Удзень 25 ліпеня ў ваколіцах станцыі Саўчонкі, дзе пацярпеў аварыю цягнік з цыстэрнамі, пачаўся моцны дождж. Аварыйныя працы працягваюцца. Цыстэрны са звадкаваным газам падымаюць экіпажы МНС і больш за 50 чыгуначнікаў. Да 14 гадзіны 25 ліпеня паставілі на рэйкі толькі 2 цыстэрны.
«Працы ўскладняюцца дажджлівым надвор’ем і тым, што чыгуначная каляіна адна і дастаткова тэхнікі падагнаць немагчыма», — сказаў Свабодзе чыгуначнік, які прасіў не называць ягонага імя.
Супрацоўнікі чыгункі працуюць па чарзе зь перапынкам на гарачую гарбату. Яны расказваюць, што ў выніку аварыі пашкоджана значна больш за 150 мэтраў чыгуначнага палатна, як казалі ў МНС раней. Моцна пашкоджаная і плятформа станцыі.
Пра прычыны аварыі на месцы падзей ніхто ня кажа, толькі паціскаюць плячыма: «Камісія разьбярэцца».
Чыгуначнік, які займаецца рамонтам кабэляў, сказаў Свабодзе, што прычынай сыходу цыстэрнаў з рэек маглі стаць памылкі брыгады рамонтнікаў, якую ўчора выклікалі правяраць каляіны пасьля сыгналу аб непаладцы.
«Ведаю, што раней праходзіў дызэль, лякаматыўная брыгада паведаміла, што адчула штуршок, — расказаў Свабодзе чыгуначнік. — Паслалі рамонтнікаў, і пасьля іх далі дабро на рух. А што яны зрабілі там, незразумела. Можа, чаго не заўважылі ці дрэнна паправілі».
Як кажа суразмоўца, 15 цыстэрнаў маглі сысьці пад адхон таму, што рэйка лопнула ці пагнулася.
Паводле МНС, пашкоджаная была адна цыстэрна. Звадкаваны газ зь яе цяпер перапампоўваюць. Чыгуначнікі, якіх на месца аварыі прывезьлі каля 12 гадзіны дня, кажуць, што спачатку газам пахла нават за 50–100 мэтраў.
Што важна ведаць пра аварыю цягніка пад Віцебскам
- 24 ліпеня на перагоне Ворша — Віцебск каля вёскі Саўчанкі (15 км ад Віцебску) з рэек сышло 15 цыстэрнаў з прапанам. Адна цыстэрна працякла, выцек ліквідавалі да 8-й гадзіны 25 ліпеня. Пацярпелых не было. Чыгуначны рух на ўчастку, дзе адбылося здарэньне, спынілі. Рух пасажырскіх цягнікоў часова арганізавалі па зьмененых маршрутах.
- 15 ліпеня на ўчастку Ворша — Менск з рэек сышло 7 вагонаў таварнага цягніка, пацярпелых не было.