Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Несумленна ў нечым нас вінаваціць за тое, што мы пайшлі ў выбарчую кампанію, — актывіст Вінярскі


Максім Вінярскі ў судзе. 3 верасьня 2018 году
Максім Вінярскі ў судзе. 3 верасьня 2018 году

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі тлумачыць, навошта ён пайшоў у гэтую парлямэнцкую кампанію, але пры гэтым не зьбіраецца «гуляцца ў выбары», распавядае, якія людзі сустракаюцца ў пікетах, і заяўляе, што не зьмяніў сваіх прынцыпаў і мэтадаў барацьбы.

Сьцісла

  • Мы адкрыта кажам на сваіх пікетах, што Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку.
  • Калі ёсьць пагроза незалежнасьці, то займацца лямпачкамі і лавачкамі — гэта здраджваць краіне.
  • Мы хадзілі на вуліцы і тады, калі за гэта саджалі.
  • У нашай краіне ёсьць людзі, якія, бачачы тое, што атрымалася з Крымам, радасна могуць рыхтавацца да таго, каб дапамагаць акупантам.

У нас зараз тры мэты. Першая — цалкам зьмена ўлады і адстаўка Аляксандра Лукашэнкі

— Варта адразу пачаць з галоўнага пытаньня, якое, магчыма, многія вам задаюць гэтымі днямі. Вы, такі радыкальны актывіст у сэнсе непрыманьня гэтай улады, — раптам вырашылі ўзяць удзел у гэтай выбарчай кампаніі. Зарэгістравалі сваю ініцыятыўную групу з мэтай стаць кандыдатам у дэпутаты — хоць да гэтага звычайна вы былі за байкот і няўдзел. Што зараз зьмянілася?

— Удзел ці байкот — гэта пытаньне тактыкі, зь якой ты дзейнічаеш. А ня мэты, дзеля якой дзейнічаеш. Як вы слушна адзначылі, я сапраўды прытрымліваюся вельмі жорсткіх (радыкальных, як вы сказалі) поглядаў у адносінах да дыктатуры і асабіста Лукашэнкі. Тут нічога не зьмянілася.

Я, як і раней, лічу, што выбары скрадзеныя і выбараў няма. Пры гэтай уладзе свабодных выбараў адбыцца ня можа. А тое, што мы прымаем удзел у палітычнай кампаніі, — гэта проста адзін са сродкаў, якія мы выкарыстоўваем, каб мець магчымасьць размаўляць зь людзьмі, тлумачыць нашу пазыцыю, гуртаваць нашых прыхільнікаў.

У нас зараз тры мэты, зь якімі мы ідзём. Першая — цалкам зьмена ўлады і адстаўка Аляксандра Лукашэнкі. Другая — нядопуск адкрыцьця АЭС у Астраўцы. І трэцяе — годныя даходы для тых, хто працуе ў Беларусі.

— Умовы для палітычнай дзейнасьці апошнія гады істотна не мяняліся. Але раней вы, маючы тыя ж стратэгічныя мэты, ня бралі ўдзелу ў выбарчых кампаніях. Чаму ўсё ж зараз вы памянялі сваё стаўленьне? Ваша калега па кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Ірына Халіп у сваіх інтэрвію кажа, што зьмянілася шмат чаго, узмацнілася пагроза незалежнасьці Беларусі. Чым вы абгрунтоўваеце свой удзел у гэтай выбарчай кампаніі?

— Пагаджуся з тым, што кажа Ірына. Мы бачым, як па-за сьпінай беларускага народу, хаваючы ад яго інфармацыю, яны падпісваюць чарговыя «дарожныя мапы» па аб’яднаньні. 25 гадоў панаваньня дыктатуры прынесьлі нашай краіне шмат стратаў. Але зараз мы стаім перад пунктам, дзе можам страціць самую краіну.

Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, чэрвень 2019
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, чэрвень 2019

Таму мы змушаныя, выкарыстоўваючы тыя вокны магчымасьцяў, якія зараз адчыняе гэтая кампанія, ісьці да людзей, паказваць, што ёсьць тыя, для каго Беларусь — не пусты гук. У нас на пікетах выкарыстоўваюцца тры сьцягі — сьцяг з Пагоняй, бел-чырвона-белы, і сьцяг Эўразьвязу як сымбаль эўрапейскага выбару і адна са страховак ад магчымага паглынаньня ўсходнім суседам.

Мы кажам, што мы ёсьць — тыя, хто супраць. Мы адкрыта (прынамсі, я) кажам на сваіх пікетах, што Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку. І зараз я магу толькі зьвярнуцца да людзей, каб яны падтрымалі нас, даўшы нам подпісы. Бо ад гэтага залежыць, ці атрымаем мы яшчэ месяц, каб займацца тым самым бяз рызыкі арыштаў і штрафаў.

Але калі, спалохаўшыся гэтай «вакханаліі» (як ён кажа), Лукашэнка наагул закрые гэты выбарны балаган — мы ўсё роўна не перастанем адстойваць незалежнасьць. Будуць іншыя варункі, іншыя дзеяньні, але за свабоду нашай краіны мы будзем змагацца ў любым варыянце. Вы ж ведаеце, што мы хадзілі на вуліцы і тады, калі за гэта саджалі. А цяпер ёсьць варыянт, і мы гэта выкарыстоўваем.

У нашай краіне ёсьць людзі, якія, бачачы тое, што атрымалася з Крымам, радасна могуць рыхтавацца да таго, каб дапамагаць акупантам

— Вы палітычны актывіст зь вялікім стажам і можаце параўноўваць настроі людзей. Якія ў вас уражаньні ад кантактаў зь людзьмі на пікетах? Ці назіраеце вы нейкія зрухі, ці да вас падыходзяць пераважна тыя людзі, якіх і пераконваць ні ў чым ня трэба?

— Людзям цікава, яны падыходзяць, спыняюцца, размаўляюць. Большасьць з тых, хто падыходзіць, у тым ці іншым варыянце падтрымліваюць і пагаджаюцца. Але час ад часу падыходзяць і праціўнікі. Іх ня шмат. Але калі людзі бачаць бел-чырвона-белы сьцяг, падыходзяць і кажуць, што яны нашаму сьцягу і нашай краіне ворагі — то я лічу, што мы такіх людзей павінны ведаць, быць зь імі знаёмымі.

Мы павінны разумець, што ў нашай краіне ёсьць людзі, якія, бачачы тое, што атрымалася з Крымам, радасна могуць рыхтавацца да таго, каб дапамагаць акупантам. Мы павінны разумець і рыхтавацца да таго, што, магчыма, прыйдзецца ім процістаяць.

— Натуральна, вы ня маеце ілюзіяў наконт таго, што вас прапусьцяць у парлямэнт, і выкарыстоўваеце гэтую кампанію для іншых мэтаў. Стратэгічную мэту вы вызначылі — зьмена ўлады. Ці разглядаеце вы гэтую парлямэнцкую кампанію як трэніроўку ці разьведку да больш важнай, прэзыдэнцкай кампаніі?

— Я б сказаў так — прыйшоў час паўставаць дзеля абароны незалежнасьці. Я заклікаю ўсіх людзей, якія пабачаць нашыя сьцягі, падыходзіць, знаёміцца, размаўляць. Разумець, што нам разам трэба шукаць, як бараніць краіну. І мы з усімі будзем размаўляць і працаваць так, як у нас атрымаецца.

— Я ўсё ж вярнуся да ацэнак, якія гучаць на адрас тых людзей, якія прымаюць удзел у гэтай выбарчай кампаніі. Палітоляг Павал Вусаў у папярэднім выпуску «Інтэрвію тыдня» кажа, што тыя, хто ўдзельнічае ў выбарах, — «гэта людзі без пазыцыі, якія зьмяняюць свае прынцыпы ў залежнасьці ад каньюнктуры». Што б вы адказалі на такія папрокі?

— Асабіста Вусаву я адказваць ня буду. Скажу іншае — у час, калі краіне пагражае страта незалежнасьці, займацца лямпачкамі на слупах і фарбаваньнем лавачак — гэта здраджваць сваёй краіне. Тыя, хто падчас гэтай кампаніі робіць выгляд, што гуляецца ў выбары, і тлумачыць, што будзе рабіць, калі стане побач з Ганнай Канапацкай ці Аленай Анісім, — так, гэтыя людзі займаюцца саўдзелам у злачынстве.

Тыя ж, хто кажа, што патрэбная адстаўка дыктатара і зьмена палітычнага ладу — мне падаецца, што яны не разьлічваюць на «пераход на іншы бок». У нечым іх вінаваціць мне падаецца несумленным.

— Вы маеце даволі доўгую гісторыю затрыманьняў, апошні раз вам далі суткі ў красавіку. Цяпер у якасьці патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты вы маеце магчымасьць афіцыйна агітаваць без пагрозы быць затрыманым. Але потым, пасьля гэтай кампаніі — ці зьбіраецеся вы нешта мяняць у сваёй палітычнай дзейнасьці? Нехта можа падумаць, што вы станеце больш асьцярожным...

— Мы жывём у дыктатуры, і як бы ты сабе ні паводзіў, ты не гарантаваны ад таго, што з табой нешта такое не адбудзецца. Не, я не плянаваў мяняць свае асноўныя падыходы ў палітычнай дзейнасьці — хоць недзе нейкія зьмены тактычна магчымыя. Дыктатура зьядае нават тых, хто ёй служыць. Пра астатніх тым больш якая размова?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG