Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргонях замест бэтоннага Леніна прапануюць паставіць лаву Напалеона


Ленін аддзяліўся ад п’едэстала, красавік 2019 году
Ленін аддзяліўся ад п’едэстала, красавік 2019 году

Помнік арганізатару кастрычніцкага перавароту Ўладзіміру Леніну з цэнтральнай плошчы Смаргоняў перасунуць у іншае месца: разглядаецца пляцоўка ў гарадзкім парку. На вызваленую вакансію прапануюць альтэрнатыву — скульптурную кампазыцыю ў гонар Напалеона Банапарта.

«Дажынкі» паспрыялі дэленінізацыі

Сёлета ў красавіку ў Смаргонях на Горадзеншчыне была дэмантаваная скульптура Леніна. Спачатку жыхарам паабяцалі, што грувасткая спаруда пасьля рэстаўрацыі вернецца на сваё месца да абласных «Дажынак» (яны пройдуць 23 лістапада). Аднак неўзабаве камунальнікі зьнесьлі і пастамэнт, пасьля чаго ўлады заявілі, што Ільічу знойдуць іншае месца. Кажуць, што ўжо прыгледзелі куток пры ўваходзе ў парк адпачынку — насупраць помніка мясцовым чэкістам.

Ленін можа прызямліцца ля помніка чэкістам
Ленін можа прызямліцца ля помніка чэкістам

Смаргонскі скульптар, заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі Ўладзімер Церабун неаднаразова рамантаваў бэтоннага Леніна. Апошні раз капітальна — да 500-годьдзя Смаргоняў. Цяпер кажа, што марнаваць на такое немалыя грошы няма ніякай патрэбы.

«У 2003 годзе зьвярнуліся наконт рэстаўрацыі помнікаў Леніну і невядомаму салдату, — згадвае ён. — Прапанаваў пачаць з салдата, скарыстацца тэхналёгіяй, пры якой бэтон пакрываюць тонкім пластом ліставой медзі, швы зварваюць і прачаканьваюць. Ня трэба ні фарбаваць, ні марафэціць. Так і зрабілі. Мінула 16 гадоў, ніхто да скульптуры не дакранаецца. Ленін нашмат большы памерам, пацікавіліся коштам. Грошы сур’ёзныя, прыйшлі да высновы: укладацца ня мае сэнсу. Тым больш ён ня мае мастацкай каштоўнасьці».

Уладзімер Церабун у смаргонскай хаце-майстэрні
Уладзімер Церабун у смаргонскай хаце-майстэрні

Адрозна ад бронзавага Леніна перад будынкам Дому ўраду ў Менску: адкінуўшы ідэалягічны складнік, прыклад арганічнага злучэньня архітэктуры і манумэнтальнай скульптуры, лічыць суразмоўца.

Помнік Леніну ў 1950-х адпачатку зьявіўся каля дзіцячай бібліятэкі Смаргоняў. Пасьля яго перанесьлі да школы № 1, дзе акурат вучыўся Ўладзімер Церабун, а затым паставілі на высокі пастамэнт перад будынкам райвыканкаму. Ад таго часу даводзілася рэгулярна «цыраваць» швы, трэшчыны, падмазваць ды падфарбоўваць.

Замест помніка Леніну засталіся прыступкі і тумбы з туямі
Замест помніка Леніну засталіся прыступкі і тумбы з туямі

«Бэтон ня той матэрыял, які захоўвае таварны выгляд, — працягвае скульптар. — Ён патрабуе пастаяннага рамонту, а значыць, бясконцага ўкладаньня сродкаў. Прыклад нашага ўзорнага комплексу ў Хатыні: бэтонныя архітэктурныя збудаваньні час ад часу прыходзіцца аднаўляць. Ці нядаўна ў Расеі завяршылі рэстаўрацыю валгаградзкага манумэнту Маці-Радзіме. Ну дык ці варта ўбухваць столькі грошай, калі ўсё роўна будзе развальвацца? Таму смаргонцам трэба падумаць, што паставіць больш значнае і трывалае».

І перш за ўсё глядзець з пазыцыі гістарычнай вартасьці і наведваньня гораду турыстамі, падсумоўвае адмысловец.

Вандроўныя артысты «мядзьведжай акадэміі» ў смаргонскім парку, аўтар Уладзімер Церабун
Вандроўныя артысты «мядзьведжай акадэміі» ў смаргонскім парку, аўтар Уладзімер Церабун

За савецкім часам Беларусь была трэцяй пасьля Расеі і Ўкраіны колькасьцю ленінскіх скульптураў — усяго іх паставілі блізу 600 (пасьля ўкраінскага «ленінападу», мабыць, ужо другая).

І наўрад ці ў гэтым пытаньні варта чакаць кардынальных зьменаў. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што краіна толькі выйграла ад рашэньня працягнуць традыцыю адзначаць дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і адмовілася зносіць помнікі Леніну. Ён прызнаўся, што асабіста спыніў імпэт руйнавальнікаў, бо гэта «праца людзей і наша гісторыя».

Штампоўка без мастацкай вартасьці
Штампоўка без мастацкай вартасьці

Атэіст паміж касьцёлам і царквой

Смаргонскі Ленін ня быў унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і з кожным годам выглядаў усё менш прэзэнтабэльна. Да таго ж ён зусім не адпавядаў навакольнаму антуражу.

З усіх бакоў зацятага атэіста атачалі культавыя збудаваньні: касьцёл Міхаіла Архангела (былы кальвінскі збор XVI стагодзьдзя), хрысьціянскі адукацыйны цэнтар і Спаса-Праабражэнская праваслаўная царква на месцы разбуранай у Першую сусьветную вайну.

Камунальнікі руйнуюць пастамэнт, красавік 2019 году
Камунальнікі руйнуюць пастамэнт, красавік 2019 году

«Добрае выйсьце ў свой час прыдумалі ў Ашмянах, дзе ў цэнтры таксама стаяў Ленін, — працягвае скульптур. — Адрозна ад смаргонскага, гэта аўтарская праца, асобны экзэмпляр, зроблены у тэхніцы выбіваньня медзі. Падчас рамонту плошчы яго пасунулі бліжэй да пракуратуры, ён там і стаіць у цяньку пад дрэвамі. З аднаго боку, захавалі твор мастацтва (высокага ці ня надта, гэта ўжо пытаньне дыскусійнае), а з другога — прыбралі з трохкутніка паміж касьцёлам, царквой і старой сынагогай».

Зьнікненьне звыклай воку спаруды смаргонцы сустрэлі абыякавым маўчаньнем. Мала таго, падчас апытаньня на форуме раённай газэты «Светлы шлях» абсалютная бальшыня грамадзян выказалася за тое, каб Леніна назад не вяртаць.

Праект памятнага знаку «Крэўская ўнія», аўтар Уладзімер Церабун
Праект памятнага знаку «Крэўская ўнія», аўтар Уладзімер Церабун

«Каб пачаліся бурныя спрэчкі, паляцелі ў выканкам лісты ці камуністы выйшлі на мітынг з патрабаваньнем вярнуцьі м страчанага „ідала“, вядома, давялося б прыслухоўвацца, рэстаўраваць, — кажа Ўладзімер Церабун. — Асабіста я за гэта ўжо ня ўзяўся б. Па-першае, сама па сабе цяжкая праца, трэба вісець у люльцы ці ставіць рыштаваньні. А па-другое, ці варта ўсё гэта тых высілкаў? Ну навошта біцца за тое, каб любым спосабам вярнуць Леніна, калі ёсьць больш вартыя кандыдаты на ўшанаваньне?»

На жаль, ня ўмеем цаніць тое, што маем, кажа Ўладзімер Церабун. Нагадвае, што ягоная радзіма багатая на выдатных асобаў, якія праславілі свой край. І яны маюць куды большае права на мэмарыялізацыю, чым Ленін, чыё дачыненьне да Беларусі вельмі апасродкаванае.

Праект бюсту Міхала Агінскага, аўтар Уладзімер Церабун
Праект бюсту Міхала Агінскага, аўтар Уладзімер Церабун

Банапарт як прыманка для турыстаў

У творчым даробку майстра цэлы шэраг нерэалізаваных праектаў у гонар вядомых землякоў: пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, кампазытара і дыплямата Міхала Клеафаса Агінскага, скульптара Ісака Іткінда ды іншых.

Праект барэльефу Ісака Іткінда, аўтар Уладзімер Церабун
Праект барэльефу Ісака Іткінда, аўтар Уладзімер Церабун

Смаргоншчына асацыюецца з шэрагам асобаў Сярэднявечча. У Крэве закончыў свой шлях вялікі князь літоўскі Кейстут, той эпосе прысьвечана скульптурная кампазыцыя «Крэўская ўнія». Згадаем і Станіслава Радзівіла, заснавальніка адзінай на ўвесь сьвет славутай «мядзьведжай акадэміі». 10 гадоў Уладзімер Церабун дамагаўся, каб паставіць кампазыцыю вандроўным артыстам, і толькі ў 2014-м чыгунныя фігуры зьявіліся ў гарадзкім парку (адпачатку плянаваліся ў бронзе).

А яшчэ ў творцы ёсьць ідэя адзначыць францускага імпэратара Напалеона Банапарта: 6 сьнежня 1812 году на ваеннай нарадзе ў Смаргонях ён перадаў камандаваньне рэшткамі разьбітай арміі маршалу Мюрату, а сам пад покрывам ночы рушыў у Парыж. У Беларусі шмат хто прыхільна ставіўся да асобы Напалеона, спадзеючыся, што той дапаможа пазбавіцца ад путаў Расейскай імпэрыі і паспрыяе аднаўленьню Вялікага Княства Літоўскага.

Праект «лаўкі Напалеона», аўтар Уладзімер Церабун
Праект «лаўкі Напалеона», аўтар Уладзімер Церабун

«Чаму не зафіксаваць такі гістарычны факт? — перапытвае скульптар. — Ёсьць ідэя ўвасабленьня, кампазыцыя — лава з абрэвіятурай BN; ляжаць славутая трохвуголка, шынэль, падзорная труба. Побач зваленыя ў кучу вінтоўкі і надпіс на парваным сьцягу пра той пераломны момант. Цікава? Лічу, што так, адразу стала б турыстычнай адметнасьцю. Не прапагандуем таго, чым павінны ганарыцца. Ёсьць рэчы, нам блізкія, як тая ж Крэўская унія. Ці, зноў жа, давайце падумаем, як увекавечыць славуты смаргонскі абаранак».

Творца лічыць, што, раз сёлета Смаргоні прымаюць «Дажынкі», нялішняй тут была б скульптурная кампазыцыя «Сьвята ўраджаю». Бо знакавыя рэчы застаюцца ў любым выпадку — перадусім хлеб, які беларусы шанавалі ва ўсе часы.

Кастусь Каліноўскі з-пад шыбеніцы, аўтар Уладзімер Церабун
Кастусь Каліноўскі з-пад шыбеніцы, аўтар Уладзімер Церабун

А яшчэ ў партфоліё Уладзімера Церабуна маецца праект ушанаваньня ўраджэнца горадзенскай зямлі Кастуся Каліноўскага — напярэдадні перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў у Вільні інтарэс да гэтай выбітнай асобы падвышаны. Тут лідэр паўстаньня 1863 году за некалькі крокаў ад шыбеніцы.

Да ўсяго іншага Смаргоні шчыльна ўпісаныя ў гісторыю Першай сусьветнай вайны. Гэта адзінае месца на ўсім фронце, якое больш за 800 дзён знаходзілася ў эпіцэнтры пазыцыйнанага процістаяньня. За гэты час ахвярамі абстрэлаў і газавых атак сталі дзясяткі тысяч салдатаў і афіцэраў з абодвух бакоў, горад быў зруйнаваны, а жыхары прымусова вывезеныя ў глыбокі расейскі тыл.

У памяць пра тыя падзеі пачалося ўзьвядзеньне мэмарыялу, Уладзімер Церабун таксама ў ліку аўтараў праекту. Тэрміны здачы зрываліся ўжо двойчы: спачатку плянавалі адкрыць мэмарыял да 100-годзьдзя пачатку Вялікай вайны ў 2014-м, а потым на такі ж юбілей яе заканчэньня ў 2018-м. Праз адсутнасьць сродкаў будаўніцтва комплексу замарожанае, да мантажу гранітных пліт нават не прыступілі.

Даўгабуд смаргонскага мэмарыялу
Даўгабуд смаргонскага мэмарыялу

Мясцовыя ўлады кажуць, што ня могуць пацягнуць падобныя выдаткі і спадзяюцца на «саюзную дзяржаву». Матэрыяльную дапамогу абяцаў экс-амбсадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, аднак зь яго дачаснай адстаўкай пытаньне зноў падвісла. Той выпадак, калі замах на маштабнасьць аказаўся не супастаўны зь фінансавымі магчымасьцямі.

Зрэшты, сам Уладзімер Церабун і ня страчвае надзеі, што ў 2022 годзе комплекс нарэшце будзе завершаны — прынамсі, такія тэрміны цяпер агучваюцца на апэратыўных нарадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG