Жорсткі разгон у Маскве ў мінулую суботу масавай акцыі, удзельнікі якой пратэставалі супраць адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікоў апазыцыі, выклікаў асуджэньне брытанскага МЗС, а Бэрлін заклікаў расейскія ўлады вызваліць усіх затрыманых.
Тым часам, беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак абмяркоўваюць маскоўскія падзеі. Значная частка дыскутантаў выказвае салідарнасьць з удзельнікамі, але некаторыя выказваюць думку, што маскоўскія актывісты, якія выступаюць за дэмакратыю ў Расеі, станоўча ставяцца да анэксіі Крыму і, як і іх апанэнт Пуцін, лічаць беларусаў і расейцаў «адзіным народам».
Маскоўскія пратэстныя акцыі абмяркоўваюць Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Сьцісла:
- Чым больш няўстойлівая пазыцыя Крамля, чым часьцей яму даводзіцца займацца ўнутрыпалітычнымі праблемамі і «разграбаньнем» сытуацыі кшталту цяперашняй маскоўскай, — тым менш у Масквы будуць даходзіць рукі да Беларусі. І для беларускай незалежнасьці гэта — добра. Больш за тое — калі ўявіць, што пратэсты ў Расеі прывялі б да зьмены ўлады, дык тэма анэксіі Беларусі, як спосаб вырашэньня «праблемы 2014», зьнікла б.
- З другога боку, гэтая самая пэрманэнтная няўстойлівасьць унутрыпалітычнай сытуацыі ў кантэксьце выбараў 2014 года можа прымусіць Крэмль для падняцьця рэйтынгу абраць варыянт «маленькай пераможнай гібрыднай вайны», у якой ахвярай будзе Беларусь.
- Анэксія Крыму істотна ўзьняла рэйтынг Уладзімера Пуціна, а вайна ў Сырыі — ніякім чынам на гэта не паўплывала. Паводле кіраўніка расейскага сацыёлягічнага «Левада-цэнтру» Льва Гудкова, яшчэ ў пачатку 90-х значная частка расейцаў станоўча ставілася да ідэі далучэньня Крыму. Пры гэтым Беларусь ў такой якасьці ў адказах жыхароў Расеі не фігуравала.
- Як ня дзіўна, масавыя акцыі апаззыцыі ў Расеі не ўплываюць на пратэстныя настроі грамадзянаў Беларусі, у адрозьненьні ад падзеяў, напрыклад, у Армэніі альбо ва Ўкраіне.