Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буда-Кашалёўскі суд адмяніў сваё рашэньне аб высылцы расейца


Уладзімер Траўтэр, архіўнае фота
Уладзімер Траўтэр, архіўнае фота

Суд Буда-Кашалёўскага раёну адмяніў сваё рашэньне ад 20 красавіка аб высылцы на пяць гадоў грамадзяніна Расеі Ўладзімера Траўтэра. «Уладзімер застанецца са сваёй сям’ёй, у сваёй хаце. Мы задаволеныя рашэньнем», — пракамэнтаваў гэта прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.

Ён абараняў інтарэсы расейца ў судзе.

38-гадовага Ўладзімера зьбіраліся выслаць зь Беларусі на 5 гадоў за правапарушэньне — адпаведныя рашэньні прынялі раённы і абласны суд. Расеец жыве ў Беларусі з 1993 году, мае тут сталую працу, сям’ю — жонку і непаўналетняга сына, хворую маці. Сям’я трымае вялікую гаспадарку. За Ўладзімера, калі яму пагражала высылка, заступіліся вяскоўцы, якія сабралі подпісы, і кіраўніцтва гаспадаркі, дзе ён працуе.

Уладзімер 17 гадоў робіць жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы, ягоная жонка — прыбіральніцай у школе.

У лютым яго аштрафавалі і забралі правы — за тое, што кіраваў аўтамабілем з астаткавым алькаголем у крыві. Пасьля гэтага аддзел грамадзянства і міграцыі РАУС пастанавіў выслаць Траўтэра на пяць гадоў. Абскарджаньні ў судах не прынесьлі плёну.

Пракурор Гомельскай вобласьці Віктар Марозаў апратэставаў рашэньне абласнога суду. Ён адзначыў, што суд не ўлічыў інтарэсаў непаўналетняга сына Ўладзімера. Таксама пракурор зазначыў, што Ўладзімер Траўтэр быў пазбаўлены правоў на кіраваньне аўтамабілем. Гэта значыць, лічыць Марозаў, што ён больш ня ўчыніць правапарушэньня — ня будзе кіраваць аўтамабілем у нецьвярозым стане. Менавіта за гэта расейца пакаралі высылкай зь Беларусі.

Пратэст разгледзеў прэзыдыюм абласнога суду і накіраваў справу на новы разгляд у раённы суд.

«Сёньня на суд зноў, як і на мінулыя паседжаньні, прыехалі сваякі і сябры Ўладзімера — так за яго ўсе хваляваліся. Цяпер Уладзімеру вернуць дазвол на жыхарства, які ён меў да рашэньняў аб высылцы», — дадаў Леанід Судаленка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG