Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркантыльнасьць і непрынцыповасьць разбурылі беларускую апазыцыю, — палітоляг


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Палітоляг, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў тлумачыць, чаму ён зацята выступае супраць удзелу апазыцыі ў выбарах, заяўляе, што перавярнуць сытуацыю ў аўтарытарнай краіне можна толькі сілавым варыянтам, і лічыць, што «ўсе зараз хочуць прымерыць чапец Тацяны Караткевіч».

Сьцісла:

  • Удзел у выбарах меў бы сэнс, калі б апазыцыя безумоўна зрабіла выбары нейкім пачаткам сур’ёзнага ўзьдзеяньня на ўладу.
  • Апазыцыя выкарыстоўваецца ўладамі, якія кажуць, што яна ўдзельнічае ў выбарах і ня можа трапіць нават у мясцовыя саветы.
  • Калі ўсе рынуліся ўдзельнічаць у выбарах, ужо няма розьніцы, дзе «Гавары праўду», а дзе «Эўрапейская Беларусь».

Перавярнуць сытуацыю ў аўтарытарнай краіне, якой зьяўляецца Беларусь, магчыма толькі сілавым варыянтам

— Вы ў сваіх артыкулах і пастах у сацыяльных сетках ведзяце «сьвяшчэнную вайну» супраць удзелу апазыцыі ў выбарах, канкрэтна ў гэтай парлямэнцкай кампаніі. Чаму гэта настолькі важна? Чым удзел апазыцыі ў выбарчай кампаніі можа, як вы сьцьвярджаеце, дапамагчы ўладзе?

— Напачатку трэба адзначыць, што ў Беларусі няма выбараў як палітычнага дзеяньня, якое спрыяе свабоднаму і праўдзіваму выказваньню голасу беларускага грамадзтва. Выбары ў сёньняшняй Беларусі — выключна інструмэнт і мэханізм маніпуляцый і фальсыфікацый. У Беларусі нават няма «палавіністых» выбараў, якія ёсьць у аўтарытарнай Расеі, пры дапамозе якіх прадстаўнікі апазыцыі могуць праходзіць у інстытуты ўлады на мясцовым узроўні.

У Беларусі такіх магчымасьцяў няма. Нават на ўзроўні мясцовых выбараў апазыцыі не дазволілі там прысутнічаць, хоць гэта цалкам бяскрыўдны ўзровень для ўлады. Улада зрабіла ўсё, каб выцесьніць беларускую апазыцыю зь беларускага поля, каб не дазволіць ёй быць прысутнай ва ўладзе.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Такім чынам, удзел у такіх працэдурах для апазыцыі ня мае ніякага сэнсу. Яна не становіцца больш папулярнай, ня робіцца ўплывовай, не ўзмацняе свае структуры. Такім чынам, апазыцыі застаецца функцыя дэкарацыі, каб паказаць, што нібыта існуе нейкі працэс. Удзел апазыцыі даказвае, што гэты працэс нібыта рэальны. Гэта называецца легітымізацыя працэдуры. Калі вы ўдзельнічаеце ў падмане — значыць, гэта не такі ўжо і падман.

Апазыцыя цяпер спрабуе (нават тыя, хто ня ўдзельнічаў у папярэдніх выбарах) ісьці на пасіўны ўдзел. Нават разумеючы, што гэта амаральна — удзельнічаць у падмане, які ты ня можаш ні зьмяніць, ні выкарыстаць дзеля сваіх інтарэсаў. Улада выкарыстоўвае гэта для сябе, для ўласнай прапаганды, для гульні на Захадзе — а апазыцыя застаецца фактычна ні з чым.

— Калі б апазыцыя ня ўдзельнічала — чым бы гэта нашкодзіла ўладзе? Чым бы няўдзел апазыцыі ў выбарах радыкальна перавярнуў сытуацыю ў краіне?

— Перавярнуць сытуацыю ў аўтарытарнай краіне, якой зьяўляецца Беларусь, магчыма толькі сілавым варыянтам. Праз пратэсты, праз вулічныя дзеяньні. Іншымі мэтадамі зьмяніць сытуацыю немагчыма. Немагчыма яе зьмяніць праз удзел у выбарах, без пратэставага працягу. Бо заўсёды выбары былі падрыхтоўкай да пратэстаў — як гэта было ў 2006, 2010 годзе ў Беларусі, як гэта было ў Сэрбіі, Украіне. Гэта б мела сэнс, калі б апазыцыя безумоўна зрабіла выбары нейкім пачаткам сур’ёзнага ўзьдзеяньня на ўладу. Але гэтага няма, таму няма адзінага сур’ёзнага, сэнсоўнага аргумэнта за ўдзел у фальсыфікаваных выбарах.

Аднак немагчыма зьмяніць сытуацыю і празь няўдзел у гэтых кампаніях. Бо ў дадзеных умовах, калі апазыцыя ня ўдзельнічае ў выбарах як пасіўны суб’ект, няўдзел нясе толькі маральную карысьць. То бок апазыцыя ня ўдзельнічае ў падмане, яе не выкарыстоўваюць дзеля маніпуляцый і гэтак далей. Гэта таксама магло б узьняць аўтарытэт апазыцыі — пры ўмовах, калі б гэта было кансалідаванай пазыцыяй. Калі б апазыцыя выступіла пры дапамозе ўсіх рэсурсаў і патлумачыла, што мы ня ўдзельнічаем у выбарах, пакуль ня будзе зьменена заканадаўства і ня будзе створана нармальных умоваў для назіраньня, пакуль прадстаўнікі апазыцыі ня будуць уключаныя ў выбарчыя камісіі.

Усе зараз хочуць прымерыць чапец Тацяны Караткевіч

— Даволі часта ад прыхільнікаў няўдзелу гучыць аргумэнт, што апазыцыя можа займацца сваёй палітычнай дзейнасьцю і без удзелу ў выбарах. Але гэта аргумэнт зь нейкай іншай рэальнасьці. Бо толькі ва ўмовах выбарчай кампаніі апазыцыя легальна можа стаяць у пікетах пад бел-чырвона-белым сьцягам (у астатні час гэта альбо не дазволена, альбо за гэта вялікія грошы ці штрафы), друкаваць свае праграмы ў прэсе, выступаць на дзяржаўным тэлебачаньні. Усё гэта магчыма толькі пры варыянце выбарчай кампаніі. Як «нарошчваць папулярнасьць» без удзелу ў палітычных кампаніях, якія, безумоўна, палітызуюць грамадзтва?

— Давайце зададзім пытаньне — што прыносіць стаяньне ў гэтых пікетах? Гэта даволі часты аргумэнт — вось мы стаім у пікетах і папулярызуем апазыцыю. Але апазыцыя стаіць у пікетах ужо 20 гадоў. І якім чынам гэта папулярызуе апазыцыю, як гэта ўплывае на яе аўтарытэт?

Праблема ў тым, што апазыцыя ня ў стане паставіць канкрэтныя мэты падчас выбараў і ня ў стане іх рэалізаваць. Калі б яна рэалізавала хаця б адну мэту — тады можна было б усур’ёз разважаць, што ўдзел мае сэнс. Але праблема ўся ў тым, што на сёньня апазыцыя ня ў стане рэалізаваць ніводную сваю мэту, ані праз удзел, ані празь няўдзел.

— Слухаеш вас, і ўзгадваюцца словы Высоцкага: «Если правда оно ну хотя бы на треть, остаётся одно — только лечь, умереть».

— Застаецца адно — не падманваць людзей, што праз удзел мы там можам нешта зьмяніць. На сёньня ўдзел у выбарах у такім фармаце, у якім гэта ёсьць, — гэта падман людзей. Бо апазыцыя заклікае людзей на галасаваньне, нарошчвае прысутнасьць грамадзянаў на выбарчых участках, дадае дынамікі працэсу фальсыфікацыі. Па-другое, апазыцыя выкарыстоўваецца як інструмэнт гульні ўладаў, якія кажуць, што апазыцыя ўдзельнічае ў выбарах і ня можа трапіць нават у мясцовыя саветы.

— Ну, усе апазыцыянэры прызнаюць, што выбараў няма, і заяўляюць, што ставяць іншыя мэты. Вы кажаце, што апазыцыя ня мае ніякіх посьпехаў на выбарах — хоць з гэтым можна паспрачацца, бо падчас выбарчых кампаній усё ж новыя людзі прыходзяць. Аднак калі казаць пра тыя палітычныя сілы, якія прынцыпова не бяруць удзелу ў выбарах, «займаюцца карпатлівай працай», напрыклад КХП БНФ — у іх ёсьць вялікія посьпехі зь іхняй стратэгіяй няўдзелу?

— Я думаю, што зараз у Беларусі вельмі важна быць сумленным. Як я ўжо казаў, у дадзеных умовах дасягнуць рэальных посьпехаў немагчыма. Але можна заваяваць аўтарытэт, можна заваяваць уплыў, які пазьней можна выкарыстаць як палітычны капітал. Прынамсі, гэтыя людзі ня будуць разглядацца як людзі без пазыцыі, якія зьмяняюць свае прынцыпы ў залежнасьці ад каньюнктуры, ад таго, ці дадуць пад выбары фінансавую падтрымку.

Лідэры "Гавары праўду" Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч з былым амбасадарам Расеі ў Беларусі Міхаілам Бабічам
Лідэры "Гавары праўду" Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч з былым амбасадарам Расеі ў Беларусі Міхаілам Бабічам

На сёньня для Беларусі вельмі важная наяўнасьць прынцыповых, сумленных палітыкаў. Без такіх палітыкаў будучыня дэмакратыі ў Беларусі будзе пад пытаньнем. І менавіта няўдзел у цяперашніх выбарах — гэта фармаваньне палітычнага аўтарытэту тых, хто можа стаць лідэрамі дэмакратычнай Беларусі ў будучыні.

— Магчыма, некаторыя вашыя калегі скажуць, што ваш націск на маральныя аспэкты — не зусім у рамках палітычнага аналізу. І з гэтага, маральнага пункту гледжаньня я задам вам такое пытаньне. На гэтыя выбары вырашылі ісьці ў якасьці кандыдатаў такія людзі, як Ірына Халіп, Вольга Мікалайчык — якія і сядзелі, і штрафы атрымлівалі, і заўсёды вельмі радыкальна нэгатыўна ставіліся да цяперашняй улады. Ці будзеце вы лічыць іх несумленнымі людзьмі — за іхні ўдзел у кампаніі?

— Я ня буду аналізаваць менавіта іх дзеяньні. Няхай яны самі патлумачаць, чаму яны ўдзельнічаюць. На маю думку, гэта мэркантылізм, які нічога добрага не прынясе. Тым больш зараз, калі ўсе рынуліся ўдзельнічаць у выбарах, ужо няма розьніцы, дзе «Гавары праўду», а дзе «Эўрапейская Беларусь».

Мэркантылізм разбурыў апазыцыю, аслабіў яе ўплыў у беларускім грамадзтве. Гэта працяг унутранага разбурэньня асобных апазыцыйных структураў, нават калі яны шчыра вераць, што нешта могуць зрабіць, і на нешта хочуць паўплываць. На маю думку, гэта сур’ёзны пралік і сур’ёзная памылка тых, хто раней ня ўдзельнічаў. Як я кажу, «усе зараз хочуць прымерыць чапец Тацяны Караткевіч».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG