Новы амбасадар Латвіі Эйнарс Сяманіс 5 жніўня ўручыў копіі даверчых лістоў намесьніку міністра замежных спраў Беларусі Алегу Краўчанку (кіраўнік МЗС Уладзімер Макей цяпер у адпачынку).
«Беларускі і латвійскі дыпляматы абмеркавалі вынікі нядаўняга візыту міністра замежных спраў Латвіі Эдгарса Рынкевічса ў Беларусь, акцэнтаваўшы ўвагу на неабходнасьці выкананьня дасягнутых падчас візыту дамоўленасьцяў», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы МЗС Беларусі.
Раней Уладзімер Макей па выніках перамоваў з латвійскім калегам паведаміў, што Лукашэнка прыняў запрашэньне наведаць Латвію, засталося толькі ўзгадніць дату візыту.
Эйнарс Сяманіс — для яго Беларусь пятая краіна як для амбасадара
Эйнарсу Сяманісу 61 год. Новы амбасадар у Беларусі вучыўся ў Латвійскім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень магістра філязофіі і сацыялёгіі, а таксама ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, дзе атрымаў навуковую ступень доктара філязофіі. Затым падвышаў свае веды ва ўнівэрсытэце Осла і ў Лёнданскай школе эканомікі і палітычных навук.
Працу ў Міністэрстве замежных спраў ён пачаў яшчэ ў 1993 годзе як кіраўнік аддзелу Амэрыкі і Аўстраліі. Беларусь стане пятай краінай, у якой ён будзе працаваць амбасадарам. Раней былі Кітай (першы амбасадар Латвіі ў гэтай краіне), Фінляндыя, Польшча і Літва (2015–2019 гады).