Тэлевізійны запіс перадвыбарчага выступу кандыдата ад Партыі БНФ, актывіста руху «Эўрапейская Беларусь» Міхася Бандарэнкі не пусьцілі ў эфір тэлеканала «Беларусь-3».
У вечаровым эфіры 28 кастрычніка замест прамовы кандыдата прагучала музычная кампазыцыя. Міхась Бандарэнка балятуецца па Мазырскай выбарчай акрузе № 42.
«Мабыць, выступ не пусьцілі таму, што я казаў пра дыктатуру ў Беларусі і што Лукашэнка павінен сысьці. Скаргаў пісаць ня буду, выкладу свой выступ у інтэрнэт і буду праводзіць агітацыйныя пікеты», — зазначыў Свабодзе сам кандыдат.
У тэлерадыёкампаніі «Гомель», якая запісвае кандыдатаў і пускае іх у эфір, не пракамэнтавалі гэтай сытуацыі, спаслаўшыся на тое, што кіраўніцтва цяпер занятае на запісе і невядома, калі вызваліцца.
22 кастрычніка ня выпусьцілі ў эфір тэлеканала «Беларусь-3» выступ кандыдата ад АГП гамельчука Ўладзімера Няпомняшчых. Ён упэўнены, што прычына, чаму запіс не пайшоў у эфір, — першы пункт ягонай праграмы, «Імпічмэнт Лукашэнку».
23 кастрычніка не пусьцілі ў эфір выступ кандыдаткі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірыны Давідовіч, вылучанай па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54.
Таксама 22 кастрычніка на дзяржаўным «Радио Минск» ня выйшаў у эфір запісаны раней зварот кандыдаткі Аксаны Юшкевіч, актывісткі грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», адмовілі ў выступе на радыё і даверанай асобе Юшкевіч Ірыне Халіп. Пазьней Аксану Юшкевіч увогуле зьнялі з выбараў.