Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ў Менск прылятаюць экспэрты БДІПЧ


Ацэначная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ), якая прызнаецца найбольш кваліфікаванай і дасьведчанай у справе правядзеньня выбараў, 26 жніўня прылятае ў Беларусь.

Пра гэта Свабодзе паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

ЦВК прагназуе высокі ўзровень назіральнікаў

«Гэта стандартная працэдура. Місія наведвае краіну, у якой зьбіраюцца праводзіць выбары. Адбываюцца розныя сустрэчы. Пасьля чаго экспэрты вяртаюцца ў Варшаву, дзе месьціцца галоўны офіс БДІПЧ, і дакладаюць там сытуацыю. Паводле іх справаздачы бюро і прымае рашэньне, пасылаць сваіх назіральнікаў на выбары альбо не. Тады ж абмяркоўваецца і колькасьць назіральнікаў: доўгатэрміновых і кароткатэрміновых», — патлумачыла Ярмошына.

Яна выказала меркаваньне, што ўзровень назіральнікаў БДІПЧ на выбарах у Палату прадстаўнікоў будзе высокі. Найхутчэй, іх ачоліць намесьнік кіраўніка Бюро. Сёньня ж міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што Беларусь згодная прыняць назіральнікаў БДІПЧ у любой колькасьці. «Мы не зьбіраемся абмяжоўваць іх колькасьць», — адзначыў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства.

Што адзначаў БДІПЧ на ранейшых выбарах

Яшчэ ніводнага разу БДІПЧ не прызнаў прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў Беларусі (на мясцовыя экспэрты ня езьдзяць) цалкам адпаведнымі дэмакратычным стандартам.

Так, у справаздачы аб папярэдніх (верасень 2016 году) выбарах у Палату прадстаўнікоў назіральнікі Бюро адзначалі, што шэраг даўніх сыстэмных недахопаў ня вырашаны. Заканадаўства абмяжоўвае палітычныя правы і асноўныя свабоды і носіць празьмерна абмежавальны характар.

На выбарах назіралася агульнае павелічэньне колькасьці кандыдатаў, у тым ліку ад апазыцыі, але ў цэлым выбарчая кампанія была мала прыкметная, адзначае БДІПЧ.

Склад выбарчых камісій ня быў плюралістычны, што падрывае ўпэўненасьць у іх незалежнасьці, падкрэсьліваецца ў дакумэнце. У склад камісій уключылі толькі нязначную колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі. Працэсы галасаваньня, падліку галасоў і зьвядзеньня вынікаў «былі азмрочаныя значнай колькасьцю парушэньняў і адсутнасьцю празрыстасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG