Як і папярэджваў Белгідрамэтцэнтар, 8 жніўня ў Беларусь прыйшоў цыклён Xaver. Моцныя дажджы не прынесьлі істотных разбурэньняў, але рух па Менску можа быць праблематычным.
Штармавое папярэджаньне абвешчанае таксама на ноч 9 жніўня на паўночным усходзе Беларусі — чакаецца вецер з парывамі да 15–20 м/с, аранжавы ўзровень небясьпекі. Але надзвычай моцных дажджоў у наступныя дні не абяцаюць, хіба кароткачасовыя.
Ратавальнікам давялося адпампоўваць ваду ў адной з крамаў на вуліцы Ўбарэвіча, адбуксаваць заблякаваную машыну на Васьняцова. Але пацярпелых ад залевы няма.
Летась моцныя залевы былі ў сярэдзіне ліпеня. Некалькі разоў затаплівала менскія пешаходныя вуліцы, якія ў жарт сталі называць «судаходнымі» і патрабаваць разабрацца з растратамі на іх рэканструкцыю і рамонт пасьля яе.
Падтапіла і некаторыя іншыя гарады Беларусі.