Улады Кітаю склалі новы маральны кодэкс грамадзян краіны. Ён заснаваны на прынцыпах нацыяналізму, марксізму і канфуцыянства. Новыя правілы ахопліваюць абсалютна ўсе галіны жыцьця: ад сартаваньня сьмецьця да паводзінаў у інтэрнэце і за мяжой.
Дакумэнт называецца «Плян укараненьня ў жыцьцё маральных прынцыпаў грамадзян у новай эры» і мае некалькі дзясяткаў старонак. У ім падкрэсьліваецца асабістая роля кіраўніка краіны Сі Цьзіньпіна ў фармаваньні кітайскага маральнага кодэксу.
Назіральнікі зьвяртаюць увагу, што ў тэксьце ня згадваецца ніводзін з папярэднікаў кітайскага лідэра, нават сам Мао Цзэдун. Назіральнікі лічаць, што Сі Цьзіньпін імкнецца ўвесьці ў краіне культ асобы. Пры ім у Кітаі наступіла большая кансалідацыя вакол партыі.
Экспэрты мяркуюць, што націск на ідэалёгію зьвязаны найперш з эканамічнай каньюнктурай у Кітаі. А яна пагаршаецца. У трэцім квартале гадавы рост ВУП зьменшыўся да 6%. Гэта наступства гандлёвай вайны паміж Пэкінам і Вашынгтонам. У гэтай сытуацыі ўлады хочуць кансалідаваць уладу і грамадзян.
Камунізм з кітайскімі рысамі
Падобны дакумэнт быў апублікаваны ў 2001 годзе. У новым гаворыцца, што за гэты час у кітайцаў значна палепшыліся нацыянальная ўпэўненасьць у сабе і гонар, а таксама маральныя стандарты. Але ў сувязі зь міжнароднай сытуацыяй і кепскім уплывам Інтэрнэту, «мараль пакутуе ад культурнай эрозіі».
У дакумэнце падкрэсьліваецца, што сацыялізм з кітайскімі характарыстыкамі ўступіў у новую эру, а Кампартыя прасоўвае традыцыйныя каштоўнасьці Кітаю, стварае і фармуе сацыялістычную маральную сыстэму.
— Пакланеньне грошам, геданізм і крайні індывідуалізм па-ранейшаму прыкметныя. Некаторыя чальцы грамадзтва нават ня маюць маральных каштоўнасьцяў, — гаворыцца ў дакумэнце. Таму Сі Цьзіньпін прапануе «вялікую барацьбу для пабудовы кітайскага духу». Мы прачыталі дакумэнт цалкам і прыводзім некаторыя вытрымкі.
Кітайцаў заклікаюць
- бараніць марксісцкую і камуністычную мараль
- быць ляяльнымі і адданымі
- трымацца правільнай грамадзкай думкі
- любіць Радзіму, працу, навуку
- быць ветлівымі і дапамагаць людзям
- дапамагаць бедным і старым
- бараніць грамадзкую ўласнасьць
- трымацца сямейных каштоўнасьцяў і роўнасьці паміж мужчынамі і жанчынамі, мужамі і жонкамі
Дбаць пра культуру
- паглыбляць прапаганду сацыялізму з кітайскімі рысамі
- ставіцца з павагай і гонарам да традыцыйнай кітайскай культуры
- імкнуцца да адзінай ідэалягічнай канцэпцыі
- прапагандаваць сацыялізм і мараль празь літаратуру і мастацтва
- пашыраць музычныя творы пра Радзіму, герояў, працу
- супрацьстаяць кічу і вульгарнасьці
- разглядаць сацыялістычную этыку як крытэр ацэнкі і ўзнагародаў твораў мастацтва
Задачы для ўлады
- выкарыстоўваць школы і ВНУ для ажыцьцяўленьня палітыкі партыі
- інфармаваць грамадзтва пра высокамаральныя і немаральныя паводзіны грамадзян
- рэклямаваць пасьпяховых фігур, якія маюць стаць узорам для іншых
- своечасова крытыкаваць і абвяргаць словы, якія парушаюць мараль
- СМІ і бізнэс павінны клапаціцца аб маральнай самадысцыпліне
У замежжы і з замежнікамі
- паводзіць сябе цывілізавана падчас падарожжаў, цывілізавана есьці і паводзіць сябе адпаведна ў транспарце
- дбаць пра прыгожыя месцы, мэдычныя ўстановы, спартыўныя пляцоўкі
- правільна апранацца
- дэманстраваць за мяжой цывілізаваныя якасьці, паважаць мясцовыя законы
- на мерапрыемствах з удзелам замежнікаў быць адкрытымі, цярпімымі, пазытыўнымі і ўпэўненымі ў сабе
У сябе
- давяраць судовым органам
- адмаўляцца ад раскошы
- праводзіць «Месяцы сумленнасьці», каб людзі маглі паведамляць пра нядобрасумленныя паводзіны іншых
- займацца валянтэрствам
- адраджаць вёску і выхоўваць там цывілізаваныя звычаі
- змагацца з кепскімі звычкамі, забабонамі, дэкадэнцкай культурай і незаконнымі рэлігійнымі сіламі
- жыць паводле экалягічнай маралі: паважаць прыроду, падзяляць сьмецьце, весьці нізкавугляродны лаж жыцьця
- правіла «Я за ўсіх, усе за мяне» павінна стаць звыклай практыкай
У інтэрнэце
- разьвіваць пазытыўную онлайн-культуру
- выкарыстоўваць інтэрнэт для разьвіцьця карыснай літаратуры, музыкі, выступаў, фільмаў, гульняў і г. д
- умацаваць правільныя паводзіны пры гарачых і надзвычайных сытуацыях у сеціве
- ператвараць правільную маральную арыентацыю ў мэйнстрым кібэрпрасторы
- змагацца са шкоднай інфармацый у інтэрнэце
- рацыянальна выкладаць свае думкі ў інтэрнэце
- пазьбягаць кепскіх сайтаў
Паводле новага маральнага кодэксу, кітайцы павінны атрымліваць у спадчыну «чырвоны ген». Для прапаганды «нацыянальнага этыкету» рэкамэндуецца выкарыстоўваць СМІ, дошкі аб’яваў, экраны манітораў і рэклямныя шчыты. Увядзеньнем усіх правілаў мае займацца партыя і ўсе дзяржаўныя структуры.