Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Скаргу чыталі паўтары гадзіны». Разглядаюць апэляцыю экс-намесьніка кіраўніка Менску


Андрэй Дамарацкі, архіўнае фота
Андрэй Дамарацкі, архіўнае фота


Менскі гарадзкі суд сёньня пачаў разгляд апэляцыйнай скаргі былога намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэя Дамарацкага. Яму далі 12 гадоў пазбаўленьня волі.

У скарзе Андрэй Дамарацкі просіць адмяніць вынесены яму прысуд.

5 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Андрэя Дамарацкага вінаватым у злоўжываньні ўладай і атрыманьні хабару і асудзіў на 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Затрымалі яго ў траўні 2018 году. Яму прад’явілі абвінавачаньні па ч. 3 арт. 430 (Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры), ч. 3 арт. 424 (Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 1 арт. 210 КК (Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі).

Былы чыноўнік катэгарычна адмаўляе сваю віну. Паказаньні ў залі Цэнтральнага суду Дамарацкі даваў пасьля допыту сьведак (іх было каля 60 чалавек). Ён назваў эпізод з атрыманьнем хабару хлусьнёй і заявіў, што пасярэднік, які расказаў пра гэта ў КДБ, падчас вочнай стаўкі нават папрасіў у яго прабачэньня.

На разгляд скаргі ў Менскі гарадзкі суд Андрэя Дамарацкага не даставілі, хоць на гэтым настойваў адвакат Дзьмітры Гарачка.

Чарговае пасяджэньне прызначанае на 25 кастрычніка.

Апэляцыя на 51 старонку

Маці Андрэя Дамарацкага Валянціна сказала карэспандэнту Свабоды, што спадзявалася пабачыць сына ў залі суду. Цяпер яго трымаюць у СІЗА на Валадарскага.

«У судзе выступілі два адвакаты Андрэя, зачыталі ягоную апэляцыю. Гэта 51 старонка. Чыталі яе выбарачна паўтары гадзіны. Андрэй спадзяецца, што знойдуцца людзі, якія прачытаюць тое, што ён напісаў, і дапамогуць. Ён вельмі моцна спадзяецца на гэты суд», — сказала Свабодзе Валянціна Дамарацкая.

Адвакаты просяць апраўдаць Дамарацкага

Паводле адваката, Андрэй Дамарацкі не атрымліваў незаконнага ўзнагароджаньня ад бізнэсоўца Валадзько ў памеры 2,5 тысячы даляраў: ні на сьледзтве, ні ў судзе доказаў прадстаўлена не было, паведамляе Tut.by.

У сваім выступе ў Менскім гарсудзе адвакат спытаўся: як у справе зьявіліся матэрыялы праслухоўваньня бізнэсоўца Валадзько з 2015 году? З гэтых матэрыялаў не вынікае, што бізнэсовец хацеў даць хабар, а Дамарацкі — яго атрымаць. Тады было вырашана зьнішчыць гэтыя матэрыялы праслухоўваньня. Аднак у 2018 годзе яны зьявіліся зноў. Нягледзячы на спробы абароны высьветліць, чаму так адбылося, тады суд у гэтым разьбірацца ня стаў.

Дзьмітры Гарачка заявіў, што суд першай інстанцыі меў абвінаваўчы ўхіл.

«Няма нават паху хабару ў гэтай справе!» — сказаў адвакат. Ён таксама адхіліў абвінавачаньні ў злоўжываньні ўладай і ў незаконным атрыманьні прэміі.

Паводле Гарачкі, на абʼектыўны разгляд справы нэгатыўна паўплывала і тое, што ў суд так і ня выклікалі на допыт як сьведку Андрэя Шорца — былога кіраўніка Менгарвыканкаму.

Абаронцы зьвярнуліся да суду з просьбай апраўдаць Дамарацкага.

Судовая калегія пастанавіла адкласьці разгляд справы да 25 кастрычніка «з улікам выступу адвакатаў і неабходнасьці правядзеньня дадатковай праверкі довадаў па апэляцыйных скаргах».

У чым абвінавацілі былога намесьніка Ладуцькі?

Суд па справе былога чыноўніка Менгарвыканкаму пачаўся 17 красавіка 2019 году. Дамарацкаму прад’явілі абвінавачаньні ў атрыманьні хабару, перавышэньні службовых паўнамоцтваў і крадзяжы шляхам перавышэньня службовых паўнамоцтваў.

Падчас разгляду справы высьветлілася, што за крадзяжом з дапамогай службовых паўнамоцтваў хаваецца атрыманьне прэміі памерам каля 2000 рублёў. А за перавышэньнем службовых паўнамоцтваў — загады падначаленым заключаць дадатковыя пагадненьні з гандлёвымі прадпрыемствамі, што прывяло да значнага завышэньня дасягнутых паказчыкаў і прычыніла бюджэту страты на 3 мільёны рублёў.

Эпізод з атрыманьнем хабару тычыўся пэрыяду 2015–2016 году. На працэсе прысутнічаў толькі пасярэднік, які расказаў, што заяву аб перадачы грошай Дамарацкаму напісаў падчас допытаў у КДБ. Гаворка вялася пра 2500 даляраў у якасьці падзякі за ўзгадненьне працы летняй кавярні.

Пасьля затрыманьня СК арыштаваў маёмасьць Дамарацкага — двухпакаёўку ў Малінаўцы, зарэгістраваны на сястру аўтамабіль KIA, два мабільныя тэлефоны, 216 рублёў наяўнымі і 1501 рубель на банкаўскай картцы. Паводле матэрыялаў сьледзтва, у выніку сваёй злачыннай дзейнасьці Андрэй Дамарацкі атрымаў 3500 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG