Цэнтар гораду. Поўдзень. Наперадзе мірна ідуць дзьве маладзенькія дзяўчыны. Раптам спыніліся і сталі даваць адна адной поўхі. Потым учапіліся ў валасы. Зьбянтэжаная ад нечаканасьці, я ўсё ж кінулася іх расчапіць, расьпіхваючы локцямі, бо рукі былі занятыя пакупкамі. Мае заклікі пасаромецца і апомніцца былі марнымі. Дзеўкі азьвярэла білі адна адну праз маю галаву…
На шчасьце, падасьпелі тры хлопцы, верагодна, іх сябры. Расьцягнуўшы агрэсіўных дзяўчат, яны няёмка глядзелі на мяне. Я параіла падарыць іх сяброўкам па кніжачцы Чэхава. Але потым, рушыўшы ў сваю дарогу, падумала, што клясык наўрад ці тут дапаможа… Выпадак занадта запушчаны.
«О, часы! О, норавы!»
Вікторыя Грыніна
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org