Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 15 гадоў турмы. У Менску асудзілі 37 наркагандляроў


©Shutterstock
©Shutterstock

Менскі гарадзкі суд вынес прысуд 37 фігурантам крымінальнай справы аб распаўсюдзе наркотыкаў, паведамляе дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1». Працэс праходзіў у СІЗА №1, бо толькі там на працэс змаглі зьмясьціць столькі падсудных, адвакатаў і сьведкаў.

Справа тычылася груповак пад назвамі «Канцэрн Калашнікаў» і White&Fluffy («Белы і пухнаты»), якія ў 2016–2017 гадах дзейнічалі праз інтэрнэт і даркнэт, выкарыстоўвалі розныя спосабы шыфраваньня і кансьпірацыі. Для прыцягненьня кліентаў наркагандляры ўжывалі акцыі і зьніжкі, разьмяшчалі абвесткі аб наборы на працу з высокім заробкам, а работнікаў інструктавалі наконт сродкаў ананімнасьці.

У час расьсьледаваньня было канфіскавана 7 кг наркотыкаў, арыштавана маёмасьці больш як на 117 тысяч рублёў. Сярод падсудных былі як кур’еры і закладальнікі, так і «аптавікі».

Дваіх фігурантаў справы вызвалілі з-пад варты, некаторыя атрымалі хатнюю «хімію», але «найбольш актыўных удзельнікаў» груповак асудзілі на тэрміны ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі (адзіная жанчына сярод абвінавачаных атрымала 14 гадоў).

Да суду паведамлялася, што малодшаму з абвінавачаных 18 гадоў, старэйшаму — 46, сярэдні ўзрост — 27 гадоў. Восем фігурантаў мелі вышэйшую адукацыю, 15 мелі законныя крыніцы даходу і пастаяннае месца працы. Толькі 11 раней судзімыя.

Рашэньне суду яшчэ не набыла моц і можа быць абскарджанае.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG