Ну вось і здарылася: забралі кніжкі.
Miscrosoft канчаткова закрывае ў ліпені сваю кнігарню, і ўсе электронныя кніжкі, якія чытачы купілі ці ўзялі пачытаць, зьнікаюць бязь сьледу. Біяграфіі, раманы, дапаможнікі, падручнікі сьціраюцца з экранаў (капіяваньне было забароненае і абароненае). Грошы вяртаюць.
Гадоў дзесяць таму падобнае здарылася на Amazon: самая вялікая ў сьвеце электронная кнігарня адключыла адну кнігу, якую прадавала з парушэньнем аўтарскага права, і ціха вярнула грошы пакупнікам.
Эфэктыўнасьць зьнікненьня e-books ня сьнілася аўтару «451 паводле Фарэнгэйта» і цэнзарам усіх часоў і народаў: Ctrl-A, Delete, і ўсе свабодны, усім дзякуй.
Кніга, якую быў «зьнік» Amazon, называлася «1984».
Трэба купляць кніжныя паліцы.
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org