За лета машына запылілася да непазнавальнасьці. Пыл, пясок, зямля, скошаная трава, разьліты ліманад, сурвэткі, жуйкі і фанцікі былі горкамі насыпаны тут і там, панэль была шэрай, замест чорнага завадзкога колеру.
На мыйні восем рук адціралі і начышчалі аўтамабіль цэлую гадзіну.
За гэты час я пасьпеў у краме набыць для Данілы блінчык зь яблыкам, каб ён паеў пасьля дзіцячага садка.
«Ого, якая чыстая машына!» — прамаўляе сын, сядае на пярэдняе сядзеньне, прышпільваецца, адкусвае блін, пачынае жаваць і раптам моцна чхае.
На прыборную панэль ляцяць нацёрты яблык, кавалкі бліна і сьліна.
«Цяпер ужо не такая чыстая» — падсумоўвае дзіця.
Сяргей Календа
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org