Прызнаньне дэзэртыра
У тую беспрацоўную восень я, паддаўшыся на абяцанку нядрэннага заробку і штодзённага разьліку, паехала ад цэнтру занятасьці ў калгас вязаць лён. Завезьлі ажно ў Дрыбінскі раён. Прайшла ўжо палову дзялкі — брыгадзірка крычыць:
«Будзем не вязаць, а падымаць! Грошы за два дні сплачваем!». Ніжэйшыя расцэнкі, амаль бясплатная праца! Я адчула сябе ці то падманутым жаўнерам-наймітам, ці то Бурацінам нейкім.
Тады падумалася — паездка ў грыбы за казённы кошт у чыстую зону на мяккім аўтобусе, неблагая ідэя! У грыбны год відушчыя вочы, спрытныя ногі гарантавалі посьпех у незнаёмым лесе. І восень была такая — хоць бокам каціся!..
Усё-ткі найлепшая бітва тая, што не распачатая.
Тацяна Барысік
***
Пяць рублёў
Год таму краязнаўца Міхась Казлоўскі папрасіў дапамагчы ў складаньні кнігі, прысьвечанай Юльяну Сергіевічу. Нічога ў просьбе і яе выкананьні незвычайнага не было б, калі б, а палове дзясятай раніцы, ідучы з дому, я не знайшоў пяці рублёў. Яны ляжалі на сьцяжыне. Прайсьці і не падняць? Падняў, падумаўшы, што гэта Сергіевіч мне іх падкінуў, каб я аплаціў у Нацыянальнай бібліятэцы ксэраксы яго твораў. Грошай хапіла капейка ў капейку, каб атрымаць білет чытача і аплаціць усе ксэраксы. Пасьля гэтага я стаў яшчэ болей верыць, што памерлыя жывуць сваім жыцьцём і могуць падаць знак, што яны побач.
Віктар Шніп
***
Ураган, Бабай і лазьня
Менск, 1944-ы… Восеньскі ўраган разьюшана грукоча жалезам па даху, вішчыць па завугольлях, хістае за вакном дрэвы…
Цётка Надзея туліць мяне да сябе, а потым пачынае апранаць у нейкую лазьню. І вось тут палохаюся да енку. Бо лазьня ўяўляецца жытлом жахлівага Бабая, які няўмольна сочыць за маімі паводзінамі…
Я ўпіраюся, нават б’юся… Да таго часу цётка заўжды купала мяне ў тазіку, ставіла ў закутку пакойчыка, палівала з глечыка цёплай вадой… А тут — ураган, цемра, таямнічая лазьня, Бабай…
Страх сьцішыўся адразу, як толькі скрозь гарачую вільгаць я ўбачыў мноства аголеных жаночых целаў.
Мо ўпершыню да маёй дзіцячай душы дакранулася сапраўдная прыгажосьць.
Сяргей Ваганаў
***
Весялосьць
Студэнтам, кожную восень езьдзiў у калгасы на ўборку бульбы. Жылi па хатах. За студэнтаў гаспадарам давалі нейкiя працаднi, але ня кожны да iх быў ласы. I запомнілася цётка Дуня з маленькага хутара на Шклоўшчыне. Яна сустрэла брыгадзiра i наш гурт радасна. Кожны дзень, кормячы нас вялiзнай жаронкай, чыгуном бульбы, агуркамі, яна частавала нас i самагонкай, якую, як казала, спэцыяльна гнала дзеля нас у лазьнi.
Разьвiтваючыся, ледзь ня плачучы, казала:
— Я адна на хутары жыву. Як стары пайшоў на неба, так i жыву. Увесь год восені чакаю, калi бульбу зьбіраць пачнуць: студэнтаў паселяць, весялей мне будзе!
Марат Баскiн
***
Неразьменная вуліца
— Памятаеш дзядзю Сярожу? Дык яго забілі.
Я ў колішнім пасёлку Кунцаўшчына-1, ад якога засталося пару вуліц і колькі аўтэнтычных адна-двухпавярховых дамоў на іх. Побач будуюцца шматпавярховікі новага Менску. Мая стрыечная сястра Уля распавядае:
— Сусед з зоны вярнуўся, пачалі яны піць па-чорнаму, і сусед дзядзю Сярожу пырнуў нажом.
Я прабавіў тут на гэтай вуліцы ўсё дзяцінства. Чарговы раз парадаваўся, што саўгас выдзеліў майму дзеду асобны дом з соткамі, а не кватэру з суседзямі. Вуліцы Кунцаўшчыны-1 высяляюць. Дамы зьнясуць.
— Уля, ведаеш ужо, дзе вам кватэру дадуць?
— А вунь бачыш дзевяціпавярховік? Усе дзьве вуліцы туды разам і паселяць.
Севярын Квяткоўскі
***
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org
«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.