Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ўлада ня мае «адзінага сьпісу» сваіх кандыдатаў


Падлік галасоў на выбарах, архіўнае фота
Падлік галасоў на выбарах, архіўнае фота

На выбарах-2019 інтрыга ўсё-ткі ёсьць. Але ўсё спаборніцтва ідзе паміж сваімі, праўладнымі кандыдатамі. Апазыцыя ў гэтым конкурсе «сваіх» ня ўдзельнічае.

Сьцісла

  • Упершыню ў сьпісах зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты зьявіліся праўладныя асобы са зьнешне аднолькавымі шанцамі на прызначэньне.
  • Апазыцыя ў гэтым конкурсе «сваіх» ня ўдзельнічае.
  • Беларусам новую Палату прадстаўнікоў хочуць падаць як больш сучасную, больш мадэрную.
  • Уяўная канкурэнтнасьць выбараў будзе выстаўленая на міжнародны «продаж».
  • Жыхарам Беларусі і іншаземцам улады паспрабуюць «прадаць» казку пра канкурэнцыю на выбарах, лібэралізацыю і мадэрнізацыю.

Пачынаючы з выбараў 2008 году некаторыя незалежныя мэдыя складаюць свае сьпісы асобаў, якія стануць дэпутатамі. Раней гэта было проста. Разглядаліся зарэгістраваныя кандыдаты ў кожнай са 110 акругаў — і ў кожнай выразна акрэсьліваўся стаўленік уладаў. Памылкі калі і здараліся, то неістотныя — ня болей за адно-два прозьвішчы са ста дзесяці.

Сёлета сытуацыя прынцыпова зьмянілася. Прыкладна ў палове акругаў зрабіць адразу правільны прагноз немагчыма. Першая Палата прадстаўнікоў была сфармаваная па выніках канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, які заходнія краіны дагэтуль лічаць сумнеўным. Сёлета ўпершыню з часоў стварэньня палаты ў сьпісах зарэгістраваных прэтэндэнтаў зьявіліся праўладныя асобы са зьнешне аднолькавымі шанцамі на прызначэньне.

І раней у сьпісах кандыдатаў па адной акрузе сустракаліся два, а часам нават тры прозьвішчы вылучэнцаў ад улады. Але тады беспамылкова можна было вызначыць, хто сапраўдны прызначэнец, а хто толькі, як кажуць, на падтанцоўцы, на ролі дублёра. На ўсялякі выпадак.

Цяпер усё складаней. Занадта шмат акругаў, дзе канкурэнты ці спарынг-партнэры аднолькавыя паводле статусу. У некаторых акругах наагул фаварыта няма. Раней пры складаньні сьпісу дэпутатаў да афіцыйнага абвяшчэньня іх прозьвішчаў у незалежных журналістаў быў паказальны індыкатар. Вылучэнец ад працоўнага калектыву як бы даваў сыгнал, што менавіта ён і стане дэпутатам. Але сёлета, чаго ізноў жа ніколі не было раней, існуюць аж 40 акругаў, дзе працоўнымі калектывамі былі вылучаныя два ці нават болей прэтэндэнтаў.

Два канкрэтныя прыклады. У Полацкай акрузе № 27 працоўнымі калектывамі вылучаныя беспартыйныя — дырэктарка раённага Дома культуры Ала Дзёміна і намесьніца галоўнага лекара цэнтральнага гарадзкога шпіталя Сьвятлана Адзінцова. У Пастаўскай акрузе № 29 ад працоўных калектываў балятуюцца начальніца ўпраўленьня працы Шаркаўшчынскага райвыканкаму Вера Жук і старшыня Браслаўскага раённага прафсаюзу Павал Сільчонак. Хто тут галоўны, а хто «на падтанцоўцы»?

Атрымліваецца, што на выбарах-2019 інтрыга ўсё-ткі ёсьць. Але ўсё спаборніцтва ідзе паміж сваімі, праўладнымі кандыдатамі. Апазыцыя ў гэтым конкурсе «сваіх» ня ўдзельнічае.

Навошта ўладзе такія перамены?

Зразумела, што ў такой сытуацыі ня можа ня ўзьнікнуць пытаньне: а навошта ўладам гэтая паддывановая гульня? Навошта яны адмаўляюцца ад звычайных выбарчых «рэцэптаў», якія цалкам апраўдвалі сябе раней? На мой погляд, ёсьць прычыны і ўнутраныя, і зьнешнія.

Беларусам новую Палату прадстаўнікоў хочуць падаць як больш сучасную, больш мадэрную. Для гэтага пашыраюць прысутнасьць у ёй людзей розных прафэсіяў. Разам з традыцыйнымі лекарамі, пэдагогамі, чыноўнікамі, сілавікамі ў яе хочуць увесьці болей журналістаў, дыпляматаў, магчыма нават беспрацоўных.

Невыпадкова ў сьпісе прэтэндэнтаў апынулася і міс Беларусь. Раскласьці такі пасьянс, зразумела, больш складана, чым правесьці выбарчую кампанію паводле старых лякалаў, прызначаючы па адным чалавеку ў кожную акругу. Але прывабнасьць новага «парлямэнту» павінна акупіць выдаткі. Дый праўладныя экспэрты, якіх параўнальна з папярэдняй выбарчай кампаніяй істотна паболела, хочуць паказаць, што свае грошы яны атрымліваюць недарма.

Чуў, што адна з такіх «навукова-дасьледчых» структураў настойліва прапаноўвала вылучэньне ў Палату прадстаўнікоў маці-гераіняў. Але пакуль гэтую ініцыятыву не ўхвалілі.

Мадэрнізацыя Палаты прадстаўнікоў, канечне, не азначае, што яна раптам ператворыцца ў сапраўдны парлямэнт. Тут, як я думаю, задача іншая — стварыць у вачах беларусаў ілюзію таго, што ўлада не замшэла канчаткова, а рухаецца, няхай і павольна, да мадэрнізацыі. Вось чаму і зьявілася патрэба «патасаваць карты», выбраўшы лепшыя ў апошні момант. І каб такім чынам выканаць пажаданьне (загад?) Лукашэнкі, каб парлямэнт «быў ціхі, спакойны, стабільны»; але «дзе трэба, каб і па пысе каму-небудзь маглі даць».

Мабыць, для гэтага ў Авальную залю зноў прыйдуць Уладзімер Андрэйчанка і Генадзь Давыдзька. 70-гадовы сьпікер, які кіраваў палатай тры скліканьні запар (2008–2019 гады), балятуецца і на чацьвёрты тэрмін. А кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, які да таго ж яшчэ і прафэсійны актор, — някепская кандыдатура для выкананьня другой часткі прэзыдэнцкага пажаданьня.

Як дагадзіць Вашынгтону і Брусэлю

Мяркую, што ўяўная канкурэнтнасьць выбараў будзе выстаўленая і на міжнародны «продаж». А чаму, сапраўды, уладам не прадставіць яе ў выглядзе праявы лібэралізацыі ў Вашынгтон і Брусэль? Ад ЗША афіцыйны Менск хацеў бы, каб амэрыканцы цалкам скасавалі санкцыі, а ня толькі рэгулярна часова прыпынялі іх дзеяньне. Нядаўна ў Менску пабывалі высокія госьці з Вашынгтону. І яны выразна намякнулі: для адмены санкцыяў патрэбны хоць нейкі прагрэс на выбарах. І ўлады могуць «упарыць» канкурэнцыю праўладных кандыдатаў як прыкмету лібэралізацыі.

У дачыненьнях з Эўразьвязам таксама існуе вялікая праблема — лёс пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму. Для любога беларуса, акрамя таго, хто атрымлівае «шэнген» бясплатна, немалаважна ўсё ж — 35 ці 80 эўра будзе каштаваць ягоная віза. І ўлады мусяць улічваць рэакцыю грамадзтва, бо грашовыя праблемы заўжды найбольш балючыя. Раней супраць падпісаньня гэтай дамовы выступала Польшча. Цяпер, паводле польскіх дыпляматаў, свае прэтэнзіі палякі зьнялі.

Лукашэнка згоду на падпісаньне са свайго боку ўжо даў. Але бюракратычныя працэдуры ў Эўразьвязе ніхто не адмяняў. Да таго ж там мяняецца склад Эўракамісіі і іншых кіроўных інстытутаў Зьвязу. Таму сёньня абсалютна зразумела, што канчаткова ўхваляць дамову толькі пасьля таго, як выбары ў Беларусі ўжо скончацца. А гэта азначае, што ў Брусэлі абавязкова не аднойчы будзе задавацца пытаньне: а ці быў прагрэс на беларускіх выбарах?

Гульня ў мадэрнізацыю можа перанесьціся і на канкрэтныя асобы. Улады могуць проста знайсьці замену Алене Анісім і Ганьне Канапацкай. Ну, напрыклад, прыхільніка «мірных пераменаў» Андрэя Дзьмітрыева з «Гавары праўду», альбо кагосьці з трох партыйных старшыняў — Ігара Барысава, Мікалая Казлова, Рыгора Кастусёва.

Я думаю, што і пасьля лістападаўскіх выбараў ніякага ветру пераменаў грамадзтва не дачакаецца. Кантроль будзе нават больш пільны, бо, падобна, Палата прадстаўнікоў сёмага скліканьня ўсё ж зоймецца транзытам улады. А таму ў ёй павінна быць усё спакойна. Але адначасова жыхарам Беларусі і іншаземцам улады паспрабуюць «прадаць» казку пра канкурэнцыю на выбарах, лібэралізацыю і мадэрнізацыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG