Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся суд, на які запрашалі прыйсьці Лукашэнку


Дзьмітры Серада, архіўнае фота
Дзьмітры Серада, архіўнае фота

У Заводзкім судзе Менску пачаўся разгляд справы аб кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды лекару-пэдыятру Дзьмітрыю Серадзе і ягонай сям’і ад памылковага ўварваньня супрацоўнікаў міліцыі ў ягоную кватэру.

Адказчыкамі ў гэтым грамадзянскім працэсе выступаюць Міністэрства фінансаў, Міністэрства ўнутраных спраў, Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму і УУС Заводзкага раёну.

Разгляд справы пачалі. Асноўнае паседжаньне прызначылі на 10 верасьня. У суд выклічуць экспэртаў, а таксама лекараў, у якіх лекавалася сям’я пасьля ўварваньня. Агульная сума матэрыяльных прэтэнзій сям’і складае 2200 рублёў.

На пачатку працэсу судзьдзя адхіліла хадайніцтва Дзьмітрыя Серады аб прыпыненьні разгляду справы да заканчэньня дадатковай праверкі, якую праводзіць упраўленьне Сьледчага камітэта па гораду Менску адносна неправамерных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле заяўніка, там «будзе давацца крымінальна-прававая ацэнка дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі». Паводле адваката, у матэрыялах праверкі ёсьць зьвесткі, якія «маюць істотнае значэньне для правільнага вырашэньня справы».

Дагэтуль ні Міністэрства ўнутраных спраў, ні менская міліцыя не прапаноўвала сям’і Серады кампэнсаваць нанесеную шкоду, а таксама не прынесла публічных прабачэньняў.

У судзе прадстаўнік МУС аспрэчыў памер і разьлік нанесенай шкоды, бо пазоўнік, маўляў, не прадставіў доказы, што «мела месца аднаўленьне маёмасьці ў першапачатковым стане» і замена была «эквівалентнай».

Таксама ён аспрэчваў сувязь паміж нанесенымі пашкоджаньнямі і шкодай здароўю.

Прадстаўнік Мінфіна выступіў супраць індэксацыі нанесенай шкоды. Таксама ён спытаўся ці гаворыцца ў заключэньнях мэдэкспэртыз «нешта пра псыхалягічныя траўмы, бо да кампэнсацыі заяўляюцца прэпараты, якія прызначаліся для лекаваньня менавіта посттраўматычных варыянтаў».

«Заключэньні судовых экспэртыз не зьяўляюцца доказам прычыненьня менавіта псыхалягічнай траўмы, а пацьвярджаюць толькі наяўнасьць цялесных пашкоджаньняў», — сказаў ён.

У судзе Дзьмітры Серада зноў падрабязна распавёў пра тое, як супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў кватэру на 9-м паверсе праз бальконныя і ўваходныя дзьверы.

«Я прачнуўся ў жаху, бо падумаў, што адбываецца землятрус. Дзьвярная каробка ходзіць хадуном і ляціць пыл. На кухні ўбачыў дзьве чорныя цені. Яны крычалі: «Ляжаць, мордай у пол, будзем страляць». Дзьверы выбівалі з двух бакоў. Потым зайшоў чалавек і паказаў дакумэнты, але я быў без акуляраў і ня змог нічога прачытаць».

Дзьмітры Серада паверыў, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі толькі тады, калі яго прывезьлі ў Заводзкі РУУС.

Судзьдзя высьвятляла ў прадстаўніка МУС, у чым была неабходнасьць менавіта такой формы затрыманьня Дзьмітрыя Серады. Той патлумачыў, што сыходзячы з характарыстыкі суседзяў Дзьмітры Серада «мог павесьці сябе агрэсіўна». На шэраг пытаньняў судзьдзі прадстаўнік МУС ня змог адказаць.

Маўляў, супрацоўнік унутраных спраў яму казаў, што прад’яўляў праз вочка ўваходных дзьвярэй службовае пасьведчаньне, прасіў адчыніць дзьверы, але Дзьмітры Серада на ўгаворы не рэагаваў.

«Калі ён ня бачыў чалавека, як ён гэта даведаўся?Ён ілжэ», — сказаў на гэта Дзьмітры Серада.

Дзьмітры Серада сказаў, што да ўварваньня ў кватэру супрацоўнікі ўнутраных спраў яго не запрашалі для тлумачэньняў па тых абставінах, па якіх ён пазьней быў памылкова затрыманы.

Паводле адваката, довады прадстаўніка МУС, што дзеяньні супрацоўнікаў унутраных спраў уяўлялі сабой «абгрунтаваную прафэсійную рызыку», беспадстаўныя.

«Мяркую, што не было падставаў урывацца ў жылое памяшканьне», — сказала адвакатка.

Маці Дзьмітрыя Серады запрасіла Лукашэнку ў суд

72-гадовая маці Дзьмітрыя Серады Галіна 11 жніўня напісала адкрыты ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі і запрасіла яго ўзяць удзел у судовым пасяджэньні «як гаранта Канстытуцыйных правоў».

Галіна Серада, на заднім пляне — Дзьмітры Серада
Галіна Серада, на заднім пляне — Дзьмітры Серада

«Нагодай для напісаньня ліста паслужыла тое, што ў ЗША прэзыдэнт не саромеецца адпраўляць сваіх прадстаўнікоў на пасяджэньні суду ў выпадку парушэньня правоў грамадзян сваёй краіны. Чакаем ад Вас падобнай ініцыятывы», — гаворыцца ў лісьце Галіны Серады.

Што адбылося?

Раніцай 4 жніўня 2016 году ў кватэру Дзьмітрыя Серады ўварваліся амапаўцы ў масках, на вачах у жонкі і трохгадовага дзіцяці паклалі Дзьмітрыя тварам у падлогу, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі і, працягваючы зьбіваць у спэцаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводзкага раёну. Падчас уварваньня амапаўцы выбілі ўваходныя дзьверы ў кватэру і шкло ў бальконных дзьвярах у кухні. У пастарунку лекара дапыталі ў якасьці падазраванага ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу). Дзьмітрыя Сераду адпусьцілі з пастарунку на наступны дзень, бо ў сьледчага «адпалі падставы для далейшага ўтрыманьня яго пад вартай».

«Дачка сына заікалася і пісалася»

Галіна Серада піша ў лісьце да Лукашэнкі, што 50 гадоў адпрацавала інжынэрам-канструктарам першай катэгорыі на ААТ «Пеленг», атрымала ад прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства кватэру на дзявятым паверсе ў Заводзкім раёне. На гэтую кватэру 4 жніўня 2016 году «быў зьдзейсьнены напад АМАПа і міліцыі без тлумачэньня прычыны і без прад’яўленьня дакумэнтаў».

«У доме знаходзіліся сын з жонкай і іх дзіця трох гадоў. Сына зьбілі, спалохаўшы дзіця, жонку і суседзяў. Надзеўшы кайданкі, зьвезьлі. Ад нечаканасьці ўсе былі ў шокавым стане, пасьля чаго дачка сына заікалася і пісалася, у сына ад зьбіцьця дыягнаставалі страсеньне мозгу і шматлікія ўшыбы цела. Усе яны праходзілі лекаваньне ў тым ліку ў псыханэўроляга. На другі дзень яго адпусьцілі з турмы за „адсутнасьцю прычын затрыманьня“. За тры гады ніхто не папрасіў прабачэньня і не пакрыў нанесеную шкоду», — піша Галіна Серада ў лісьце да кіраўніка Беларусі.

МУС: гэта «абгрунтаваная прафэсійная рызыка»

22 жніўня прадстаўнік МУС накіраваў у суд свае пярэчаньні, у якіх сьцьвярджае, што заява сям’і Серады аб кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды «не абгрунтаваная і не падлягае задавальненьню».

У дакумэнце гаворыцца, што па факце пранікненьня ў жыльлё крымінальная справа супраць капітана міліцыі Нушчыка была спыненая Генпракуратурай «за адсутнасьцю ў яго дзеяньнях складу злачынства».

Паводле Закону аб органах унутраных спраў ён «мае права на абгрунтаваную прафэсійную рызыку», а нанясеньне шкоды ў гэтым выпадку «не зьяўляецца правапарушэньнем». Паводле прадстаўніка МУС, дзеяньні па затрыманьні Дзьмітрыя Серады рабіліся ва ўмовах «абгрунтаванай прафэсійнай рызыкі».

Таксама прадстаўнік МУС адзначыў, што пазоўнік не прадставіў дакумэнтаў аб памеры выдаткаў на аднаўленьне сапсаванай маёмасьці.

Ці будзе яшчэ адзін суд? За тры гады Серада атрымаў 7 адмоваў

21 жніўня Дзьмітры Серада атрымаў ад Сьледчага камітэту ліст, у якім паведамлялася, што 19 жніўня СК прыняў чарговую пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць амапаўцаў.

Аднак на наступны дзень пасьля гучнага дакладу кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі пра дзейнасьць праваахоўных органаў Беларусі гэтая пастанова Сьледчага камітэту была адмененая «для правядзеньня дадатковай праверкі». Дзьмітры Серада цягам трох гадоў спрабуе абскардзіць дзеяньні амапаўцаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы, але за гэты час атрымаў сем адмоваў ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

Урэшце 23 ліпеня 2019 году суд Партызанскага раёну задаволіў скаргу Дзьмітрыя Серады і адмяніў пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Па рашэньні суду матэрыялы былі накіраваныя на дадатковую праверку, якую цяпер працягнулі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG