Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт Кіргізстану заяўляе, што страляў падчас штурму сваёй рэзыдэнцыі


Алмазьбек Атамбаеў дадаў, што ні ў кога зь яго прыхільнікаў зброі не было
Алмазьбек Атамбаеў дадаў, што ні ў кога зь яго прыхільнікаў зброі не было

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Аламазьбек Атамбаеў заявіў, што падчас штурму яго рэзыдэнцыі, які 7 жніўня ўвечары правялі сілавікі, ён зрабіў некалькі стрэлаў — «угору, пяць-шэсць разоў».

Алмазьбек Атамбаеў узначальваў Кіргізстан з 2011 па 2017 год. Ён стаў першым прэзыдэнтам краіны, які добраахвотна пакінуў пасаду пасьля першага тэрміну, а ня быў зрынуты ў выніку рэвалюцыі.

«Рыкашэт быў ці трапіла, я ня ведаю, спрабаваў ні ў кога з [спэцназу] ня трапіць, але хтосьці іх увесь час падштурхоўваў наперад. Я адразу папярэджваў, што буду супраціўляцца. Адкрыта кажу, каб потым нікому з [маіх прыхільнікаў] гэта ня вешалі», — сказаў ён.

Атамбаеў дадаў, што ні ў кога зь яго прыхільнікаў зброі не было. Атамбаеў таксама ўсклаў адказнасьць за сьмерць байца спэцназу на цяперашняга кіраўніка дзяржавы Саранбая Джээнбекава.

У прэс-службе Міністэрства ўнутраных справаў Кіргізстану заявілі пра пачатак дасудовага расьсьледаваньня па факце сьмерці спэцназаўца і раненьняў іншых прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

«З боку праваахоўных органаў у дачыненьні да грамадзян не ўжывалася агнястрэльная зброя. Зброя ўжывалася з боку дома Алмазьбека Атамбаева», — заявілі ў МУС Кіргізстану.

Усяго, як паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода, у лякарні зьвярнуліся 52 чалавекі, на амбуляторнае лячэньне адправілі 20 чалавек, 11 перавялі ў мэдыцынскія ўстановы сілавых структураў, а стацыянарнае лячэньне атрымліваюць 20.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня Чуйскай вобласьці Самат Курманкулаў застаецца ў коме.

Раней паведамлялася, што прыхільнікі былога прэзыдэнта і супрацоўнікі сілавых структур кідалі адно ў аднаго камянямі.

Увечары 7 жніўня жніўня спэцназ штурмаваў рэзыдэнцыю былога прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева ў сяле Кой-Таш недалёка ад Бішкеку, але апэрацыя скончылася няўдачай.

Паводле апошняй вэрсіі, былому прэзыдэнту ўдалося забарыкадавацца ў адным з пакояў, і спэцназу так і не ўдалося яго захапіць. Разам з тым прыхільнікі Атамбаева павалілі частку плота вакол рэзыдэнцыі і прарваліся ўсярэдзіну. Яны захапілі некалькіх спэцназаўцаў, якія спрабавалі затрымаць прэзыдэнта, адабралі ў іх зброю і зьбілі.

Кіргізскі спэцназ штурмуе дом экс-прэзыдэнта Атамбаева
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:45 0:00

Алмазбэк Атамбаеў выступіў са зваротам. Відэазапіс яго заявы паказалі ў этэры тэлеканалу «Апрель». У прыватнасьці, ён адзначыў, што спроба яго затрыманьня была незаконнай. Атамбаеў заклікаў улады спыніць такія дзеяньні, бо, на яго думку, гэта «дрэнна скончыцца».

Разам з тым прэзыдэнт Саранбай Джээнбекаў заявіў, што Алмазьбек Атамбаеў «груба парушыў Канстытуцыю і законы Кіргізстану, аказваючы жорсткі узброены супраціў правядзеньню сьледчых мерапрыемстваў у рамках закону».

Чаму затрымалі былога прэзыдэнта Кіргізстану?

Трэцяга прэзыдэнта Кіргізстану Алмазьбека Атамбаева затрымалі 8 жніўня ў выніку 2-дзённай спэцапэрацыі. Прыхільнікі былога прэзыдэнта супраціўляліся спэцназаўцам. У выніку сутычак пацярпелі больш 80 чалавек, адзін з байцоў спэцназу загінуў.

  • У 2017 годзе пасьля сыходу Атамбаева ў адстаўку на некалькіх бліжэйшых паплечнікаў Атамбаева былі заведзены крымінальныя справы, у асноўным па абвінавачваньнях у карупцыі. Атамбаеў пасьля гэтага адкрыта перайшоў у апазыцыю да цяперашняй улады.
  • У чэрвені 2019 году Атамбаева пазбавілі недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта. Генпракуратура падазрае яго ў карупцыі і ўжо тройчы выклікала былога прэзыдэнта на допыт у якасьці сьведкі. Але Атамбаеў на допыты не зьяўляўся, лічачы, што яго пазбавілі недатыкальнасьці незаконна.

Што стала зь іншымі прэзыдэнтамі Кіргізстану?

  • Другі прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў уцёк з краіны ў Беларусь падчас пратэстаў 2010 году.
  • Першы прэзыдэнт Аскар Акаеў у 2005 годзе склаў зь сябе паўнамоцтвы ў выніку «цюльпанавай рэвалюцыі». Пры дапамозе спэцслужбаў Акаеву ўдалося выехаць з тэрыторыі Кіргізстану. Каля 14 гадоў ён жыве ў Расеі, займаецца навуковай дзейнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG