Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскія амапаўцы ў параўнаньні зь беларускімі — анёлкі божыя». Беларуска расказвае, як схадзіла на акцыю пратэсту ў Маскве


27 ліпеня ў сталіцы Расеі ўлады жорстка разагналі несанкцыянаваную акцыю пратэсту супраць парушэньняў на выбарах у Маскоўскую гарадзкую думу. Затрымалі каля 1500 чалавек.

Удзел у акцыі ўзялі тысячы людзей. Па вэрсіі паліцыі — 3500 (700 зь іх журналісты), па вэрсіі саміх удзельнікаў і журналістаў колькасьць пратэстоўцаў даходзіла да 10 тысяч. Прычынай выхаду на вуліцы сталі парушэньні падчас правядзеньня выбараў у Маскоўскую абласную думу (аналяг Менскага савету дэпутатаў). Арганізатараў акцыі — кандыдатаў у дэпутаты Любоў Собаль і Дзьмітрыя Гудкова — затрымалі напярэдадні. У выніку пратэст атрымаўся амаль стыхійным, а дзеяньні ўладаў — брутальнымі. Пратэстоўцаў жорстка разагналі, затрымалі ад 1000 (па вэрсіі паліцыі) да 1500 (па вэрсіі праваабаронцаў) чалавек. Беларуска Ірына Арлова, якая жыве ў Маскве ўжо 12 гадоў, была адной з тых, каму затрыманьня ўдалося пазьбегнуць. Яна расказала Свабодзе, што адбывалася ў Маскве ў суботу і як гэтыя падзеі могуць паўплываць на Расею і Беларусь.

Расея можа быць прыкладам для Беларусі

Нягледзячы на працяглы тэрмін жыцьця ў суседняй краіне, Ірына захоўвае беларускае грамадзянства. Яна нарадзілася ў Менску, вышэйшую адукацыю атрымала ў Маскве, цяпер вучыцца ў Вышэйшай школе эканомікі. 27 ліпеня разам зь сябрамі пайшла пратэставаць у цэнтар гораду.

«Я вучуся ва ўнівэрсытэце, прарэктар якога ідзе ў гарадзкую думу на баку Сабяніна (Сяргей Сабянін — мэр Масквы. — РС), што дыскрэдытуе ВНУ. Гэта вельмі непрыемна для супрацоўнікаў і навучэнцаў, — расказвае дзяўчына. — А па-другое, я ўсё ж ужо доўга жыву ў Маскве, мне важна, што тут адбываецца. І я вельмі добра разумею, да чаго можа прывесьці пасіўнасьць людзей. Мы прыклад гэтага бачым кожны дзень у Беларусі. Вельмі ня хочацца, каб тое ж склалася ў Расеі. Тым больш што Беларусь палітычна залежыць ад Расеі. І калі тут нешта зьменіцца ў лепшы бок, то гэта можа стаць прыкладам для Беларусі. Тады беларусы могуць узьняць галаву і пабачыць, што людзі таксама нешта вырашаюць».

Па словах беларускі, пратэставаць у суботу ў цэнтар Масквы прыйшлі самыя розныя людзі. Сярод удзельнікаў былі ня толькі інтэлігенцыя і моладзь, але таксама і рабочыя ды бізнэсоўцы. Колькасьць удзельнікаў хутчэй расчаравала, чым зьдзівіла.

«Я не зьдзівілася такой колькасьці ўдзельнікаў, людзей магло быць яшчэ больш, — кажа Ірына. — Ня ўсе выйшлі. За тыдзень да 27-га прайшла ўзгодненая з уладамі акцыя на плошчы Сахарава. Там удзельнікаў лічылі з дапамогай рамак мэталашукальнікаў, і іх было 22 тысячы. Для лета, для Масквы, адкуль усе разьяжджаюцца ў такі час, гэта вельмі шмат. Гэта прапарцыянальна нават больш, чым было некалькі на Балотнай плошчы».

«Людзі думалі, што хаця б некага з апазыцыянэраў зарэгіструюць»

Колькасьць затрыманых на суботняй акцыі пратэсту можа стаць для сучаснай Расеі рэкорднай. Нават на нашумелай акцыі апазыцыі на Балотнай плошчы ў траўні 2012 году было затрымана толькі каля 600 чалавек. Для 30 зь іх затрыманьне тады скончылася крымінальнай справай. Пра завядзеньне крымінальных спраў за ўдзел у акцыі ля Маскоўскай абласной думы пакуль невядома.

«Дзеяньні паліцыі для мяне нечаканасьцю ня сталі, — працягвае Ірына. — Я нядаўна хадзіла на акцыю ў падтрымку журналіста Івана Галунова, там прыкладна тое ж адбывалася. Затрыманьні апазыцыйных кандыдатаў таксама ня сталі нечаканасьцю. А вось тое, што іх усіх не зарэгіструюць — гэта так. Мы думалі, што хаця б некага ўлады ўсё ж прапусьцяць, дазволяць удзельнічаць. Таму і людзей столькі выйшла. Да разгону мы рыхтаваліся. На сайце ovd.info можна было знайсьці інфармацыю, як правільна дзейнічаць у выпадку затрыманьняў».

Ірына кажа, што дзеяньні маскоўскай паліцыі і АМАПу вельмі нагадвалі працу на масавых акцыях пратэсту іх беларускіх калег. Праваахоўнікі перакрылі вуліцы на падыходах да месца збору, спрабавалі дзяліць натоўп на сэктары. Атрымлівалася ня вельмі ўдала.

«Мы прыйшлі ў самым пачатку, вуліцы былі перакрытыя, — расказвае Ірына Арлова. — Па Цьвярской, дзе знаходзіцца будынак Маскоўскай гарадзкой думы, было немагчыма прайсьціся. Малыя вулачкі таксама былі перакрытыя. Але людзі пералазілі цераз агароджы, выкарыстоўвалі любую магчымасьць, каб усё ж прайсьці праз кардоны. Паліцыя з АМАПам разьбівалі вялікія групы пратэстоўцаў, але ў іх не заўсёды атрымлівалася. Паліцыя вельмі нязладжана дзейнічала, ім не хапала людзей. Ужо пазьней іх стала больш, паліцыя пачала біць. Але мяне ня гэта зьдзівіла, а тое, што людзі ў адказ сталі ў ланцуг, счапіліся рукамі і пачалі скандаваць лёзунгі, патрабаваць прапусьціць іх да будынка Думы».

Па словах беларускі, людзей затрымлівалі, як правіла, па адным, пасьля чаго зацягвалі ў аўтазак. Сувязь у раёне збору людзей не працавала, не было магчымасьці карэктаваць свае дзеяньні, сачыць за падзеямі ў іншых месцах праз інтэрнэт. Пра маштабы затрыманьняў Ірына даведалася толькі ў мэтро, калі ўжо ехала дадому.

«Пратэсты ў Расеі — гэта зусім ня тое, што ў Беларусі»

«Сёньня ў Маскве ўсе абмяркоўваюць падзеі суботы, — расказвае беларуска. — Ва ўсіх запал, узрушанасьць».

Па словах Ірыны, нягледзячы на ўсё падабенства, паміж акцыямі пратэсту ў Маскве і Менску ёсьць істотная розьніца. Яна датычыць у першую чаргу паводзінаў праваахоўнікаў. Нягледзячы на даволі жорсткую карцінку, расейскія дэманстранты пачуваюцца падчас пратэстаў значна больш бясьпечна, чым беларускія.

«Вельмі шкада тых, хто ў суботу атрымаў сурʼёзныя траўмы, але мне здаецца, што ў цэлым настрой на акцыі пратэсту быў пазытыўным, — гаворыць Ірына. — Салідарнасьць адчувалася, падтрымка. Гэта зусім ня тое, што адбываецца на акцыях пратэсту ў Беларусі. У 2010 годзе, калі разганялі Плошчу, я сачыла за акцыяй пратэсту па трансьляцыі —засталася дома з малым дзіцем. Шмат сяброў тады былі вымушаныя зьехаць з краіны, іх выключылі з унівэрсытэтаў. Калі параўноўваць, то магу скажаць, што расейскі АМАП — гэта анёлкі божыя ў параўнаньні зь беларускім. Беларускія міліцыянты больш замбаваныя, калі можна так скажаць. У Беларусі дзеяньні АМАПу нашмат больш жорсткія, чым у Расеі».

Наступная акцыя пратэсту супраць фальсыфікацый падчас выбараў у Маскоўскую абласную думу можа адбыцца ўжо ў наступную суботу, 3 жніўня. Пра гэта гаварылася падчас мітынгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG