Насамрэч
Не зусім праўда. У артыкуле на TUT.BY адзначаецца, што сярод беларусаў, якія атрымалі летась першыя віды на жыхарства ў краінах ЭЗ, адносна невялікая доля атрымалі адпаведныя дакумэнты па сямейных абставінах, на адукацыю і на працу. А пераважная большасьць (73%) атрымала гэтыя дазволы па «іншых прычынах». Украінцы часьцей за ўсё атрымлівалі від на жыхарства для працы (65% ад усіх), кітайцы — для адукацыі (67%), мараканцы — па сямейных прычынах (61%). Для ўсіх іх пазыцыя «па іншых прычынах» — зусім не дамінантная. Параўнальная з беларускай доля атрымаўшых віды на жыхарства па гэтай пазыцыі — толькі ў сірыйцаў (68%).
Афіцыйная фармулёўка гэтага варыянту віду на жыхарства — «дазвол, выдадзены толькі для пражываньня (напрыклад, людзей, якія маюць дастаткова сродкаў), для гуманітарнай, міжнароднай абароны (у тым ліку па статусе ўцекача і дадатковай абароне) і іншае». Сырыйцы бягуць ад грамадзянскай вайны, яны сапраўды атрымліваюць статус уцекача. Але які такі паток уцекачоў быў зь Беларусі?
Разгадку прапанаваў палітоляг Андрэй Елісееў. Ён піша, што паводле мэтадалёгіі Эўрастату (у адпаведнасьці з артыкулам 6.2 Рэглямэнту ЕС No 862/2007) у віды на жыхарства залічваюцца таксама доўгатэрміновыя нацыянальныя візы. «Гэта значыць, сюды прылічылі ўсіх, хто ў мінулым годзе атрымаў польскую нацыянальную візу — як уладальнікаў «карты паляка», гэтак і атрымаўшых польскую нацыянальную візу па іншых (але не рабочых падставах). Усе яны — а такіх у мінулым годзе было 100 тысяч, прынамсі такую лічбу Польшча падала Эўрастату — і трапілі ў катэгорыю «па іншых прычынах» — напісаў Елісееў.
Такім чынам выглядае, што ладная частка са 137 тысячаў беларусаў, атрымаўшых першыя віды на жыхарства ў ЭЗ — гэта атрымальнікі польскіх нацыянальных візаў. Яны таксама ўлічваюцца як віды на жыхарства, але насамрэч не даюць магчымасьці працяглы час жыць у Польшчы.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі