Аляксандар Лукашэнка 18 кастрычніка зноў скрытыкаваў сытуацыю ў школах падчас сустрэчы ў менскай Акадэміі кіраваньня, піша БелТА.
«У школе павінен быць парадак. Узгадайце тыя часы, калі жудасна было ўявіць, што цябе выключаць са школы. А зараз што? Гэтага нават няма. Сёньня настаўнік з вучнем сядзіць нагу за нагу і курыць. І распавядаюць — сорамна нават казаць. Вось у што мы ператвараем школу», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка дадаў, што школа «гэта больш чым царква», і загадаў, каб там быў парадак.
Лукашэнка ня раз крытыкаваў дысцыпліну ў беларускіх школах і заклікаў навесьці парадак. Адказнымі за парадак у школах ён назваў настаўнікаў і кіраўніцтва школ. З апошняга:
- Лукашэнка вярнуў на працу раней звольненую настаўніцу гомельскай школы, якая абражала вучня і замахнулася на яго партай. Звольнілі дырэктарку школы і гомельскіх чыноўнікаў.
- Пасьля разносу Лукашэнкі для ўсіх школьнікаў зрабілі аднолькавае харчаваньне. Таксама кіраўнік Беларусі казаў, што школьнікі павінны «аднолькава добра» апранацца.