Як малявалі межы Беларусі. Частка IV. У 1944-м Полацкую вобласьць хацелі аддаць Расеі
Як малявалі межы Беларусі
Частка IV
У 1944-м Полацкую вобласьць хацелі аддаць Расеі

У жніўні 1944 году палова сучаснай Віцебскай вобласьці павінна была адысьці да РСФСР. Беларуская ССР губляла каля 18 000 квадратных кілямэтраў тэрыторыі і каля 400 000 чалавек. Дакумэнты на перавод вобласьці ўжо ляжалі на стале ў Сталіна. З архіваў і ўспамінаў савецкіх функцыянэраў мы даведаліся, навошта паўночную Беларусь зьбіраліся аддаць Расеі і якія аргумэнты беларусаў паўплывалі на Сталіна.


Orda sketch
Полацак у 19 стагодзьдзі, малюнак Напалеона Орды

Лёс Полацку і навакольных раёнаў вырашаўся ў крамлёўскім кабінэце Сталіна позна ўначы 14 жніўня 1944 году. Усе дакумэнты былі падрыхтаваныя Малянковым яшчэ месяц таму. 11 адміністратыўных раёнаў на поўначы БССР меліся стаць расейскімі. Беларусь страчвала мяжу з Латвіяй, а Расея атрымлівала мяжу зь Літвой.

У склад новай Полацкай вобласьці ў складзе Расеі мусілі ўвайсьці наступныя раёны: Асьвейскі, Браслаўскі, Ветрынскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Дзісенскі, Докшыцкі, Дрысенскі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Полацкі, Расонскі, Вушацкі, Шаркоўшчынскі.

Для новай вобласьці ўжо быў падабраны і начальнік — нехта Г. Байкачоў з апарату ЦК ВКП(б). Паплечнікі Сталіна (Молатаў, Кагановіч, Варашылаў, Мікаян) праект ухвалілі. У прадстаўленьні на імя Сталіна ад 17 ліпеня 1944 году ўказвалася, што пагаджаецца і Панамарэнка...

Сталін: «Чаму вы лічыце Полацак спрадвечна беларускім горадам?»

Аднак напрыканцы ліпеня нешта пайшло ня так. І вось у сярэдзіне жніўня Панамарэнку тэрмінова выклікаюць у Крэмль.

14 жніўня ўвечары ў прысутнасьці іншых членаў Палітбюро (Берыі, Малянкова і Молатава) Сталін тлумачыў, дзеля чаго патрэбна ўтварэньне новых абласьцей — Полацкай, Бабруйскай, Маладэчанскай...

«Ягоныя развагі былі наступныя. Досьвед вайны паказвае, што, калі на апэратыўным напрамку праціўнік сустракае буйны горад, гэта затрымлівае, часта надоўга, яго прасоўваньне...Таму пажадана, каб на гістарычна вызначаных напрамках было больш буйных гарадоў, якія разьвіваюцца», - піша Панцеляймон Панамарэнка ў сваім дзёньніку.

Такім чынам, Сталін ужо тады думаў пра новую вайну.

Усе пагадзіліся са Сталіным, але Малянкоў заўважыў, што Панамарэнка пярэчыць супраць перадачы Полацкай вобласьці ў склад РСФСР.

«— Чаму? Вы лічыце Полацак спрадвечна беларускім горадам, — спытаў Сталін, зьвяртаючыся да мяне.

Унутрана, як заўсёды, хвалюючыся, але вонкава спакойна я стаў выкладаць прадуманыя матывы. Я сказаў, што Полацак лічыцца старадаўнім беларускім горадам, хоць гэта можна і аспрэчваць, паколькі Полацак існаваў задоўга да таго часу, калі, у сілу гістарычных прычын, ад аднаго магутнага ствала, што называўся Русьсю, адышлі тры галіны — расейская, украінская і беларуская... Аднак ва ўсе часы гістарычнага існаваньня Беларусі Полацак быў у яе складзе, уключна з 25 гадамі існаваньня Савецкай Беларусі».

Трэба заўважыць, што Панамарэнка дапусьціў памылку: у 1919–1924 гадах Полацак, як і ўся Віцебская губэрня, уваходзіў у склад РСФСР, і менавіта віцебскія камуністычныя кіраўнікі больш за іншых працівіліся перадачы рэгіёна ў 1924 годзе ў склад БССР.

Віленшчыну і Беласточчыну ўжо аддалі. Народ не зразумее перадачы Полаччыны
Orda sketch
Паходжаньне Скарыны з Полацку было адным з аргумэнтаў Панамарэнкі на карысьць правоў беларусаў на гэты горад

Далей, паводле Панамарэнкі, ён згадаў пра вялікага беларускага асьветніка і першадрукара Скарыну, пра тое, што з Полацку паходзяць і многія іншыя культурныя дзеячы Беларусі, вядомыя пісьменьнікі. Але галоўнае, на ягоную думку, нават ня гэта. А тое, якой будзе Беларусь пасьля вайны, падчас якой беларускі народ панёс вялізныя страты:

З успамінаў Панамарэнкі:

«І што ж атрымліваецца: да завяршэньня вайны тэрытарыяльна і па насельніцтве Беларусь скарачаецца за кошт адыходу раёнаў і Полацку да РСФСР. Мне здаецца, гэта ня будзе зразумета народам і многіх пакрыўдзіць. Тым больш што гэта будзе асацыявацца з тым, што на захадзе Беластоцкая вобласьць і частка Белавескай пушчы адыходзяць да Польшчы, а да вайны некаторыя раёны, якія знаходзіліся ў складзе БССР з дня заснаваньня рэспублікі, былі перададзеныя Літве...

Сталін нахмурыўся, надышла гнятлівая паўза, усе маўчалі і чакалі ягонага рашэньня. Нарэшце ён падняўся і сказаў: „Добра, скончым з гэтым пытаньнем. Полацкую вобласьць трэба ўтварыць, але ў складзе Беларусі. Народ добры, і крыўдзіць яго, сапраўды, ня варта“.

Пасьля гэтага загаварылі ўсе, і магло падацца, што па гэтым пытаньні ўсе дакладна так і думалі. Адзін Малянкоў, аўтар гэтай ідэі, быў засмучаны і змрочны, хоць выказаныя Сталіну меркаваньні я выкладаў яму яшчэ больш падрабязна».

maliankou
Даведка:

Георгій Малянкоў (1902–1988) нарадзіўся ў Арэнбургу, у Расеі. Скончыў Маскоўскі тэхнічны ўнівэрсытэт імя Баўмана. Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Сталіна. Пасьля сьмерці Сталіна два гады займаў усьлед за ім пасаду кіраўніка савецкага ўраду. У 1957 годзе разам з Кагановічам, Молатавым і «примкнувшим к ним Шепиловым» зрабіў няўдалую спробу адхіліць Хрушчова ад улады. Быў пазбаўлены ўсіх партыйна-дзяржаўных пасад і выключаны з КПСС.

Што за вобласьць хацелі ўтварыць?
Навошта Малянкову быў патрэбны «расейскі Полацак»

Георгій Малянкоў на той час быў намесьнікам кіраўніка савецкага ўраду, узначальваў Камітэт па аднаўленьні вызваленых раёнаў. Ідэя павялічыць колькасьць абласьцей на заходнім напрамку, відавочна, належала Сталіну, які, мяркуючы па аргумэнтацыі, якую пераказаў Панамарэнка, ужо тады рыхтаваўся да новай вайны і ўлічваў драматычны досьвед 1941 году.

Orda sketch
Вялікія Лукі ў пачатку 20 стагодзьдзя

Малянкоў разам зь іншымі сталінскімі паплечнікамі ўлетку 1944-га працаваў над дэталямі адміністратыўнай рэформы. Праект пастановы ЦК ВКП(б) «Аб утварэньні ў складзе РСФСР Полацкай вобласьці» лёг Сталіну на стол 17 ліпеня 1944-га.

Чаму ўвесь захад Калінінскай вобласьці разам з найбуйнейшым у гэтым рэгіёне горадам Вялікія Лукі прапаноўвалася аб’яднаць з памежнымі беларускімі рэгіёнамі і зрабіць цэнтрам вобласьці Полацак?

Рэгіён Вялікіх Лукаў моцна пацярпеў у вайну. Вялікія Лукі нават называлі «малым Сталінградам» — настолькі зацятыя там былі баі і настолькі вялікія разбурэньні. Відавочна, адказны за аднаўленьне разбуранай гаспадаркі Малянкоў разьлічваў, што далучэньне да абязьлюдзелай і разбуранай расейскай ускраіны параўнальна ацалелых і населеных беларускіх раёнаў дапаможа акрыяць гэтаму рэгіёну. Гэта было лягічна, нават калі глядзець на геаграфічную мапу. Адлегласьць ад Вялікіх Лукаў да Калініна (Цьверы) — 380 кілямэтраў, да Пскова (суседняга абласнога цэнтру) — 270 кілямэтраў, а да беларускага Полацку — усяго 170.

photo

Чаму Сталін стаў на бок Панамарэнкі

Сталін на той момант ужо дакладна ведаў, што БССР пасьля вайны страціць Беласточчыну і частку Белавескай пушчы. 27 ліпеня 1944 году зь ягонай згоды Молатаў падпісаў адпаведнае пагадненьне аб савецка-польскай мяжы з часовым пракамуністычным урадам Польшчы (ПКНВ), які прадстаўляў Эдвард Асубка-Мараўскі. Пасьля гэтага забіраць у БССР яшчэ і Полаччыну выглядала яўным пераборам.

Сталінская ідэя ўтварэньня на стратэгічным заходнім напрамку мноства дробных абласьцей не надоўга перажыла яго самога. 8 студзеня 1954 году Полацкую вобласьць скасавалі. Паступова перасталі быць абласнымі цэнтрамі Маладэчна, Баранавічы, Пінск, Мазыр і Бабруйск. Абласны статус спрыяў ня столькі разьвіцьцю гэтых цэнтраў, колькі неўтаймоўнаму росту бюракратычнага апарату.

Перасталі быць цэнтрам вобласьці і Вялікія Лукі, якія Малянкоў беспасьпяхова спрабаваў далучыць да Полацкай вобласьці. Сёньня тут адзін з найбольш дэпрэсіўных рэгіёнаў захаду Расеі. Пры Пуціну насельніцтва гораду скарацілася на чвэрць.

Калі б Полацак стаў расейскім

Карэнны палачанін, пісьменьнік Уладзімер Арлоў у сваіх «Сучасных мэмуарах» піша:

Arlou
Уладзімер Арлоў

«Бываючы ў родным горадзе, я люблю выпіць за колішняга першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі Панцеляймона Кандратавіча Панамарэнку. Беларуская інтэлігенцыя ня надта шануе гэтага нашчадка кубанскіх казакоў. І сапраўды, нібыта, за што яго шанаваць? Кандратавіч змагаўся зь беларускай мовай, хацеў пасадзіць Янку Купалу зь Якубам Коласам... Цяжка ўявіць нацыянальна сьведамую застоліцу, дзе гучалі б тосты за сьветлую памяць тав. Панамарэнкі.

А вось я, грэшны, гатовы выпіць за яго ня толькі келіх, але і цэлую пляшку. Бо, каб не Панцеляймон Кандратавіч, нашая мяжа з Расеяй праходзіла б цяпер за Ўшачамі й Докшыцамі, а самі яны разам з Браславам, Глыбокім, Расонамі й Полацкам былі б гэтак званымі „исконно русскими“ гарадамі. Аднак у 1944-м тав. Панамарэнка занатурыўся і, скарыстаўшы аўтарытэт нядаўняга галоўнага партызанскага начальніка, ня даў „прырэзаць“ Полацкую вобласьць да Расейскае Фэдэрацыі, хоць адпаведная пастанова ляжала ўжо на стале ў Сталіна.

Дзякуй вам, тав. Панамарэнка, што я пішу цяпер беларускія кнігі, а не камандую расейскім спэцназам у Грозным ці Гудэрмэсе».

photo
Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін маглі б хадзіць у расейскую школу, дзе не было б урокаў беларускай мовы, а ў бібліятэках не было б беларускіх кніг

Напэўна, ня толькі Ўладзімер Арлоў мог так напісаць. Можна толькі здагадвацца, як склаліся б лёсы Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Вінцэся Мудрова і дзясяткаў іншых рупліўцаў беларушчыны, што паходзяць з поўначы Беларусі, калі б у дзяцінстве ў іх не было ўрокаў беларускай мовы і літаратуры, калі б з радыёкропак у іхных хатах не гучаў голас Ільлі Кургана, калі б ні ў бібліятэках, ні ў кнігарнях не было беларускіх кніг... А менавіта так было б, калі б Полацкая вобласьць у 1944-м стала часткай РСФСР.

Пра праект:

Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.