Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі палігон для маскоўскіх выбараў. Што робіць ў Маскве Лідзія Ярмошына


ЛІдзія Ярмошына галасуе ў Беларусі ў 2018 годзе
ЛІдзія Ярмошына галасуе ў Беларусі ў 2018 годзе

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі прысутнічае на выбарах у маскоўскую гарадзкую Думу. Што Лідзія Ярмошына робіць ў Маскве? Піша Ўладзімер Глод.

Сьцісла:

  • Расейскі выбаркам вучыўся ў беларускага, як «фільтраваць» апазыцыйных кандыдатаў.
  • Падставы для адмовы ў рэгістрацыі аднолькавыя што ў Беларусі, што ў Расеі.
  • Улады Беларусі і Расеі каардынуюць свае дзеяньні, апазыцыя — не.

Афіцыйна Лідзію Ярмошыну запрасілі на міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю аб гуманітарным вымярэньні выбарчых працэсаў. Мерапрыемства цягнулася адзін дзень — 6 верасьня. Але старшыня ЦВК затрымалася ў Маскве яшчэ да 9 верасьня. На афіцыйным сайце Цэнтравыбаркаму затрымку патлумачылі так: «Падчас візыту прадстаўнікі ЦВК азнаёмяцца з практыкай правядзеньня выбараў у маскоўскую гарадзкую Думу».

Пабачыць нешта прынцыпова новае і невядомае для сябе ў сталіцы Расеі Лідзія Міхайлаўна не магла. Хто там і чаму яе навучыць? Наадварот, гэта яна можа даць экстра-клясы пра тое, як арганізаваць «самыя чэсныя ў сьвеце выбары».

Гледзячы на Элу Памфілаву — сваю расейскую калегу, супэр-дэмакратку ў часы Ельцына, юрыстка з Бабруйску, мабыць, толькі пасьміхалася: каго ж ты хочаш вучыць? Але няма сумневу, што Ярмошынай было прыемна — масквічы, якія лічаць сябе пупам зямлі, засвоілі менавіта яе школу правядзеньня выбараў. А тое, што Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ не прызнала адпаведнымі дэмакратычным крытэрам ніводную выбарчую кампанію пад кіраўніцтвам Ярмошынай, то расейцам, як і ёй самой, на гэта начхаць.

На маскоўскіх выбарах, выразна праглядалася мэта ўладаў — любымі сродкамі, нават абсурднымі і незаконнымі, адмовіць у рэгістрацыі апазыцыйным кандыдатам.

Вось толькі адзін прыклад. Экспэрты расейскага Міністэрства ўнутраных спраў забракавалі частку подпісаў выбарнікаў на карысьць апазыцыйнай кандыдаткі Любові Собаль. Тая аднесла тыя ж подпісы на незалежную графалягічную экспэртызу. Вынік — незалежныя экспэрты цалкам абверглі сваіх калег з міністэрства.

Чым, вы думаеце, абураецца ў гэтай сытуацыі калега Лідзіі Ярмошынай з расейскага ЦВК Эла Памфілава? Не паверыце, але тым, што незалежныя экспэрты патрацілі на выяўленьне праўды ўсяго двое сутак, а экспэртыза, заяўляе Памфілава, мусіць праводзіцца ня менш двух тыдняў. І гэта пры тым, што экспэрты МУС сваё заключэньне зрабілі ўсяго за чатыры гадзіны. І да іх у спадарыні Памфілавай прэтэнзіяў няма.

Для Масквы такое нахабства пакуль у навінку. Адсюль і масавыя пратэсты, моцная хваля абурэньняў на тапорнасьць чыноўнікаў.

У нас, у Беларусі, такое праходзілі ўжо даўно. Паколькі пачынаў з экспэртызы подпісаў, згадаю гісторыю, якой сам быў сьведкам. Генадзь Шчарбінін, ужо падзабыты палітык-бізнэсовец з Барысава, на першых прэзыдэнцкіх выбарах быў у кіраўніцтве штабу Станіслава Шушкевіча. Пасьля ён спрабаваў вылучыцца сам на парлямэнцкіх выбарах. У рэгістрацыі яму адмовілі. Маўляў, частка подпісаў выбарнікаў выглядае падробленай. Шчарбінін падае скаргу ў Вярхоўны суд. На паседжаньне прыходзяць тыя выбарнікі, у праўдзівасьці подпісаў якіх засумнявалася акруговая выбарчая камісія. Яны заявілі: гэта нашыя подпісы, вось нашыя пашпарты. Судзьдзя заяўляе: трэба, каб подпісы праверылі экспэрты па почырку. Для гэта неабходна два тыдні. А закон дае на вырашэньне спрэчак усяго тры дні. Абсурд? Безумоўна. І вось сьляды гэтага абсурду праз Барысаў і Менск дайшлі да Масквы.

Яшчэ адзін прыклад. Гляджу, каго не зарэгістравалі ў Маскве. Знаёмыя прозьвішчы лідэраў: Сяргей Мітрохін, Дзьмітры Гудкоў, Ільля Яшын... Параўноўваю з апошнімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў у 2016 годзе. Тут — Мікола Статкевіч, Алесь Лагвінец, Мікалай Казлоў...

Што ў іх, што ў нас — падыход агульны: найперш выбіць з працэсу лідэраў. І пры гэтым яшчэ ілжыва заявіць: нават, калі б іх уключылі ў бюлетэні для галасаваньня, шанцаў стаць дэпутатамі ў іх не было б. Дык, чаго ж тады не дапусьціць? Адкуль такі панічны страх уладаў? Думаю, таму, што яны ведаюць сапраўдную сытуацыю і сапраўдную ступень падтрымкі тых, хто ідзе супраць улады. Што супраць пуцінскай, што супраць лукашэнкаўскай.

Як Крэмль вучыцца на менскіх схемах

Пра тое, што Крэмль абкатвае свае палітычныя, у тым ліку, і выбарчыя, тэхналёгіі на беларускім палігоне, напісана ўжо нямала. Маскоўскія выбары гэта яшчэ раз пацьвярджаюць. Агульная схема выглядае так. Выбаркамы ўсіх узроўняў, адзіная функцыя якіх, што ў Беларусі, што ў Расеі, паводле заканадаўства абедзьвюх краін, толькі арганізацыя выбараў, палітызуюць.

Выбаркамы становяцца часткай палітычнай сыстэмы. Іх прымушаюць (пераважна купляюць) працаваць не на законнасьць, а на захаваньне ўлады ў руках тых, хто яе цяпер трымае. Што ў Расеі, што ў Беларусі. Толькі на «нашым палігоне» усё адпрацоўваюць раней.

Таму і атрымліваецца, што дзьве галоўныя прычыны для нерэгістрацыі непажаданых кандыдатаў на маскоўскіх выбарах абсалютна аднолькавыя з беларускімі. Гэта — нібыта несапраўдныя подпісы і няправільнае афармленьне падпісных лістоў. Для маскоўскіх дэмакратаў і іхных прыхільнікаў гэта стала адкрыцьцём. Такая абсурднасьць і нахабнасьць уладаў для іх поўная нечаканасьць. І гэта вельмі дрэнна.

Уладны абмен, якога няма ў апазыцыі

Беларускія і расейскія ўлады дзеляцца сваім досьведам, падказваюць, што і як можна зрабіць, каб застацца пры ўладзе. А вось у іх апанэнтаў — дэмакратаў з дзьвюх краін — такога абмену наагул не існуе. Таму даўно адпрацаваныя на беларускай тэрыторыі выбарчыя тэхналёгіі становяцца для расейскіх дэмакратаў велізарнай нечаканасьцю — як гром зь яснага неба.

І гэта трэба тэрмінова выпраўляць. Інакш з беларускага палігону ў Расею патрапяць і новыя антыдэмакратычныя рэчы. У гэтым можна не сумнявацца.

Зьбіцьцю пратэстоўцаў і жорсткім прысудам дэманстрантам у Маскве папярэднічалі аналягічныя рэчы ў Беларусі. Уседазволенасьці сілавых структураў у Расеі хіба не папярэднічалі аналягічныя працэсы ў Беларусі?! Міт аб нібыта моцнай падтрымцы насельніцтвам Расеі Ўладзімера Пуціна спачатку «абкаталі» на беларускай глебе з вядомым «усенароднаабраным».

Урэшце і заходнім санкцыям адносна пуцінскай Расеі папярэднічалі такія ж санкцыі адносна лукашэнкаўскай Беларусі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG