалі, як жывецца пры калгасах, у Саюзе, і ніякай радасьці ня мелі.

Горадня мела свае асаблівасьці, бо тут быў сур’ёзны бой з саветамі два дні. Была помста за гэта. Тут былі мацнейшыя рэпрэсіі. Ёсьць згадкі, не пацьверджаныя дакумэнтальна, што ўзвод польскіх салдат расстралялі без суду.

— Якія міты пра той час разбурае гэтая кніга?

— Можна ставіць пад сумнеў міт узьяднаньня, бо ў масавай сьвядомасьці не было ўсьведамленьня гэтага. Міт шчасьця і радасьці, якія потым былі перакрэсьлены жорсткай рэчаіснасьцю жыцьця за першымі саветамі. Міт беларуса, які шчыра вітае Чырвоную армію: бо збольшага стрымліваліся, баяліся — усё ж узброеныя людзі прыйшлі ў вёску.

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

— Што вас асабіста найбольш уразіла ў гэтых успамінах?

— Што ўва ўсёй змрочнай карціне прысутнічаюць фрагмэнцікі пра людзей, якія насуперак абставінам дэманстравалі вельмі чалавечы падыход да тых, хто апынуўся ў бядзе. Калі камуністы забівалі асаднікаў, рэшта вёскі ратавала іхных дзяцей. Жанчына, якая пабыла арыштаванай, успамінала, што былі назіральнікі, якія ўсю ноч хадзілі і ключамі білі па дзьвярах, каб ня спалі, а былі тыя, што давалі магчымасьць адпачыць. Або прыйшлі ў лазьню, а там 5 літраў вады на жанчыну, каб памыцца. А наглядчык сказаў: «Бярыце, колькі хочаце». Дробязь, за якой стаяць адносіны. Уражвае, што ў такі трагічны пэрыяд у памяці людзей засталіся эпізоды дабрыні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG