У Гомлі 13 верасьня са школы № 15 звольнена настаўніца пачатковых клясаў. Яна пагражала вучню 4 клясы, што стукне яго партай, брудна лаялася і абражала малалетняга. Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход.
Што адбылося?
Партал «Сильные новости» 13 верасьня апублікаваў відэа, зьнятае ў сярэдняй школе № 15 Гомля. На ім настаўніца крычыць і мацюкаецца падчас уроку расейскай мовы ў 4-й клясе. Таксама бачна, як настаўніца падняла парту і кажа: «Я пайду ў турму, а табе [мацюкі]».
Замяняла іншую настаўніцу
На бацькоўскі сход вечарам 13 верасьня прыехалі намесьнік старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віталь Атаманчук і начальнік абласнога ўпраўленьня адукацыі Сяргей Парошын. Прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі Навабеліцкага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца школа № 15.
На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольнена. Яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену.
«Факты, выкладзеныя ў відэа, якое трапіла ў інтэрнэт, знайшлі сваё пацьверджаньне. Настаўніца пісала тлумачальную, яна ўсьведамляе свае дзеяньні як няправільныя. Мы шкадуем, што так атрымалася», — сказаў на сходзе начальнік упраўленьня адукацыі.
Бацькі, дзеці якіх вучацца ў 2 клясе — дзе выкладала настаўніца, і ў чацьвёртай — дзе адбыўся інцыдэнт, пасьля сходу эмацыйна абмяркоўвалі тое, што здарылася. Бацькі другаклясьнікаў былі на баку настаўніцы.
«Той хлопчык, з чацьвёртай клясы, на якога кідалася настаўніца, — сам справакаваў яе. Бо я быў у той клясе аднойчы — там дзеці матамі размаўляюць. Той хлопчык і клей дзяўчынцы на галаву выліваў, і да настаўніцы гэтай матамі зьвяртаўся. Бацькі павінны лепш выхоўваць сваіх дзяцей, я так лічу», — выказаўся адзін з татаў другаклясьнікаў.
Працавала ў школе 35 гадоў
Настаўніца працавала ў школе 35 гадоў. Ёй хутка на пэнсію. Бацькі, дзеці якіх вучацца ў 2 клясе, шкадуюць, што іх настаўніцу звольнілі.
«У клясу да яе летась набіралі дзяцей, і прасіліся 35 чалавек, усім не хапіла месцаў, многія пакрыўдзіліся. Значыць, яна добры пэдагог, але вось не стрымалася», — сказаў адзін з бацькоў, сын якога вучыцца ў 2 клясе.
Меркаваньні бацькоў чацьвёртаклясьнікаў падзяліліся. Некаторыя шкадавалі, што настаўніцу звольнілі перад пэнсіяй, іншыя — ухвалялі рашэньне аб звальненьні.
«Я прашу і пэдагогаў, і бацькоў — каб паміж імі не было падзелу. Усе павінны быць адзіныя, мець адзіныя погляды на патрабаваньні, этычныя нормы, каб адзінства прыносіла станоўчыя моманты. Дзяцей трэба выхоўваць так, каб не ўзьнікалі такія выпадкі, каб дзеці паводзілі сябе годна — у школе, на вуліцы. Многія бацькі шкадуюць, хочуць, каб настаўніца засталася. Да яе была чарга ў першую клясу — людзі ішлі на яе імя, вопыт, вынікі. Ну, а тое, што атрымалася — ну якія могуць быць апраўданьні? Грамадзкасьць убачыла дзеяньні настаўніцы — дзеяньні, якія не сумяшчальныя з прафэсіяй, этычнымі нормамі», — сказаў Сяргей Парошын.
Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН
Што важна ведаць пра канфлікт вакол «настаўніцы з партай»
З чаго ўсё пачалося
Гомельскае выданьне «Сильные новости» апублікавала 13 верасьня відэа, зьнятае вучнямі мясцовай школы №15: настаўніца замахваецца партай на вучня і абражае яго. У прыватнасьці, настаўніца кажа: «Я ў турму пайду, а табе *** [гамон] будзе».
Настаўніца на відэа — Людміла Чацьвярткова. Яна працавала ў школе 35 гадоў і неўзабаве мела выйсьці на пэнсію. Звычайна яна выкладала ў 2 клясе, у 4 кляс у дзень інцыдэнту трапіла на замену. Сьцьвярджаецца, што яна пасьля здарэньня напісала тлумачальную і прызнавала свае дзеяньні няправільнымі.
Настаўніцу спачатку звольнілі
Вечарам 13 верасьня ў школе прайшоў бацькоўскі сход, на якім былі намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, начальнік упраўленьня адукацыі Сяргей Парошын і іншыя чыноўнікі.
На сходзе Парошын патлумачыў бацькам сытуацыю, папрасіў прабачэньня і абвясьціў, што настаўніца звольненая.
Як адрэагавалі бацькі
Бацька 9-гадовага школьніка, на якога кідалася з партай настаўніца, казаў, што абураны рэакцыяй дарослых, якія вінавацяць яго сына ў інцыдэнце. Ён падкрэсьліў, што ягоны сын ня ставіў настаўніцы падножку: гэта вэрсія карыстальнікаў інтэрнэту.
Адзін з бацькоў вучняў школы №15 расказваў, што Чацьвярткова нібыта парвала вуха ягонаму сыну, калі той вучыўся ў першым клясе, і што рэгулярна прыніжала дзяцей і чыніла гвалт адносна іх.
19 верасьня каля 30 бацькоў выйшлі на стыхійны сход да школы, але на перамовах з чыноўнікамі не дамагліся аднаўленьня яе на працы. Бацькі вырашылі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй за вяртаньне дырэктаркі.
Лукашэнка загадаў вярнуць настаўніцу
18 верасьня стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Чацьвярткову і звольніць дырэктарку школы. Міністра адукацыі Ігара Карпенку папярэдзілі аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, «строга папярэдзілі» прэм’ер-міністра, кіраўніцу Адміністрацыі прэзыдэнта і віцэ-прэм’ера, адказнага за адукацыю.
19 верасьня Лукашэнка публічна выказаўся ў падтрымку настаўніцы: маўляў, на яе месцы «галаву б адкруціў шчанюку». Таксама ён заявіў, што са зьдзекаў з настаўнікаў пачынаюцца трагедыі, як у Стоўпцах. Чыноўнікаў ён раскрытыкаваў за тое, што яны «абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі».
Міліцыя распачала праверку
У сувязі з інцыдэнтам міліцыянты распачалі праверку ў межах адміністрацыйнага заканадаўства, апытвалі ўсіх удзельнікаў канфлікту, у тым ліку сьведак-дзяцей пры ўдзеле бацькоў, а таксама хлопца, на якога настаўніца замахвалася партай, і ягонага бацьку.