Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавыя палёгкі тармозіць пагадненьне аб рэадмісіі, — кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу 


Кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль
Кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль

Нядаўна прызначаны кіраўніком прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль пракамэнтаваў Tut.by, ці варта чакаць беларусам візы па 35 эўра, альбо, наадварот, настройвацца на падвышэньне кошту.

Як адзначыў нямецкі дыплямат, пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму ўжо прайшло ўсе стадыі ўзгадненьня і гатовае да падпісаньня. Застаецца адно «але».

«Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму зьвязана з пагадненьнем аб рэадмісіі, абодва павінны ўступіць у сілу адначасова, — патлумачыў Дырк Шубель. — Працэдуры з боку ЭЗ крыху больш складаныя, чым з вашага: Беларусь — адна краіна з цэнтралізаванай сыстэмай кіраваньня, а Эўразьвяз складаецца з 28 дзяржаваў. Некаторыя зь іх уваходзяць у шэнгенскую зону, некаторыя — не, таму пагадненьне датычыцца ў асноўным краінаў шэнгенскай зоны».

З гэтай прычыны працэс падпісаньня пагадненьня аб рэадмісіі больш працяглы, аднак Брусэль спрабуе яго паскорыць, каб выйсьці на падпісаньне як мага хутчэй, запэўніў суразмоўца парталу.

Ці пасьпеюць бакі абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі да сёлетняга сьнежня, да таго, як у Эўразьвязе ўступяць у сілу новыя правілы, у адпаведнасьці зь якімі цана шэнгену вырасьце да 80 эўра для ўсіх краін?

«Я не магу назваць канкрэтныя даты, але са свайго боку мы пастараемся зрабіць усё як мага хутчэй, каб у найбліжэйшай будучыні вы пачулі добрыя навіны», — сказаў Дырк Шубэль.

У канцы верасьня Аляксандар Лукашэнка ўхваліў праекты пагадненьняў з Эўрапейскім зьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Пасьля гэтага дакумэнты разглядалі органы Рады Эўразьвязу.

Згодна з нормамі, пасьля падпісаньня Эўрапейскі парлямэнт дае згоду на заключэнне пагадненьняў. Потым Рада Эўразьвязу прымае рашэньне аб заключэньні абодвух пагадненьняў, якія ўступаюць у сілу адначасова ў першы дзень другога месяца пасьля даты, як толькі бакі праінфармуюць адзін аднаго пра завяршэньне ратыфікацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG