Кампанія Apple прэзэнтавала днямі 6 сваіх прадуктаў. Свабода палічыла, колькі ў сярэднім мусіць працаваць беларус, каб зарабіць на новыя прылады.
Спойлер: Магчыма, гэта не пра вас. Мы параўналі цэны на новы айфон зь сярэднімі заробкамі настаўнікаў, лекараў і айцішнікаў. Умоўна прынялі, што на новую тэхніку пойдзе ўсё заробленае.
Сьцісла:
- Сярэднестатыстычны беларус ня зможа набыць з аднаго заробку нават найтаньнейшы з прэзэнтаваных на гэтым тыдні iPhone.
- IT-спэцыяліст зможа набыць з аднаго заробку любы новы гаджэт Apple, настаўнік і лекар — толькі iPad 2019.
Што прэзэнтавалі?
- Сэрвіс гульняў па падпісцы Apple Arcade, ён будзе каштаваць 4,99 даляра на месяц.
- Стрымінгавы сэрвіс Apple TV+, падпіска на яго будзе каштаваць 4,99 даляра на месяц.
- Апэрацыйную сыстэму iPadOS, якую стварылі на падставе мабільнай сыстэмы iOS.
- iPad з экранам 10,2 цалі, стартавы кошт — 329 даляраў.
- 5 пакаленьне гадзіньнікаў Apple Watch, стартавы кошт — 399 даляраў.
- 3 мадэлі iPhone 11, стартавы кошт — 699 даляраў.
iPhone 11 — 2258 паездак на мэтро
Самая танная мадэль новага iPhone 11 — гэта 2258 паездак на мэтро. Калі траціць па 2 жэтоны на дзень, на кошт iPhone 11 вы зможаце езьдзіць пад зямлёй 3 гады.
Мінімальны заробак сёлета — 330 рублёў. Чалавеку з такім заробкам трэба працаваць 135 дзён дзеля iPhone 11. У ліпені беларусы ў сярэднім зарабілі 1129 рублёў, гэта больш за 3/4 iPhone 11.
Супрацоўнікі сфэры адукацыі маюць найменшы сярэдні заробак у параўнаньні зь лекарамі і айцішнікамі — 688 рублёў. Цана «бюджэтнага» iPhone 11 — гэта больш як 2 заробкі настаўнікаў.
Каб набыць адзінаццаты айфон, лекару прыйдзецца працаваць 2 месяцы, айцішніку — 11 дзён.
iPhone 11 Pro — 1272 літры дызпаліва
Зь сёньняшнімі цэнамі замест новага айфона можна набыць 1272 літры дызэльнага паліва ці бэнзіну АІ-95.
Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага «айфона для прафэсіяналаў»?
- Настаўнік — больш за 3 месяцы;
- Лекар — амаль 3 месяцы;
- ІТ-спэцыяліст — 15 дзён.
iPhone 11 Pro Max — запас бульбы на 16 гадоў
З улікам цяперашніх цэнаў, за кошт iPhone 11 Pro Max можна набыць 2,9 тоны бульбы. Паводле спажывецкай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, за год беларус зьядае каля 183 кіляграмаў гэтай гародніны. Адмовіўшыся ад «яблычнага» смартфона, можна забясьпечыць сябе бульбай больш як на 16 гадоў.
Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага «айфона для прафэсіяналаў»?
- Настаўнік — 3,5 месяца;
- Лекар — амаль 3 месяцы;
- ІТ-спэцыяліст — 17 дзён.
Новы iPad — 80 кіляграмаў хлеба
Паводле парталу Myfin.by, кіляграм белага хлеба ў Беларусі каштуе ў сярэднім 2,57 рубля. У сярэднім за год беларус зьядае 80 кіляграмаў хлеба. Такім чынам, цана новага пакаленьня iPad сувымерная запасу хлеба амаль на 3,5 года.
Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага iPad?
- Настаўнік — 1 месяц;
- Лекар — 27 дзён;
- ІТ-спэцыяліст — 3 дні.
Apple Watch Series 5 — 326 кіляграмаў яблык
Паводле Myfin.by, кіляграм яблык абыходзіцца беларусу ў 2,57 рубля. Выходзіць, што замест 5-га пакаленьня «яблычных гадзіньнікаў» можна набыць 326 кіляграмаў яблык.
Хто і колькі будзе працаваць дзеля новага Apple Watch?
- Настаўнік — больш за 1 месяц;
- Лекар — больш за 1 месяц;
- ІТ-спэцыяліст — 6 дзён.
Працаваць прыйдзецца больш
Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу мы зыходзілі з:
- Стартавых цэнаў на 3 новыя мадэлі iPhone11, новы iPad і Apple Watch Series 5.
- Сярэдніх налічаных заробкаў беларусаў на пачатку 2019 году паводле Белстату.
- Паводле Нацбанку, адзін даляр сёлета (у сярэднім з Новага году) каштуе 2,1 рубля.
Такім чынам, працаваць дзеля новай тэхнікі Apple прыйдзецца больш.
Аргумэнт 1. Мы лічылі сярэдні налічаны заробак, зь якога вылічваюць падаткі і іншае — на рукі выходзіць менш. У Беларусі няма афіцыйнай статыстыкі пра наяўныя рэсурсы грамадзян паводле сфэраў дзейнасьці.
Аргумэнт 2. Мы ня ўлічвалі, што чалавек, які хоча набыць iPhone XS Max, будзе:
- набываць сабе нешта іншае, нават ежу;
- аплачваць паслугі;
- несьці любыя іншыя выдаткі.
Аргумэнт 3. Традыцыйна на беларускім рынку айфоны каштуюць даражэй за стартавую цану дэвайса ў ЗША. Напрыклад, у афіцыйным беларускім продажы сярэдняя розьніца ў цэнах супраць амэрыканскіх на мадэлі iPhone 2016–2018 гадоў складала каля 500 даляраў.