Зьезд АГП не падтрымаў вылучэньне Ганны Канапацкай кандыдатам на парлямэнцкія выбары ад партыі. У адказ Канапацкая пакінула яе шэрагі, паведамляе БелаПАН.
Аб'яднаная грамадзянская партыя не высунула Ганну Канапацкую кандыдатам у дэпутаты ад партыі на будучых выбарах у Палату прадстаўнікоў. Такое рашэньне было прынята 29 верасьня на пазачарговым зьезьдзе АГП у Менску.
У якасьці аргумэнтаў супраць яе вылучэньня гучала тое, што Канапацкая падчас працы дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў не падымала з парлямэнцкай трыбуны пытаньне фальсыфікацыі выбараў і правакавала сваімі заявамі канфлікты ўнутры партыі.
Супраць выключэньня Канапацкай выступілі былы і цяперашні лідэры партыі Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў.
У выніку за яе вылучэньне прагаласавала 15 дэлегатаў, супраць — 25, устрымаліся — 15. Усяго на зьездзе было зарэгістравана 59 дэлегатаў.
Пазьней Ганна Канапацкая напісала ў сацыяльных сетках, што прыпыняе сяброўства ў партыі. Яна заявіла, што партыя «сама сабе стварыла праблемы», адмовіўшыся ад супрацоўніцтва зь ёй напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.